СЛОВА АБ ВЕЧНЫМ

Ветеран ВС РБ, член Союза писателей Республики Беларусь, майор в отставке Бронислав Ермашкевич

Памяць патрэбна жывым – такую назву атрымала новая кніга Браніслава Ермашкевіча. У гэтай назве заключана не толькі галоўная ідэя новай работы паэта і публіцыста. Гэтымі словамі дакладна фармулюецца яго творчае крэда. …Шлях мастацтва, падобна арбітам нябесных цел, перасякаецца, пераплятаецца з вечнасцю. Вернасць высокім ідэалам, арыентацыя на вечныя каштоўнасці сёння не толькі служаць меркай сапраўднага мастацтва, але і шмат у чым вызначаюць яго стратэгію. Да такіх прыкладаў вечных каштоўнасцяў можна аднесці вынесены ў загаловак кнігі вобраз памяці.

Папярэдняя праца Браніслава Іосіфавіча, кніга “Водсвет далёкіх дзён”, была прымеркавана да 70-годдзя Вялікай Перамогі і прысвечана героям-вызваляльнікам, імёнамі якіх названы вуліцы горада Гродна. Новае выданне працягвае тэму ўвекавечання памяці аб выбітных постацях у назвах вуліц горада над Нёманам. Толькі цяпер разам з героямі Вялікай Айчыннай вайны, вызваляльнікам нашага краю, у полі зроку пісьменніка апынуліся і беларускія літаратары, творчы і жыццёвы шлях якіх так ці інакш перасякаецца з Гродзеншчынай. Навошта ўскладняецца задача публіцыстычнай дылогіі? Адказ можна знайсці ў назве кнігі – “Памяць патрэбна жывым”, якая прысвечана 890-годдзю Гродна. Калі вобраз памяці непасрэдна скіраваны да подзвігу на палях ваенных баталій, то вобраз “жывых”, нашчадкаў, тых, за каго пралiвалi кроў героі-вызваляльнікі, сімвалізуе мірнае жыццё, шчаслiвую будучыню, незалежнасць нашага народа. Мы бачым, як задума літаратара прасоўваецца наперад і пашырае тэматычны дыяпазон творчай працы. Патрэба жывых у памяці пра подзвіг герояў для Браніслава Ермашкевіча – доказ свядомай удзячнасці нашых сучаснікаў за мірнае неба над нашай Радзімай. І так, паводле складальніка кнiгi, без сумневу, павінна быць заўсёды. Мяняюцца эпохі. Прыходзяць на змену адно аднаму пакаленні. Але памяць народа-працаўніка нязменна побач з подзвігам народа-змагара, пераможцы фашызму. Толькі ў гэтым выпадку мае сэнс творчасць, толькі ў гэтым – аснова плённай, мірнай працы чалавека.

Браніслаў Ермашкевіч пераступіў парог свайго васьмідзесяцігоддзя. Узрост вельмі і вельмі шаноўны. І ўсё ж актыўная грамадзянская пазіцыя творцы, ганаровага члена Саюза пісьменнікаў Беларусі не дазваляе яму спачываць на лаўрах. Ветэран узброеных сіл, афіцэр, педагог і грамадскі дзеяч, пашану і важнасць сваёй творчай місіі ён разумее па-свойму.На службе і на працы, у творчасці і ў жыцці быў і застаецца змагаром за гістарычную праўду, старанным рупліўцам за памяць народную. А без яе немагчымы наш працяг, немагчыма памнажэнне слаўных традыцый, не будзе сувязі мінулага і сучаснасці. Таго, за што аддавалі жыццё героі-вызваляльнікі, не будзе.

Практычна ўвесь свой час пісьменнік праводзіць у гарадскіх архівах, у пошуку неабходных дакументаў альбо на кансультацыях з супрацоўнікамі гісторыка-археалагічнага музея, з прадстаўнікамі гарадской і абласной улады, з членамі ветэранскай арганізацыі вобласці. Абавязковым пунктам творчай працы Браніслава Іосіфавіча даўно ўжо сталі шматлікія сустрэчы з ветэранамі вайны. Іх, гэтых носьбітаў гістарычнай праўды, на вялікі жаль, літаральна за апошні год у нашым рэгіёне стала значна менш.

