Маладосць на ўсё жыццё. Ірына Ільінічна Енджэеўская паўвека сярод моладзі — як камсамольскі лідар, як педагог, як камандзір студатрадаў і як лідар БРСМ… и член областного совета ветеранов..

 

Яшчэ ў дзяцінстве я чула фразу “Не расстанусь с комсомолом, буду вечно молодым”. Для мяне, чалавека з 90-х, гэтая фраза ўспрымалася як спосаб старэйшых жыць успамінамі пра рамантыку маладосці, каб не заўважаць сваіх сівізну і зморшчынкі. Але сённяшняя мая гераіня пераканала мяне, што гэтая фраза мае для некаторых літаральны сэнс. Ірына Ільінічна Енджэеўская паўвека сярод моладзі — як камсамольскі лідар, як педагог, як камандзір студатрадаў і як лідар БРСМ.

 

Школа дружбы і павагі

Ірына Ільінічна больш за 50 гадоў працуе ў Гродзенскім дзяржаўным каледжы мастацтваў. Яна — педагог па класе фартэпіяна вышэйшай катэгорыі, канцэртмайстар вышэйшай катэгорыі, а пасля вышэйшую катэгорыю атрымала і як выхавальнік, працуючы ў інтэрнаце пры каледжы. Не, без клавіш яна не пражыла і дня. Нават сёння ў выхавальніцкім пакоі стаіць фартэпіяна — часта студэнты просяць дапамагчы разабрацца з нейкім творам. Калі чалавек піяніст — гэта назаўсёды, тлумачыць Ірына Ільінічна.

Але, напэўна, сваю галоўную місію жанчына бачыла і бачыць сёння менавіта ва ўзаемадзеянні з моладдзю па-за сценамі адукацыйнай установы. Усё свядомае жыццё яна была камсамольскім лідарам, а потым і лідарам БРСМ. За работу ў студатрадах мае найвышэйшыя ўзнагароды — ганаровы знак ЦК УЛКСМ і залаты значок ЦК БРСМ.

— Я не магла не быць у камсамоле, — расказвае сваю гісторыю Ірына Ільінічна. — Па-першае, мая сям’я была камсамольска-партыйнай: мама працавала ў ДАІ, а тата быў памочнікам С.І.Прытыцкага, з дзецьмі якога мы сябравалі, гулялі ў адным двары. Па-другое, у нашай школе піянерважатай была разведчыца сувязная партызанскага атрада Людміла Міхайлаўна Вашкевіч. Яна натхняла нас быць актыўнымі. Ды і настаўнікамі ў нас былі камсамольцы, якія прайшлі вайну, шмат нам расказвалі пра маладзёжную дапамогу ў ваенныя гады. У мае школьныя гады выдавалася шмат кніг пра подзвігі камсамольцаў, мы хацелі быць на іх падобнымі.

Так дзяўчына спачатку стала старшынёй савета атрада, а ў камсамоле, калі паступіла ў педагагічнае вучылішча на музычнае аддзяленне, — сакратаром пярвічкі.

— Мы ўсе займаліся спортам, хадзілі ў паходы, спявалі песні пад гітару. Як валанцёры дапамагалі дзецям з дзіцячых дамоў і тым, каму гэта было неабходна. Напрыклад, аднойчы з камсамольцамі поўнасцю адрамантавалі дом бацькам, адзіны сын якіх загінуў у Афганістане. І цяпер мы дапамагаем дзецям, ветэранам, пацыентам цэнтраў рэабілітацыі, прымаем удзел у валанцёрскіх акцыях, у тым ліку з прадстаўнікамі грамадскай арганізацыі “Чырвоны Крыж”, добраўпарадкоўваем помнікі загінуўшым воінам і інш.

Для нас камсамол быў школай дружбы, узаемапавагі, узаемападтрымкі, узаемавыручкі. Галоўнае, чаму нас навучылі настаўнікі — любіць і паважаць адно аднаго, даражыць сябрамі. Ніхто з нас ніколі не мог падвесці сябра. І нас навучылі любіць сваю Радзіму і пры неабходнасці рабіць усё, што ў нашых сілах, на яе карысць.

З моладдзю ў будатрадах Ірына Ільінічна як камандзір зводнага атрада працавала 30 гадоў — з 1986 па 2016 год. Пачынала на Гродзеншчыне, у вёсцы Каробчыцы, дзе яны палолі буракі. Па выніках работы занялі першае месца ў вобласці, і ў якасці ўзнагароды ім прапанавалі паехаць у Стаўрапольскі край у складзе зводнага атрада на ўборку памідораў, баклажанаў, перцаў.

Пасля Ірыне Ільінічне і яе падапечным давяралі больш значныя задачы, вялікія будоўлі. У Стаўрапаль, Краснадарскі край, Астрахань і, канечне, у межах Беларусі — яна вазіла па 300—500 студэнтаў вобласці, якія, дарэчы, вытрымлівалі вялікія конкурсы — па некалькі чалавек на месца.

