Малалетнія вязні. І памятаць балюча, і забыць нельга… 75-летие освобождения Беларуси .

Астраўцы (вёска ў Бакштаўскім сельсавеце) сустрэлі нас сонцам. І хоць вецер быў халодным, аднак промні лашчылі зямлю, маленькія зялёныя пупышкі на лісцявых дрэвах. Наўкол вясна зусім незразумелая: ці то ранняя, ці то позняя. Холад і цяпло перамяжоўваюцца амаль штодня. Аднак вёска ажывае, грабе сухую траву, ускопвае гароды і кветнікі… На чыстым падворку дома, над якім узводзіцца грунтоўны дах, нас сустрэла сталая жанчына: ветлівая, жвавая, гаваркая, ад якой, здаецца, струменіць само жыццё. Ну, як тут не здзівіцца і як бы не ўрачы — Галіне Кірылаўне Чэрнік летась у жніўні споўніцца 90 гадоў.

Прайшлі ў хату, дзе жыве яна сярод такіх звыклых, такіх даўніх сяброў-рэчаў, што знаходзяцца на сваіх месцах даўным-даўно і расказваюць пра розныя перыяды яе жыцця. Пра ўсе перыяды. Акрамя аднаго — самага цяжкага, балючага, незабыўнага. Няма такіх рэчаў у хаце. Калі пачалася вайна, ёй было каля 12 гадоў. Вёска амаль у Налібоцкай пушчы, канешне ж, была партызанскай. Заходзілі народныя мсціўцы, дапамагалі ім бацькі, чым маглі. Знайшоўся «добры чалавек — данёс акупантам, што ходзяць да іх партызаны. У Германію на работы тады моладзь пасылалі. А іх усёй сям’ёй пагналі: бацьку, маці, чацвёра дзяцей. Старэйшаму брату 14 гадоў, Галіне амаль 12, яшчэ аднаму брату 10 і самай маленькай — 5. Спачатку такіх жа, як і яны, звезлі ў Ліду ў гета. Там яны дачакаліся астатніх, каго потым загрузілі ў таварныя вагоны, калёсы якіх выстуквалі доўгімі днямі і начамі маркотную мелодыю, пад якую на руках маці і проста на падлозе засыналі галодныя маленькія небаракі, якім наканавана было стаць вязнямі… У Нямеччыне іх прывезлі ў канцлагер. Бацькі і старэйшы брат хадзілі штодня на працы, дзеці заставаліся ў бараках, раз-пораз іх забіралі, каб узяць донарскую кроў. Яе было патрэбна шмат для салдат вермахта, якіх білі тады па ўсім свеце, як агрэсараў і захопнікаў. Знясіленых дзетак прыводзілі і прыносілі назад, аднак спецыяльнага харчавання для вяртання жыццёвых сіл ніхто, канешне ж, не даваў. Гэта вельмі цяжка, калі дзіця хоча есці. А бручка, кавалачкі якой плавалі ў вадкасці, якую называлі супам, не змяншала голаду. — Хоць жыжачку піце, дзеткі, — казала маці. — Трэба ж нечым жыць. Ды і гэта было яшчэ нішто. Самае страшнае здаралася, калі выбіралі людзей у бараках для лазні. Толькі спачатку, толькі першыя пайшлі туды з задавальненнем. Астатнія памяталі, як першыя больш ніколі не вярнуліся. Таму перад лазняй развітваліся з роднымі назаўжды. «Памылі» зверы ў чалавечым абліччы і іх бацьку… Стала яшчэ цяжэй. Выратаванне прыйшло нечаканае і нязвыклае. Аддалі іх нямецкай сям’і. Там працавалі ўсе ў сілу сваіх магчымасцей. Былі тыя ж надпісы «ОSТ» на вопратцы на грудзях і спіне. Аднак гаспадары аказаліся людзьмі. Іх значна лепш, чым у лагеры, пачалі карміць: пяць разоў у дзень. І дзеці крыху ажылі. А гаспадыня, якая не мела сваіх дзяцей, вельмі ўпадабала падлетка Галю. Навучыла яе хлеб і булкі пячы (Галіна Кірылаўна тым рэцэптам усё жыццё карысталася). Яшчэ, калі надыходзіў час шаткаваць капусту, фраў вяла дзяўчынку ў лазню, чыста мыла, чыста прыбірала, абувала на ногі ёй, як кажа мая суразмоўца, спецыяльныя гальцугі, і Галя таптала будучую квашаную капусту… Потым немка будзе прасіць у маці пакінуць Галю ёй, як дачку, будзе плакаць, праводзячы беларускую сям’ю ў далёкую дарогу вяртання, купіць беларускай дзяўчынцы вопратку, стужкі для косаў, дасць свой фотаздымак… Што ж, вайна таксама мела свае метамарфозы. Але гэта будзе потым, у далёкім 1945-м. А да таго йшло жыццё. Хоць і крыху лягчэйшае, чым у канцлагеры, аднак ўсё ж няволя. За сцяной пакоя начамі горка плакала маладая сваячка гаспадыні — муж яе загінуў на фронце ў Беларусі. І старэйшы брат ціха гаварыў: «Так табе і трэба. Хоць бы вы там усе не вярнуліся, паўміралі». А маці, мудрая вясковая жанчына, казала: «Не трэба, сынку, так казаць. Ёй жа так горка, як і нам было, калі тату забілі. Гэта ж вайна. І простыя людзі, што нашы, што іхнія, не вінаваты». …Па вуліцы ехалі матацыклы і не бачаныя раней аўтамабілі. Салдаты, якія сядзелі ў іх, убачыўшы малых з надпісамі «ОSТ», пачалі кідаць шакалад і яшчэ пячэнне ў паперках. Дзеці кінуліся расказваць маці, якія добрыя бываюць салдаты. А маці плакала і казала: «Гэта амерыканцы. Вайна скончылася». Усім жадаючым прапаноўвалі паехаць у Злучаныя Штаты Амерыкі. Маці адмовілася. Адно — хацелася дамоў, другое — што было рабіць з чатырма дзецьмі ў невядомай краіне за акіянам? Ехалі дамоў і спявалі дзеці песню: «А як немцы захацелі ў нашым Мінску векаваць. А мы іхняе хаценне палажылі ў зямлю спаць… Наогул, частушкі ў Галіны Кірылаўны самі па сабе з’яўляюцца на любую тэму. І тады спявала, калі цяжка працавалі пасля вайны. Маці вучыцца не пусціла. Не было за што. Як кажа мая суразмоўца, служылі па людзях у чужых вёсках: дзяцей нянчылі, гаспадарку дапамалі даглядаць, дровы секлі, нарыхтоўвалі іх… Не бачылі дзяцінства, не бачылі і маладосці… Да гэтае пары памятае верш — «дражнілку», які вывучыла пры дапамозе дзяўчат-падлеткаў немак, каб дражніць маладога трубачыста, да якога заляцаліся юныя немкі, калі той чысціў камін. Пра замужжа дзяўчаты і не марылі. Пасагу не мелі ніякага. І нявестаў хапала. Не хапала жаніхоў, як заўжды і бывае пасля вайны. Да ўсё ж каханне заўважыла хоць і бедную, аднак прыгожую, працавітую пявунню.

