Жанчыны Гродзеншчыны адзначылі 30-годдзе грамадскага аб’яднання

Прыгожыя, актыўныя, працавітыя – жанчыны з усіх раёнаў вобласці сабраліся ў Гродне на першы жаночы форум “30 гадоў разам з краінай”, прымеркаваны паспяховаму правядзенню рэферэндуму і 30-годдзю грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз жанчын”.

Здавалася, нават надвор’е ў першы вясенні дзень спрыяла таму, каб свята атрымалася цёплым. На прыступках абласной філармоніі жанчын сустракалі кадэты, у фае кожнай прычапілі кветачку васілька – сімвала жаночай арганізацыі. Прыгожая музыка, стыльныя фотазоны, цікавая праграма – з першых хвілін адчувалася атмасфера свята.

Кранальным момантам урачыстасці стала прэзентацыя новага праекта абласной арганізацыі “Жаночы твар Перамогі”, прысвечанага Году гістарычнай памяці. Як адзначыла кіраўнік абласной арганізацыі БСЖ Ірына Сцепаненка, на Гродзеншчыне жыве 64 жанчыны-ветэраны Вялікай Айчыннай вайны – кожнай з іх будзе прысвечана фотавыстава, а таксама падрыхтавана калекцыя паштовак з пасланнем нашчадкам.

На першай выставе, адкрытай падчас форуму, былі прадстаўлены здымкі з архіва Валянціны Баранавай, імя якой занесена ў Кнігу Славы Гродзеншчыны. Ветэран з’яўляецца актыўнай удзельніцай многіх праектаў жаночай арганізацыі.

Іх, дарэчы, нямала і датычацца яны розных сфер жыцця грамадства: “Памяць. Адзінства. Перамога”, “Мой род – мой гонар”, “Гаспадыня сядзібы – гаспадыня краіны”, “Жанчына года”, пасадка імянных алей і паркаў, падтрымка мацярынства, дзяцінства і сям’і, патрыятычнае выхаванне моладзі. Пры гэтым у аснове дзейнасці абласной арганізацыі ляжыць дэвіз антыфашысцкага камітэта савецкіх жанчын, утворанага ў 1941 годзе: “За мір не толькі на зямлі, а ў кожным доме і сям’і”.

Віншаванні ад памочніка Прэзідэнта – інспектара па Гродзенскай вобласці Юрыя Караева, старшыні абласнога Савета дэпутатаў Ігара Жука, намесніка старшыні аблвыканкама Віктара Пранюка, ігуменні Гаўрыілы і многіх іншых, падарункі, шчымлівыя кампазіцыі, песні і танцы – у гэты дзень усё было прысвечана жанчынам.

– 27 лютага адбыўся рэспубліканскі рэферэндум – грамадзяне краіны падтрымалі абнаўленне Асноўнага Закону краіны. Выказваю словы ўдзячнасці членам абласной арганізацыі Беларускага саюза жанчын за іх актыўную грамадзянскую пазіцыю, за тое, што за гады існавання адной з самых масавых грамадскіх арганізацый, яны рэалізавалі і працягваюць рэалізоўваць сотні праектаў сацыяльнай накіраванасці, – адзначыў Ігар Жук.

Не стаў выключэннем і рэферэндум – падчас яго ва ўчастковых камісіях працавалі каля 5 тысяч жанчын.

Прыемным момантам свята стала ўзнагароджванне актывістаў арганізацыі, лаўрэатаў абласнога этапу конкурсу “Жанчына года”, а таксама ўручэнне крыштальнага сімвала “Дочкам Гродзеншчыны” – ветэранам жаночага руху. Сярод тых, каму выпаў гонар падняцца на сцэну – нашы зямлячкі, першы і сённяшні старшыні Астравецкай раённай арганізацыі ГА “Беларусскі саюз жанчын” Ірына Шляхтун і Наталля Баніцэвіч.

Цудоўным падарункам удзельніцам форуму былі танцавальныя і музычныя нумары юных зорачак і артыстаў Гродзеншчыны.











Текст: Елена Ярошевич

Фото: Елена Ярошевич
Видео: Елена Ярошевич
https://www.ostrovets.by/

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

*
*
Website