У Бераставіцкай раённай бібліятэцы імя В. М. Кавалеўскага адбылася прэзентацыя кнігі Дзмітрыя Радзівончыка «Масты і берагі»
У рамках дэкады «Залаты ўзрост» у Бераставіцкай раённай бібліятэцы імя В. М. Кавалеўскага прайшла творчая сустрэча з аўтарам зборніка літаратурнай крытыкі «Масты і берагі» Дзмітрыем Радзівончыкам.

Перад прысутнымі выступіў сам аўтар – паэт і літаратуразнаўца, член Саюза пісьменнікаў Беларусі, намеснік старшыні Гродзенскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Дзмітрый Радзівончык.



На сустрэчу сабраліся чытачы сталага ўзросту – людзі, для якіх кніга даўно стала не проста захапленнем, а неад’емнай часткай жыцця. Гэта менавіта тая аўдыторыя, якая ўмее слухаць, чытаць паміж радкоў і весці гаворку пра літаратуру сур’ёзна і з душой.



Зборнік «Масты і берагі», які выйшаў у выдавецкім доме «Звязда», – гэта літаратурная крытыка і разважанні пра сучасны літаратурны працэс на Беларусі, аналіз творчасці сучасных пісьменнікаў, паэтаў і дзеячаў культуры. На Дне беларускага пісьменства ў Касцюковічах за гэтую кнігу Дзмітрый Радзівончык атрымаў Нацыянальную літаратурную прэмію 2026 года ў намінацыі «Лепшы твор літаратурнай крытыкі і літаратуразнаўства».



Сустрэча складалася з трох блокаў: літаратурнага, музычнага і паэтычнага. Падчас прэзентацыі зборніка Дмітрый Мікалаевіч падзяліўся цытатамі з кнігі, якія адлюстроўваюць творчы шлях сучасных літаратараў Прынёманскага краю, думкамі і памкненнямі калег па творчым «цэху». Аўтар зрабіў паспяховую спробу мастацкага аналізу кніг і розных этапаў жыцця і творчасці паэтаў і пісьменнікаў, пераможцаў разнастайных літаратурных конкурсаў. Усяго на старонках зборніка згадваецца 31 імя літаратараў, чыё таленавітае слова фарміруе сучасны літаратурны ландшафт рэгіёна.



Апроч аповяду пра зборнік, аўтар падрыхтаваў для слухачоў і некалькі творчых падарункаў. Першым з іх стаў буктрэйлер да кнігі – невялікі відэаролік, які ў кадры і мастацкім мантажы перадаваў настрой і змест выдання. У час музычных паўз Дзмітрый Мікалаевіч адкрыў захапленне сваёй маладосці: на прэзентацыі прагучала некалькі песень у яго выкананні з рэтуртуару рок-гурта, у якім ён раней выступаў. А фотагалерэя, якая суправаджала музычныя паўзы, дапамагла прысутным даведацца пра іншыя яго захапленні і пабачыць аўтара не толькі за пісьменніцкім сталом, але і ў зусім іншых, нечаканых ракурсах. Кранальны відэаролік з песняй “Я тебя давно не видел, мама” на словы Дзмітрыя Радзівончыка таксама не пакінуў нікога абыякавым.



Яркім момантам сустрэчы стала знаёмства з паэтычнай творчасцю самога Дзмітрыя Радзівончыка, аўтара трох кніг лірыкі. Паэт зачытаў некалькі вершаў, як на беларускай, так і на рускай мовах: творы, прысвечаныя Году беларускай жанчыны, а таксама малой радзіме, надалі сустрэчы незвычайную цеплыню і шчырасць.


У завяршэнне мерапрыемства прысутныя змаглі задаць госцю пытанні, і гутарка ператварылася ў жывы, цёплы дыялог аўтара з чытачамі.
Источник: «Берестовицкая газета», https://beresta.by/news/kultura-i-dukhovnost/prezentatsyya-knigi-dzmitryya/?ysclid=muzs6dsk2t112009047