Толькі таму мастацтву варта верыць, якое накіравана ў дзень заўтрашні. Ці нават наогул за межы часу. Літаратура – гэта вельмі складаны свет, дзе ўзаемаадносіны чалавека з чалавекам і з часам падпарадкаваныя не толькі розуму, але і пачуццю. З часоў класічных традыцый літаратуры пачуццё знаходзіцца ў супрацьстаянні з абавязкам, чалавечая натура часцяком уступае ў канфлікт з тым, што сёння прынята называць грамадзянскім сумленнем. У творчасці Браніслава Ермашкевіча такое супрацьстаянне пазбаўлена ўсякіх падстаў. Таму што характар глыбокай, суцэльнай творчай асобы звязвае грамадзянскі абавязак і эмацыйную ацэнку рэчаіснасці ў адно цэлае. Гэтая якасць дапамагае своечасова адгукацца на выклікі часу, прынцыпова аналізаваць тое, што адбываецца ў навакольным свеце.

Мы можам ацэньваць новае выданне з розных пазіцый, нават можам аднесці яго да даведачнай або факультатыўнай літаратуры, да лiтаратуры для пазакласнага чытання. Вынiк працы ад гэтага не стане меншым. Кожны радок – як артэрыя. Кожная старонка нібы такт сэрцабіцця. Кніга абуджае неабыякавсць гарадзенцаў да новага, сучаснага.. Наш горад імкліва развіваецца і пашыраецца. У яго мікрараёнах, што растуць лiтаральна на вачах, з’яўляюцца ўсё новыя вуліцы. У ролі першапраходцы, збіраючыся на вандроўку па іх, як на падарожжа ў дзень заўтрашні, вазьміце з сабой кнігу Памяць патрэбна жывым”. З яе дапамогай вы спасьцігнеце сутнасць руху не толькі ў прасторы горада, але і ў прасторы сваёй уласнай асобы.

Вы даведаецеся імёны людзей, дзякуючы вайсковай доблесці і асабістай мужнасці якіх стала магчымым наша мірнае сёння. І шлях ваш разам з гэтай кнігай і яе героямі паступова ператворыцца ў магiчнае вандраванне па вечнасці. Так кніга вучыць нас памяці – не праз катэгорыі часу і прасторы, а праз атрыбут вечнасці – душу.

Вы адкрыеце для сябе раней невядомыя эпізоды з жыцця народных пісьменнікаў, знаёмых вам яшчэ са школы. Іх творчасць стане вам яшчэ больш блізкая і зразумелая, калі вы выявіце ўласны след на вуліцах з іх імёнамі. Сярод гарадзенскіх новабудоўляў кніга прывядзе вас у цэлы літаратурны квартал. Так яна вучыць нас культурным сувязям на ўзроўні сучаснай архітэктуры і бытавых камунікацый.

Памяць патрэбна жывым” Бранicлава Ермашкевiча – гэта кнiга аб нашай прыналежнасцi да вялiкага праз адчуванне штодзённага. Спалучэнне абавязку i пачуцця, пошуку i бязмежнасцi ў працы над кнiгай надае цэлы шэраг новых здольнасцей яе чытачу. Напрыклад, усведамляць і адчуваць патрэбу ў абароне ўласнага сумлення ад спакус, у абароне гісторыі ад фальшу, падобна абароне свайго дома ад агрэсіі або разбурэння. Кніга метадычна cтымулюе выхаванне патрыятызму ды грамадскай свядомасцi ў маштабах асобна ўзятай персоны. У гэтым яе заслуга. Калі б такой кнігі не існавала, яе трэба было б абавязкова напісаць. I ў гэтым заслуга яе стваральніка.

Дзмiтрый РАДЗІВОНЧЫК

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

*
*
Website