У 1952 годзе выйшла яна замуж у Перуч за калгаснага трактарыста Івана Сяргеевіча Чэрніка. Дом пабудавалі, у якім Галіна Кірылаўна і зараз (мужа даўно ужо няма ў жывых) жыве, дачушак дваіх нарадзілі і выхавалі. Старэйшая Валянціна жыла ў Жлобіне, яна заўчасна пайшла ад хваробы з жыцця; малодшая Надзея — жыхарка горада Рыгі. Да маці прыязджае не часта. Яшчэ працуе ў Латвіі настаўніцай. Але вось гэтымі днямі была госцей пушчанскай вёскі, неспадзяванай радасцю для сваёй немаладой маці. Часты госць у бабулі ўнук Уладзімір з Мінска (усіх унукаў у Галіны Кірылаўны чацвёра і 6 праўнукаў). Ён і стары небяспечны клён спілаваў, і дах вось мяняе, таму што аднойчы прачнулася гаспадыня ад таго, што на твар дождж капаў. А зараз набывае радавое гняздо Чэрнікаў больш сучасны і ўтульны выгляд. …Пра вайну ўспамінае заўжды са слязьмі. Расказвае, як некалі паехалі з мужам на экскурсію ад калгаса ў музей Вялікай Айчыннай вайны і ў Хатынь. Яна тады так сплакалася, што Іван Сяргеевіч сказаў: «Усё. Больш не паедзеш сэрца і душу рваць». Ды яны самі па сабе ад успамінаў рвуцца. Мне вельмі спадабалася гутарыць з гэтай жанчынай. У ёй столькі аптымізму, столькі жыццёвай энергіі. Яны з сяброўкай (таксама ў жніўні стане 90-гадовай) ужо зараз плануюць, дзе і як разам адзначаць свае юбілеі, каго клікаць у госці будуць… Гэта цудоўна. Так адносіцца да жыцця, напэўна, могуць толькі тыя, хто зразумеў аднойчы, што жыццё — найкаштоўнейшая каштоўнасць кожнага чалавека. Хай і надалей яно не расчаруе гэтую добрую, слаўную жанчыну. Няхай лёгка будзе яе сэрцу, цёпла і ўтульна душы. І няхай не так моцна баляць успаміны… В. ГУЛІДАВА. Фота С. ЗЯНКЕВІЧА.

Читать полностью: http://ivyenews.by/novosti/my-pomnim/item/5207-malaletniya-vyazni-i-pamyatats-balyucha-i-zabyts-nelga.html
При любом использовании материалов активная гиперссылка на ivyenews.by обязательна!

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

*
*
Website