Не маем права забыць. У Малабераставіцкай бібліятэцы ўшанавалі памяць землякоў, якія загінулі ў гады вайны
Напярэдадні Дня вызвалення Бераставіцкага раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў удзельнікі аматарскага аб’яднання “Пагаворым па шчырасці”, што працуе пры Малабераставіцкай інтэграванай сельскай бібліятэцы, прыйшлі разам з бібліятэкарам да помніка загінуўшым землякам, каб аддаць ім даніну павагі і памяці.
У знак удзячнасці за подзвіг да манумента былі ўскладзены жывыя кветкі. Удзельнікі аматарскага аб’яднання запалілі лампадкі і ўшанавалі памяць землякоў мінутай маўчання.
На гранітных плітах высечана нямала імёнаў загінуўшых у гады вайны аднавяскоўцаў. Хтосьці з прысутных моўчкі вачыма адшукаў прозвішча свайго родзіча і з болем у сэрцы прыгадаў трагічна абарваны лёс свайго дзядулі ці бацькі.
Мы не маем сёння права забыць пра тых, хто цаной свайго жыцця адстаяў Перамогу і незалежнасць нашага народа, каб будучыя пакаленні жылі ў міры і спакоі.
Зоя ХЛЕБНІКАВА, фота аўтара
Источник: «Берестовицкая газета», https://www.beresta.by