“Квітней, мая Беларусь!” Урачысты мітынг, прысвечаны Дню Незалежнасці нашай краіны, прайшоў у Шчучыне

 

У гарадскім скверы ля помніка загінуўшым воінам было мнагалюдна. Галоўнае свята краіны адзначалі разам усе пакаленні шчучынцаў і жыхароў раёна. Кіраўніцтва раёна, прадстаўнікі працоўных калектываў і грамадскіх арганізацый і аб’яднанняў, моладзь і школьнікі прыйшлі пакланіцца памяці тых, хто цаною свайго жыцця здабываў для нас Перамогу. У самай жорсткай у Беларусі вайне загінуў кожны трэці…

Але гэты дзень нясе і боль, і радасць адначасова: боль за загінуўшых салдатаў вайны, а радасць ад таго, што сёння мы жывём у мірнай, квітнеючай і незалежнай краіне.

Беларусь… Белая Русь… Белая – значыць вялікая, святая, чыстая, светлая, свабодная, дружалюбная і гасцінная. Гэта думка чырвонай ніткай прайшла праз пралог  мітынгу.

Пад гучанне Дзяржаўнага гімну горда ўзносіцца ў неба Дзяржаўны сцяг нашай краіны. Яго ўздымаюць Станіслаў Савіцкі – выпускнік гімназіі горада Шчучына, залаты медаліст і ветэраны працы: Ядзвіга Уладзіміраўна Белаводская і Таццяна Валянцінаўна Ступакевіч.

З Днём Незалежнасці павіншаваў удзельнікаў мітынгу старшыня Шчучынскага раённага выканаўчага камітэта Аляксей Садоўскі.

Традыцыйна, напярэдадні Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь, Шчучынскім раённым выканаўчым камітэтам прымаецца рашэнне аб занясенні звестак у Кнігу Славы Шчучынскага раёна аб грамадзянах, якія ўнеслі значны ўклад у развіццё роднай Шчучыншчыны. Сімвалічна, што ў Год беларускай жанчыны імі сталі Ядзвіга Уладзіміраўна Белаводская  кандыдат сельскагаспадарчых навук, Заслужаны работнік сельскай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь, Марыя Люцыянаўна Волчак, якая больш за 30 гадоў узначальвала Шчучынскі занальны цэнтр гігіены і эпідэміялогіі, была дэпутатам Шчучынскага гарадскога Савета, а таксама Таццяна Валянцінаўна Ступакевіч, якая каля 10-ці гадоў з’яўлялася галоўным рэдактарам рэдакцыі Шчучынскай раённай газеты “Дзянніца”, узнагароджана знакам  “Выдатнік друку Беларусі”, з’яўляецца лаўрэатам прэміі “Чалавек года Гродзеншчыны ў грамадска-палітычнай сферы” за 2016 год, а таксама лаўрэатам прэміі Беларускага саюза журналістаў  “Залатое пяро”.

Ад імя сваіх калег па ўшанаванні словы падзякі выказала Таццяна Ступакевіч, яна павіншавала ўсіх з Днём Незалежнасці і Годам беларускай жанчыны.

Удзельнікі мітынгу ўшанавалі памяць усіх загінуўшых у гады Вялікай Айчыннай вайны, усіх, хто пайшоў з жыцця ў мірны час, хвілінай маўчання.   А ў знак нашай вечнай памяці пра іх да помніку ляглі жывыя кветкі…Мы ганарымся табою, любімая наша краіна, і ўсе разам, не забываючы сваё мінулае, традыцыі, свае каштоўнасці, якія праз стагоддзі гісторыі прывялі нас да Незалежнасці, ідзём насустрач светламубудучаму! З Днём Незалежнасці, родная Беларусь!

Крыніца: раённая газета “Дзянніца”

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

*
*
Website