Сёння на месцы былой вёскі Агародзішча, якую 75 гадоў назад спалілі фашысты, адбыўся мітынг-рэквіем у памяць 147 загінуўшых яе жыхароў.
Пра лясную вёсачку у цэнтры заказніка «Котра» сёння нагадваюць толькі помнікі. Аднак вучні Першамайскай школы ад старажылаў даведаліся, дзе пралягаў вясковы гасцінец і прайшлі з лампадкамі сцяжынай памяці, ведучы за сабой і аркестр Гродзенскага пагранатрада, і прадстаўнікоў працоўных калектываў ды грамадскіх арганізацый. Намеснік старшыні райвыканкама Ганна Станіславаўна Хвядзюк звярнулася да прысутных:
— Сёння мы сабраліся ў гэтым святым для кожнага з нас месцы, каб аддаць даніну памяці нявінным ахвярам Вялікай Айчыннай вайны, узгадаць хроніку падзей і трагедыю, што тут разыгралася, каб ніколі не паўтарылася падобнае, каб людзі бераглі мір на зямлі.
Выступленне першамайскіх школьнікаў было пранізана эмоцыямі, патрыятызмам, павагай да гісторыі свайго краю. Прыехаў на гэту сустрэчу і Васіль Сяргейчык, чыя матуля цудам засталася ў жывых і праз тыдзень пасля трагедыі нарадзіла хлопчыка.
— Пад гэтым помнікам пакояцца сем членаў маёй сям’і, у тым ліку і мой бацька, якога мне не суджана было нават убачыць, — не хаваючы слёз сказаў Васілій Уладзіміравіч. — Я ўдзячны людзям, мясцовай уладзе, што яны захоўваюць памяць пра падзеі 75-гадовай даўнасці.
Удзельнікі мітынгу ўсклалі да помніка вянкі і жывыя кветкі.
Таццяна СТУПАКЕВІЧ. Фота аўтара.
Автор Татьяна Ступакевич