Кореличчина приняла областную патриотическую эстафету передачи Вечного огня «80 лет скорби и памяти»

18 чэрвеня, у пятніцу, на мяжы Карэліцкага і Навагрудскіх раёнаў адбылася сустрэча ўдзельнікаў абласной патрыятычнай эстафеты перадачы Вечнага агню «80 гадоў смутку і памяці». Калона накіравалася ў бок райцэнтра, пры гэтым наведаўшы і аддаўшы даніну памяці загінулым воінам каля помніка ў аграгарадку Краснае.
На мемарыяльным комплексе «Зорка» ў г.п. Карэлічы адбыўся мітынг.
— Сёння наш раён прымае абласную патрыятычную эстафету перадачы Вечнага агню «80 гадоў смутку і памяці», якая прыўрочана да 80-годдзя з дня пачатку Вялікай Айчыннай вайны, — сказала вядучая, мастацкі кіраўнік ДУ «Карэліцкі раённы Цэнтр культуры і народнай творчасці» Рыта Яроцкая. Лампада з Вечным агнём, запаленая 14 чэрвеня ў Гродна, з’яўляецца сімвалам адзінства ўсіх жыхароў рэгіёна ў захаванні памяці гераічнага мінулага беларускага народа.
У перыяд нямецкай акупацыі на тэрыторыі Карэліцкага раёна было расстраляна, спалена, адпраўлена ў нямецкае рабства каля 5 тысяч 200 чалавек. Мы павінны шанаваць памяць аб іх подзвігу, мы павінны берагчы Вечны агонь, які гарыць ужо не адно дзесяцігоддзе і не патухне ніколі.
Каля мікрафона — начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі Навагрудскага раённага выканаўчага камітэта Наталля Жышко. Прамоўца адзначыла, што з хваляваннем і трапятаннем прывезлі Вечны агонь. Часцінкі яго запалілі ў многіх памятных месцах на навагрудскай зямлі. Ушаноўваюць памяць кожнага загінулага ў гады вайны, а атрымаўшы мір у спадчыну, трэба яго захоўваць. Пажадала ўсім міру ў душы, спакою ў доме, росквіту роднай Айчыне.
Наступае ўрачысты момант перадачы Вечнага агню. Яго атрымлівае з рук навагрудчан старшыня Карэліцкага раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Шкадаў. У сваю чаргу прадстаўнік мясцовай улады сказаў аб тым, што праз некалькі дзён вельмі сумная дата, і мы павінны ўсё зрабіць, каб яна не паўтарылася. «Гэта агонь Перамогі, мы наведаем з ім памятныя месцы Карэліччыны, а заўтра перададзім дзятлаўчанам. Вечная памяць пра герояў вайны застанецца ў нашых сэрцах», — запэўніў Аляксандр Віктаравіч.
Памяць пра загінулых у гады Вялікай Айчыннай вайны ўшаноўваецца хвілінай маўчання. Да падножжа помніка ўскладаюцца кветкі і вянкі.
Удзельнікі эстафеты перадачы Вечнага агню на чале з начальнікам аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Карэліцкага райвыканкама, старшынёй РА ГА «Беларускі саюз жанчын» Інай Санчук накіроўваюцца да памятных месцаў Карэліччыны. Іх маршрут пралёг ад помніка да помніка праз населенныя пункты: Лукі, Вялікія Жухавічы, Мір, Пясочная, Турэц. Яны дзеляцца часцінкай Вечнага агню, а прадстаўнікі мясцовай улады і прыйшоўшыя да помнікаў загінулым адрасуюць словы ўдзячнасці салдатам вайны і заклікаюць да міру на зямлі. Ля помнікаў праводзяцца мітынгі, і памяць ушаноўваецца хвілінай маўчання. У Турцы былі чутны званы царквы Пакрова Прасвятой Багародзіцы, якая знаходзіцца побач з помнікам загінулым.
Мы гутарым з удзельнікамі эстафеты, якія ахвотна дзеляцца сваімі меркаваннямі.

Анастасія ГАРОН,
член Маладзёжнага парламента пры Карэліцкім раённым савеце,
вучаніца 11 класа Лукскай сярэдняй школы:
— Трэба, у першую чаргу, берагчы памяць. Ніколі не забываць пра гэтыя падзеі і прыцягваць да ўдзелу ў такіх мерапрыемствах моладзь. Трэба быць патрыётам сваёй краіны.

Аляксандр КОЛБ,
мастацкі кіраўнік народнага ансамбля песні «Вечарынка» АКіД «Жухавіцкі Дом культуры»:

— Гэта для мяне трагічная дата. Я — за мір, свабоду, жыццё без войнаў. Трэба, каб людзі адзін аднаго паважалі і цанілі. Каб ніколі не паўтарыліся падзеі жудаснай вайны. Каб заўсёды гучалі дзіцячыя смех і галасы, бо дзеці — наша будучыня.

Сям’я Аксаны КЛІНЦЭВІЧ і сын Данііл,
жыхары г.п. Карэлічы, удзельнікі эстафеты:

— Мой прадзядуля Антон загінуў на вайне, таму вайна для мяне — гэта боль у сэрцы. Гэта вельмі страшна, нават з расказаў бабулі. Няхай ніколі не паўторыцца, і заўсёды на зямлі будзе мір і свеціць яркае сонца.

ДАНІІЛ, 8 гадоў, вучань 4 класа сярэдняй школы № 2 г. п. Карэлічы:
— Разам з мамай і татам я гляджу фільмы пра вайну. Наведвалі мемарыяльны комплекс «Брэсцкая крэпасць — герой» і музей Вялікай Айчыннай вайны ў Мінску. Я захапляюся подзвігам салдат і мне падабаецца ваенная тэхніка. Хачу, каб на зямлі не было вайны.

Валянціна КЕРГЕТ,
жыхарка аграгарадка Турэц, пенсіянерка:

— Я прыйшла да помніка загінулым з унукам Міхаілам. Яму адзінаццаць гадоў. Хочацца, каб заўсёды быў мір на зямлі. Каб дзеці вучыліся ў школе і былі шчаслівыя. Мы прынеслі кветкі да помніка. Гэта наша памяць і ўдзячнасць тым, хто заваяваў перамогу для нас.

МІХАІЛ, вучань 6 класа СШ № 172 г. Мінска:
— Ваявалі прадзядуля Іван і прапрадзядуля Уладзімір. Не хачу, каб была вайна. Я ганаруся дзядулямі і рыхтуем з сям’ёй партрэт «Бессмяротны полк».


Галіна СМАЛЯНКА
Фота і відэа Наталлі САКАЛЯНСКАЙ

http://www.polymia.by/

 

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

*
*
Website