Віктар Панчанкаў і атрад “Кастрычніцкі”

 

Наступны 2021 год будзе годам, калі беларускі народ і народы былога Савецкага Саюза будуць успамінаць сумную дату – 80 гадоў з дня пачатку Вялікай Айчыннай вайны.

 

У разгром нямецка-фашысцкіх захопнікаў на тэрыторыі нашага раёна ў перыяд 1942 -1944 гадоў унеслі свой уклад партызаны атрада “Кастрычніцкі” пад камандаваннем Віктара Ільіча Панчанкава, пазней ганаровага грамадзяніна Дзятлаўшчыны і горада Ліды.

Вядома, што першыя партызанскія атрады на тэрыторыі нашага раёна былі створаны са складу чырвонаармейцаў і камандзіраў адступаючай у чэрвені 1941 года Чырвонай арміі. Асноўнымі цэнтрамі іх размяшчэння былі раёны лясной зоны Ліпічанскай Пушчы.

Каля горада Ліды, у пачатку ліпеня 1941 года, 213-ы стралковы полк 56-й стралковай дывізіі 3-й Арміі папаў у акружэнне. Сярод акружэнцаў быў і камандзір кулямётнага ўзвода лейтэнант Віктар Ільіч Панчанкаў.

Нарадзіўся ён 16 лістапада 1921 года ў вёсцы Слабадзішча Дарагабужскага раёна Смаленскай вобласці. У радах Рабоча-Сялянскай Чырвонай арміі з 1938 года. Са студзеня па сакавік 1940 года ўдзельнічаў у савецка-фінскай вайне. Вялікую Айчынную вайну сустрэў каля мястэчка Сапоцкіна недалёка ад Гродна. Пасля спробы вырвацца з акружэння Віктар Панчанкаў быў вымушаны зіму 1941-1942 гадоў хавацца ў вёсках Чырвоная, Ятра, Косічы Карэліцкага раёна. 13 сакавіка 1942 года, каб пазбегнуць арышту, пайшоў у лес, дзе арганізаваў партызанскі атрад і стаў яго камандзірам пад псеўданімам Віктар. З успамінаў Віктара Панчанкава вядома, што аснову атрада складалі сем чырвонаармейцаў, а затым да атрада далучыліся Аркадзь Радзько, Уладзімір Радзіёнаў, Васіль Мазура, Павел Стома, Іван Хабараў і іншыя. Першапачатковая назва атрада – “Страла № 26”, пазней “№ 96. Віктараўскі”, а затым “Кастрычніцкі”. 13 лютага 1943 года атрад быў уключаны ў склад Ленінскай брыгады Шчучынскай партызанскай зоны, а ў чэрвені 1943 года перададзены ў партызанскую брыгаду імя С. М. Кірава Лідскай партызанскай зоны. Зона дзеяння атрада адзначана як “Віктараўскі трохкутнік” – так называлі партызаны і падпольшчыкі раён паміж шасейнымі дарогамі Наваельня–Навагрудак, Навагрудак–Бярозаўка (да ракі Нёман) і чыгункай ад станцыі “Наваельня” да станцыі “Нёман”. Асноўнымі пунктамі дыслакацыі былі вёскі Панікарты, Боцкавічы, Сіневічы, Дзіракі, Таркачы, Дубатоўка.

Аркадзь Аляксандравіч Радзько з вёскі Радзюкі ваяваў у атрадзе на пасадзе начальніка штаба атрада, затым камандзіра агентурнай групы, (прадстаўлены да ўзнагароды ордэнам Леніна, ордэнам Чырвонай Зоркі).

Уладзімір Максімавіч Радзіёнаў, палітрук атрада, ураджэнец вёскі Ліжэйкі, загінуў у баі 22 чэрвеня 1944 года ў вёсцы Мольнічы (прадстаўлены да ўзнагароды ордэнам Айчыннай вайны 2-й ступені пасмяротна).

Разведчык Васіль Аляксеевіч Мазура з вёскі Дубатоўка загінуў у маі 1943 года, калі пасля бою пры аблаве ў вёсцы Дубатоўка цяжка паранены быў узяты ў палон фашыстамі і расстраляны пасля допытаў. Пасмяротна ён узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны 2-й ступені.

