“Тут Радзімы маёй пачатак”. Фарбы “Эйсмантаўскага фэсту”

Фестываль польскай культуры і побыту “Эйсмантаўскі фэст” у суботу, 25 чэрвеня, у адзінаццаты раз прывітаў жыхароў аграгарадка Вялікія Эйсманты і шматлікіх гасцей, якія завіталі на свята аўтэнтычнай мясцовай культуры і традыцый. За час свайго існавання “Эйсмантаўскі фэст ” стаў візітоўкай Бераставіччыны і сімвалам трывалых міжнацыянальных добрасуседскіх адносінаў, якія існуюць у нашым раёне.

Па традыцыі свята распачалося са службы ў касцёле імя Марыі і св. Яна Непамука. У гэты час на тэрыторыі перад Домам культуры развярнуўся Горад майстроў, распачалася работа атракцыёнаў і гандлёвых кропак.

У фае жадаючыя маглі пазнаёміцца з арганізаванай супрацоўнікамі музея Вавёркі выставай ікон мастачкі з Маладзечна Ядзвігі Сянько.

Кожны год арганізатары свята – а гэта КСУП “Варанецкі” –  імкнуцца ўразіць аднавяскоўцаў чымсьці новым і незвычайным. Нямала культурных і эстэтычных разынак было і на гэты раз.

Адна із іх – прэзентацыя “жывых” скульптур ад тэатра “Ларчык” з горада Брэста. Неверагодна прыгожыя “анёлы” віталі гасцей у фае, ад жадаючых сфатаграфавацца з імі не было адбою.

Ва ўрачыстым адкрыцці фэсту прынялі ўдзел намеснік старшыні Бераставіцкага райвыканкама Андрэй Шчука, старшыня Эйсмантаўскага сельвыканкама Ганна Болдак, дырэктар КСУП “Варанецкі” Юрый Ярэміч, намеснік дырэктара КСУП “Варанецкі” па ідэалагічнай рабоце Аліна Янушка і старшыня Эйсмантаўскага сельскага аддзела ГА “Саюз палякаў на Беларусі” Уладзімір Янкойць.  Яны прывіталі гасцей свята і пажадалі ўсім яскравых эмоцый і прыемнага адпачынку.

Дэвіз сёлетняга фэсту – “Тут Радзімы маёй пачатак”. І ўся канцэртная праграма была напоўнена песнямі, вершаванымі радкамі і цёплымі словамі любові да малой радзімы і людзей, якія дбаюць пра яе росквіт і дабрабыт. На сцэне гучалі розныя мовы – беларуская, польская, руская – у знак сяброўства і мірнага суіснавання на эйсмантаўскай зямлі прадстаўнікоў розных нацыянальнасцяў  і веравызнанняў. Прыгожыя мілагучныя песні на абедзвюх мовах прагучалі ў выкананні народнага ансамбля польскай песні “Стокроткі” філіяла па культурна-дасугавай дзейнасці аг. Макараўцы, ансамбля “Верацейцы” філіяла па культурна-дасугавай дзейнасці аг. Стары Дворац, салістаў Бераставіцкага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці і мясцовых удзельнікаў аматарскай творчасці.

Завяршылася ўрачыстая частка канцэртнай праграмы харэаграфічнай замалёўкай у гонар малой радзімы і нашай роднай краіны Беларусі.

Наступным сюрпрызам для гасцей свята стала шоу-праграма “Напевы родныя зямлі маёй” музычнага тэатра “Рада” з горада Гродна. Цудоўныя галасы, прыгожыя каларытныя касцюмы, прафесійнае харэаграфічнае і інструментальнае суправаджэнне нумароў – выступленне гродзенскага калектыву, вядомага ў рэспубліцы і за яе межамі, стала выдатным падарункам жыхарам і гасцям аграгарадка Вялікія Эйсманты.

 

Далей свята працягнулася на свежым паветры. На “Заможным падворку” можна было падсілкавацца нацыянальнай польскай стравай – бігасам.

Госці “Эйсмантаўскага фэсту” мелі магчымасць адведаць смачнай выпечкі ад мясцовых гаспадынь.

Працавалі гандлёвыя кропкі ААТ “Малочны Мір” і Бераставіцкага філіяла Гродзенскага аблспажыўтаварыства, павільёны індывідуальных прадпрымальнікаў з попкорнам, салодкай ватай, цацкамі і забаўкамі для дзяцей.

На адкрытай пляцоўцы перад Домам культуры канцэртная праграма мела сваё прадаўжэнне. Сапраўдным упрыгожаннем свята стала выступленне ўзорнага тэатра моды “Спадчына” Ваўкавыскага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі.

Сваёй творчасцю падзяліліся артысты народнага ансамбля народнай песні “Бераставіцкія музыкі”, народны ансамбль польскай песні “Стокроткі” і асобныя выканаўцы.

Між тым, майстры і народныя ўмельцы Гродзеншчыны, у тым ліку і Бераставіцкага Дома рамёстваў, прэзентавалі свае вырабы ручной работы. На кірмашы можна было згуляць у бяспройгрышную латарэю ці гульню на ўдачу, паўдзельнічаць у майстар-класах, набыць сувенір напамяць.

У павільёне Бераставіцкай райбібліятэкі дзейнічала выстава пад назвай “Жывая культура продкаў”, якая знаёміла з краязнаўчымі выданнямі беларускіх і мясцовых аўтараў, і, у прыватнасці, з гісторыяй аграгарадка Вялікія Эйсманты і “Эйсмантаўскага фэсту”, з біяграфіямі знакамітых людзей, звязаных з эйсмантаўскай зямлёй.

Для самых маленькіх жыхароў аграгарадка бібліятэкары прапанавалі гульнявое асарці “Сусвет дзяцінства” з віктарынамі, загадкамі  і творчай лабараторыяй. Тут таксама можна было згуляць у аэрахакей.

Дарэчы, для дзяцей на фэсце было прадугледжана шмат забаў. Работнікі Бераставіцкага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці правялі музычна-забаўляльную праграму “Падарожжа ў краіну добрага настрою” і квэст-гульню “У колеры лета”.

У юных удзельнікаў свята нязменным попытам карысталіся атракцыёны – горкі, батут, электрамабілі – і паслугі аквагрыму.

“Жывыя” скульптуры, якія радавалі і здзіўлялі сваімі вобразамі на працягу ўсяго свята, безумоўна, надалі свой непаўторны каларыт “Эйсмантаўскаму фэсту”. Напэўна, кожны сфатаграфаваўся з маляўнічымі персанажамі.

 

Главная News Portal

 

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

*
*
Website