Не толькі працай жыве чалавек…

Пра тое, як працавала Ірына Ільінічна і яе студатрадаўцы, гаворыць мноства іх перамог на конкурсах на лепшы студатрад — спачатку ўсесаюзных, а потым рэспубліканскіх. Ужо ў БРСМ Ірына Ільінічна шмат разоў станавілася лепшым камандзірам зводнага атрада “Беларусь”, а ён у сваю чаргу — лепшым атрадам у краіне.
Але ж студатрады — гэта не толькі праца. Добра папрацаваўшы, вечарамі яны адпачывалі, ладзілі экскурсіі падчас паездак на Каўказ, на Чорнае мора, на Азоўскае. І сёння яе студэнты гавораць, што, каб не студатрады, яны б тады не ўбачылі ні гор, ні мора, ні распасцёртых да гарызонта пасадак абрыкосаў…

— Памятаю, былі на Данбаі, — расказвае педагог. — На вяршыні — снег, а ля падножжа гары цвіце лаванда. Мы падымаемся ў горы — адкрываюцца такія краявіды! Такі водар стаіць! І раптам (як там заўсёды бывае) бліскае маланка. А мы ўсім атрадам па фунікулёры падымаемся наверх, ужо на трэцяй кропцы. Фунікулёр рэзка спынілі — ім нельга карыстацца падчас навальніцы. Кабінкі калыша ветрам, страшна. І дзяўчаты, каб не крычаць ад жаху, заспявалі. Менавіта нашы, беларускія песні: “Касіў Ясь канюшыну” і іншыя. А ўнізе столькі людзей сабралася. Пасля навальніцы ўсе яны, сустракаючы нас на зямлі, апладзіравалі.

Рэдкі вечар быў несвяточным. Маладыя камсамольцы святкавалі ўсе святы, толькі на свой лад. А калі святы не прыпадалі — прыдумвалі іх самі: 8 сакажніўня, 23 люціпеня, Новы год, жартоўныя і сутачныя вяселлі, разнастайныя міс і містар лагера і безліч іншых. Заўсёды вельмі цеснай была дружба з усімі савецкімі краінамі, але асабліва з Расіяй. Ладзілі сумесныя патрыятычныя акцыі, прабегі, святы, вечары агульнай гісторыі, у гарадскіх парках праводзілі канцэрты…

— Асабліва часта мы ладзілі музычныя канцэрты — сярод нас жа было шмат музыкантаў, — расказвае Ірына Ільінічна. — У Астрахані з намі былі азербайджанцы — удзельнікі вядомай каманды КВЗ “Хлопцы з Баку”, якія таксама добра музіцыравалі. Усім інструментаў не хапала, асабліва ўдарных. І мы іх знайшлі выпадкова. Дырэктар саўгаса павёз нас на цеплаходзе па Волзе паказаць палі лотасу. Сарваная кветка лотасу вяне ўжо праз паўгадзіны, але, калі ападаюць пялёсткі, застаецца гарлачык з насеннем унутры. Падсушаныя, яны сталі для нас маракасамі: сухое насенне, удараючыся, давала неабходны гук. У мяне і сёння такі “маракас” захаваўся дома.
Многія камсамольцы памятаюць занальныя фестывалі будатрадаў з усяго Саюза “Музычныя скрыжаванні”. Яны заўсёды былі ў Стаўрапалі ці ў Краснадары і збіралі па 1,5—3 тысячы чалавек. А яшчэ многія памятаюць іх вядучага — Аляксандра Енджэеўскага, сына нашай гераіні. Ён з 9 гадоў ездзіў з мамай у будатрады, потым шмат гадоў быў камісарам атрада, у тым ліку і зводнага. А фестывалі рэжысіраваў пасля заканчэння факультэта рэжысуры каледжа мастацтваў і тэатральна-мастацкай акадэміі. Сёння ён — акцёр Гродзенскага абласнога тэатра лялек, вядучы майстар сцэны і вядучы на многіх мерапрыемствах горада, у тым ліку і арганізаваных моладдзю.

— Гэта былі незабыўныя дні інтэрнацыянальнай дружбы. І нават калі Саюз распаўся, гэтая дружба працягвалася. Здаралася, з часам яна перарастала ў каханне. За 30 гадоў працы ў студатрадах мы згулялі 25 інтэрнацыянальных вяселляў сярод камсамольцаў — студэнтаў УВА — БДУ, педагагічнага і медыцынскага, аграрнага ўніверсітэтаў. Нават мая родная пляменніца выйшла замуж у Стаўрапалі. Што цікава, ніводны шлюб не распаўся, бо яны былі створаны ў атмасферы дружбы, узаемапавагі. І цудоўна, што цяпер БРСМ працягвае гэтыя традыцыі — ладзіць вялікія злёты. Сёння яны праходзяць на Растове-на-Доне, на мяжы Беларусі, Расіі, Латвіі і інш. Ды ўвогуле, БРСМ падхапіў усё самае лепшае ад камсамола і стараецца адысці ад камсамольскага фармалізму і бюракратызму. Саюз моладзі імкнецца не губляць духу патрыятызму, прывіваць любоў да сваёй краіны. Менавіта на гэта накіраваны ўсе яго мерапрыемствы: фестывалі студатрадаў, “Уладар сяла”, конкурсы маладых сем’яў, лепшых па прафесіі, турзлёты, спартыўныя спаборніцтвыі і інш.