У тым баі, падчас фашысцкай аблавы, загінуў і Павел Дзям’янавіч Стома з вёскі Драчылава Навагрудскага раёна.

Іван Аляксандравіч Хабараў, намеснік камандзіра атрада па контрразведцы, родам з вёскі Беразіно Краснабарскага раёна Архангельскай вобласці, лейтэнант 286-га стралковага палка 90-й стралковай дывізіі служыў каля горада Беласток. Затым быў дэмабілізаваны і ў кастрычніку 1940 года прыняты на службу ў аддзяленне Дзятлаўскага НКУС, а ў 1941 годзе быў накіраваны ў Гродзенскую школу міліцыі, ваяваў у партызанскім атрадзе да ліпеня 1944 года. Узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі, пасля вайны жыў у горадзе Навагрудку.

Аналізуючы спіс партызанаў атрада “Кастрычніцкі” ў складзе 94 чалавек (па стане сярэдзіны 1943 года), адзначаецца высокая баявая актыўнасць нашых землякоў. Гэта Фёдара Кармільчыка з вёскі Заполле, Аляксандра Максімавіча Шкрабко з вёскі Боцкавічы. У спіску знаёмыя для дзятлаўчан прозвішчы такіх партызан, як Аляксандр Міміш, Аляксей Казарэз, Аркадзь Радзько, Аляксандр Стырнік, Канстанцін Скобля, Пракоп Саракапыт. Сучасныя жыхары вёскі Ахонава назвалі прозвішчы такіх партызан, як Мікалай Запольскі, Юльян Шкрабко, Фёдар Барук і многія іншыя. Дарэчы, камандзір аддзялення разведкі Аляксандр Шкрабко 13 разоў удзельнічаў у баявых аперацыях, на яго ўліку 9 падарваных фашысцкіх эшалонаў. З вёскі Навіны (цяпер Навагрудскі раён) пайшлі ў партызаны два браты – Іван і Віктар Валчэцкія. Віктар быў падрыўніком, на яго рахунку 16 падарваных паяздоў. Загінуў у час бою каля вёскі Малая Ізва Навагрудскага раёна 5 чэрвеня 1944 года. Уладзімір Максімавіч Радзіёнаў, былы палітрук, загінуў 22 чэрвеня 1944 года ў баі з нямецкімі акупантамі каля вёскі Боцкавічы. Клара Сінкевіч, былы кіраўнік Рыбацкай падпольнай арганізацыі, стала разведчыцай атрада і загінула, вяртаючыся з разведкі 21 чэрвеня 1944 года. Ва ўзросце 21 года, у сакавіку 1943 года, падчас фашысцкай аблавы загінуў Уладзімір Уладзіміравіч Майсейчык з вёскі Хрольчыцы. Пры выхадзе патрызан атрада “Кастрычніцкі” з акружэння, у сакавіку 1943 года, загінулі Павел Хлопатаў, Аляксандр Разумаў, Міхаіл Ломаць, Аляксандр Свораб, Андрэй Юрчык, яўрэі-партызаны з Дварэцкага гета Маісей Шыманскі, Мата Дварэцкі, Лейзе Ятвіцкі і іншыя. Загінулі ў баях з фашыстамі акружэнцы-чырвонаармейцы, партызаны атрада Павел Галавін, Міхаіл Сцяпанаў, Іван Пасхало.

На рахунку партызанскага атрада “Кастрычніцкі” шмат баявых аперацый супраць нямецкіх акупантаў. На чале роты партызан зімой 1943 года Віктар Панчанкаў арганізаваў засаду на гітлераўцаў і паліцаяў каля вёскі Паўсаты. У выніку былі забіты 3 і ўзяты ў палон 9 фашыстаў, знішчаны аўтамабіль. Узяты трафеі: 2 аўтаматы, 10 вінтовак, асабістая зброя захопнікаў і каля 800 патронаў.

