«Дарогамі мужнасці і стойкасці: раўненне на герояў»
У госці да ветэранаў накіраваліся старшыня Навагрудскага райвыканкама Сяргей Чаркоўскі, намеснік старшыні райвыканкама Святлана Каралько і дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Аляксандр Сонгін.
– 22 чэрвеня для кожнага беларуса – сумная дата. У гэты дзень мы ўспамінаем тых, хто аддаў сваё жыццё за свабоду і незалежнасць нашай Радзімы, гаворым дзякуй ветэранам, якія ваявалі на палях бітваў, працаўнікам тылу, усім тым, хто дзень і ноч набліжаў Перамогу, – сказаў Сяргей Чаркоўскі. – Вы – сапраўдныя героі, бо змаглі прайсці нечалавечыя выпрабаванні, выстаяць, перамагчы. Мы ніколі не забудзем тое, што вы для нас зрабілі, і тое, чым вы ахвяравалі дзеля нас. Толькі дзякуючы вам мы жывём у мірнай і свабоднай краіне, працуем, выхоўваем дзяцей, будуем планы на будучыню. Ад усяго сэрца жадаю вам моцнага здароўя і бадзёрасці духу!
Першым гасцей сустракаў франтавік Іван Ігнатавіч Комар, які хутка адзначыць свой 103-ці дзень нараджэння. Ветэран успамінае, што яму быў 21 год, калі пачалася вайна.
Колькі ўжо гадоў прайшло, а я памятаю той дзень, калі пачалася вайна. Ды і як яго забудзеш! – расказвае Іван Ігнатавіч. – Гэта быў звычайны летні дзень, людзі ў вёсцы завіхаліся па гаспадарцы, нічога не прадвяшчала бяды, і раптам мы пачулі гул самалётаў і выбухі. Побач з нашай вёскай былі могілкі, і ўсе мы пабеглі хавацца туды, думалі, што там не будуць бамбіць. Але ў той момант мы яшчэ не ведалі, што гэта вайна.
Па словах франтавіка, непадалёк ад яго дома праходзіла вузкакалейка. Там стаяла будка, у якой знаходзіўся майстар. Быў там і тэлефон. Менавіта ад гэтага майстра 22 чэрвеня 1941 года жыхары вёскі і даведаліся, што пачалася вайна.
У рады Чырвонай арміі разам са сваім малодшым братам Іван Ігнатавіч уліўся ў 1944-м пасля вызвалення Навагрудчыны. Спачатку яго накіравалі ва Украіну, а затым у запасны полк, які дыслацыраваўся ў Оўручы. Пазней удзельнічаў у баях за вызваленне Венгрыі, дзе быў паранены. Дзень Перамогі ветэран сустрэў у Аўстрыі.
Мікалая Іванавіча Грыца ў Навагрудку добра ведаюць і паважаюць: заслужаны чалавек, ветэран Вялікай Айчыннай вайны – такіх па праву называюць гонарам зямлі беларускай. Нягледзячы на выпрабаванні, якія перажыў Мікалай Іванавіч, ён не страціў бадзёрасці духу, веры ў справядлівасць, дабро. І гасцей сустракаў з усмешкай і аптымізмам, дзякаваў за ўвагу і клопат.
Пра жахі вайны ветэран гаварыць не любіць, хоць і прызнаецца, што ніколі не знікнуць з памяці ўспаміны пра страшныя падзеі Вялікай Айчыннай, пра таварышаў, якія загінулі ў баях за нашу краіну.
– Мне было ўсяго 14 гадоў, калі пачалася вайна. Наша сям’я жыла ў вёсцы Ваўковічы. Той страшны чэрвеньскі дзень памятаю, як быццам гэта было ўчора. Я якраз пасвіў каня каля лесу. І такая цішыня была вакол… Але раптам яе парушыў грукат выбухаў, а ў небе пачалі лётаць сама лёты. Мы былі яшчэ падлеткамі і зусім не разумелі, якая бяда прыйшла да нас у дом, але, гледзячы на тое, як плакалі дарослыя, было страшна і нам, – падзяліўся Мікалай Іванавіч.
У 1945 годзе Мікалая Грыца мабілізавалі ў войска і накіравалі ў Гарафецкія лагеры ў Горкаўскую вобласць. Там знаходзіўся пункт фарміравання новых вайсковых часцей. А далей быў фронт… Падраздзяленне, дзе служыў мінамётчыкам Мікалай Грыц, накіравалі ў Балгарыю.
– Доўгачаканы Дзень Перамогі сустрэў у балгарскіх гарах, мы дыслацыраваліся непадалёк ад г. Пазаржыка, – успамінае Мікалай Іванавіч Грыц. – Служыў я да 1951 года. Пасля дэмабілізацыі вярнуўся на родную Навагрудчыну. Адразу працаваў на фабрыцы вадзіцелем, затым на аўтабазе № 10, апошнія 34 гады быў вадзіцелем у райспажыўтаварыстве.
Сёння мы, нашчадкі Вялікай Перамогі, удзячныя гэтым мужным, стойкім людзям за мірнае неба над галавой, за магчымасць жыць і ствараць у свабоднай, незалежнай краіне.
Автор: Карина Вальшонак, «НЖ»
Источник: газета «Новае жыццё», https://novgazeta.by/