Хор ветэранаў працы «Вясёлка» ў Падольцах
Першую гастрольную паездку пасля доўгага вымушанага перапынку, звязанага з ковіднай сітуацыяй, здзейсніў хор ветэранаў працы «Вясёлка» – у абноўленым складзе, з новым кіраўніком і рэпертуарам.
Аб’ектам сваёй увагі харысты выбралі дом сумеснага пражывання адзінокіх людзей сталага ўзросту. Яны таксама ветэраны – доўгія гады шчыравалі ў сельскай гаспадарцы, іншых галінах эканомікі і выйшлі на заслужаны адпачынак. Па волі лёсу многія дажываюць свой век адны, без родных і блізкіх. Таму і сабраў іх ва ўтульным цёплым доме Тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.
Варта сказаць, людзі не пакінуты без увагі. Да іх часта наведваюцца госці, на гэты раз – самадзейныя артысты.
Сцэнай для выступлення стала ўтульная пляцоўка пад дзвюма высокімі елкамі, раскідзістыя кроны якіх давалі цень і прыемную прахалоду.
Хор выканаў некалькі музычных твораў – патрыятычных, лірычных, вясёлых, а папуры з песень маладосці спявалі разам з Васілём Карпяцом усе прысутныя. Тут жа адбыўся сольны дэбют Святланы Чарняўскай – вельмі цёпла, пяшчотна прагучала ў яе выкананні песня «Мамін старэнькі дом». Цудоўны вальс уласнага сачынення падарыла слухачам Людміла Кухарэвіч, і яны не ўседзелі на зручных лавачках – закружыліся ў танцы. Задзірыстыя прыпеўкі Ірыны Тумко і дасціпная байка Наталлі Зубенка таксама знайшлі водгук у людскіх сэрцах. Вядучая канцэрта Данута Чарнушэвіч умела накіроўвала творчы запал у стройнае рэчышча.
А потым сумесны карагод аб’яднаў гасцей і гаспадароў.
Напрыканцы артысты ўручылі ўдзячным слухачам салодкія пачастункі і невялічкую бібліятэчку кніг.
Гэтую цудоўную паездку арганізаваў і прадаставіў транспарт сектар культуры на чале з кіраўніком Вольгай Баяровіч, а маладыя спецыялісты метадычнага аддзела цэнтра культуры і народнай творчасці Наталля Тамашэўская і Таццяна Ганец былі добрымі апякункамі і памочніцамі артыстаў.
Развітваліся з пачуццём узаемнай удзячнасці.