Каля вёскі Дубатоўка ў выніку бою былі знішчаны 16 гітлераўцаў і 4 паліцаі, захоплены трафеі. У мястэчку Наваельня было знішчана чыгуначнае дэпо вузкакалейкі, спалены 9 вагонаў і паравозы. Быў захоплены нямецкі абоз з дамашняй жывёлай, які накіроўваўся ў Германію, – 44 каровы і 20 авечак. Пад камандаваннем Віктара Панчанкава праведзены засады на гітлераўцаў і паліцаяў каля мястэчка Бярозаўка, дзе былі знішчаны 2 легкавыя аўтамабілі, захоплены 6 фурманак з коньмі, 2 кулямёты, аўтаматы, вінтоўкі, каля 2 тысяч патронаў, забілі 6 афіцэраў жандармерыі, 24 паліцэйскія. Праведзены дзве баявыя аперацыі па знішчэнні ворага каля вёсак Лучкі Лідскага раёна і Багданка Навагрудскага раёна. Некалькі разоў пападалі нямецка-фашысцкія захопнікі ў засады партызан каля вёскі Боцкавічы.

Значная старонка ў дзеянні партызан атрада – удзел у выратаванні дзяцей з міжнароднага піянерскага лагера ў Наваельні. Выхаванцы Новаяльнянскага дзіцячага прытулка, падлеткі Ігар Кандакоў і Якаў Барынаў, былі залічаны ў атрад і ваявалі да часу вызвалення раёна ў ліпені 1944 года. Якаў Барынаў узнагароджаны медалём “Партызану Айчыннай вайны I ступені”, а Ігар Кандакоў – ордэнам Чырвонай Зоркі.

У лісце да ўзнагароды Віктара Ільіча Панчанкава ордэнам Леніна (15 ліпеня 1944 года) адзначаецца, што за час камандавання атрадам партызанамі былі ўзарваны 28 варожых эшалонаў на ўчастку чыгункі Ліда–Баранавічы. У адным з баёў былі спалены 7 вагонаў з матацыкламі і маторамі, забіты 21 і ранены 13, узяты ў палон 4 гітлераўцы. Усяго праведзены 34 адкрытыя баі і засады, у выніку іх знішчаны 12 аўтамабіляў, 6 трактароў, забіты звыш 400 афіцэраў і салдат гітлераўскай арміі, захоплены 117 палонных. Сярод трафеяў – 31 кулямёт, 154 вінтоўкі, 8 аўтаматаў. У выніку баявых дзеянняў спалены 34 чыгуначныя і шасейныя масты, 13 складоў, узарвана воданапорная башня ў Навагрудку.

На дзень злучэння з часцямі Чырвонай арміі, 8 ліпеня 1944 года на шасейнай дарозе Навагрудак–Ліда, у атрадзе налічвалася 298 партызан. Сярод іх было: 72 беларусы, 31 рускі, 167 яўрэяў, 10 украінцаў. Партызанамі былі 33 чырвонаармейцы, якія збеглі з нямецкага палону, 13 – якія прыбылі з акружэння, 71 – з мясцовага насельніцтва. У склад партызанскага атрада ўваходзілі 17 жанчын.

Віктар Ільіч Панчанкаў за баявыя заслугі быў узнагароджаны ордэнамі Чырвонай Зоркі, Чырвонага Сцяга, Айчыннай вайны 1-й ступені, медалямі. Працаваў у розных установах Гродна, Навагрудка, Ліды. Ганаровы грамадзянін Дзятлаўскага раёна і горада Ліды. Памёр у 1996 годзе.

Пошукавая работа аб дзейнасці партызан і падпольшчыкаў на тэрыторыі нашага раёна ў гады Вялікай Айчыннай вайны прадаўжаецца. Калі ў вас, паважаныя землякі, ёсць дадатковыя звесткі аб дзейнасці партызан, падпольшчыкаў, месцах пахавання загінулых, стаянках партызанскіх атрадаў, просьба паведаміць вядучаму спецыялісту Дзятлаўскага ваеннага камісарыята Валянціну Аляксеевічу Абухаву па тэлефоне 2-15-03.

Міхаіл ЛУК’ЯНЧЫК,
краязнаўца

Главная NewsPortal

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

*
*
Website