Але ўсё ж мая суразмоўніца заўважае адрозненне паміж камсамольцамі і членамі БРСМ. Нават, кажа, любоў да Радзімы ў іх розная:

— У нас была безаглядная вера ў тое, што ўсё, што мы робім, — правільна. У нас не было імкнення вылучыцца, мы стараліся быць разам. Сённяшняя ж моладзь стала больш меркантыльнай. Для яе галоўнае — знайсці свой уласны шлях у жыцці, у прафесіі, і часта ён пралягае далёка за межамі нашай краіны. Так, на гэта ўплывае і само жыццё. І таму не асуджаю сваіх студэнтаў-музыкантаў, якія заключаюць кантракты і працуюць па ўсім свеце. Але ўсё ж душа больш горнецца да тых, хто пратоптвае сваю сцежку на Радзіме, і заўсёды рада і гатова падтрымаць тых, хто вяртаецца дадому пасля доўгага блукання.

А яшчэ яна бачыць у моладзі розных эпох рознае стаўленне да ўласнага жыцця:

— Мы, камсамольцы, самі рабілі сваё жыццё цікавым, а БРСМ старанна далучае моладзь да сваіх мерапрыемстваў. Але і гэтаму ёсць тлумачэнне: у нашай гісторыі быў перыяд, калі моладзь увогуле знікла з поля зроку, выпала з жыцця. І таму часам гэтая стараннасць — далучыць моладзь да справы — празмерная. Але дух моладзі, мне падаецца, нарэшце прачынаецца. Магчыма і таму, што мы, былыя камсамольцы, расказваем пра свае “зорныя паходы” на лыжах, пра спаборніцтвы, сустрэчы і маладыя людзі адчуваюць, што самі такую магчымасць могуць упусціць.

Сярэдне-пажылая хуліганка

Пра тое, колькі значыць Ірына Ільінічна для сваіх выпускнікоў, можна меркаваць па тым, як часта яны ёй тэлефануюць і прыязджаюць. А ў інтэрнаце і ў яе дома рэдка не бывае гасцей. Штогод 7 верасня, у дзень яе нараджэння, дык увогуле дзень адкрытых дзвярэй. У гэты дзень не толькі ў Ірыны Ільінічны, але і ў яе суседзяў свята. Гэта ж музыканты. А якое свята без песень і музыкі? Усе суседзі збягаюцца ў двор, да вокан, паслухаюць канцэрт яе выпускнікоў.

— Я вельмі шчаслівы чалавек. Гэта цудоўна, калі цябе выгадавалі ў атмасферы дружбы, павагі да людзей і калі ўдаецца гэта ж перадаваць студэнтам. Здорава быць заўсёды з маладымі, бо мне няма калі старэць. Хоць і мае 80 гадоў не за гарамі, я так і застаюся сярэдне-пажылой хуліганкай. Я займаюся любімай справай — іграю з дзіцячага садка і дагэтуль, вучу гэтаму сваіх студэнтаў і вучуся ў іх. Мне падабаецца вучыцца, я яшчэ паступіла б куды-небудзь, калі б можна было.

— Ірына Ільінічна вучыцца заўсёды, таму ўсе выхаваўчыя падзеі ў нашым інтэрнаце, я сказала б, занадта сучасныя, — расказвае пра сваю калегу Аксана Генрыхаўна Жураўская, намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Гродзенскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў. — Яна працуе з саветам інтэрната, адточвае ў навучэнцах арганізатарскую жылку, для чаго і стварыла “Школу лідара”. Нягледзячы на свой паважаны ўзрост, яна маладая, гаворыць з моладдзю на адной мове. Па сваёй прыродзе яна там, дзе нешта цікавае і новае. Таму ў яе кабінеце ніколі не бывае пуста — заўсёды моладзь збіраецца: то абмяркоўваюць навіны творчага жыцця ў горадзе, то маладзёжныя ідэі. Людзі з камсамольскім мінулым маюць тыя якасці, якія не губляюць сваёй актуальнасці з часам. І галоўныя з іх — неверагодная адказнасць, імкненне да ўласнага развіцця, запал, які не гасне і якім гатовы заразіць сучасную моладзь.

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота з асабістага архіва І.І.ЕНДЖЭЕЎСКАЙ і архіва БРСМ.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

*
*
Website