Усе фарбы творчасці праз адно жыццё… О людях… У месяцы, калі ўся Беларусь адзначае 100-гадовы юбілей утварэння Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі, а наш раён адзначыў 75- годдзе свайго заснавання, работнікі культуры Іўеўшчыны запусцілі ў жыццё творчы праект, які прысвечаны заслужаным людзям раёна, людзям, якія сваім жыццём і дзейнасцю ўнеслі значны ўклад у розныя галіны нашага жыцця: у вытворчасць, паэзію, мастацтва, грамадска-палітычнае жыццё. Праект прысвечаны людзям, якія з’яўляліся сапраўднымі сынамі свайго часу, працавалі і тварылі самааддана, верылі ў светлую будучыню сваёй краіны, імкнуліся яе прыблізіць. У апошнюю нядзелю, 27 студзеня, работнікі аддзела культурна-масавай і асветніцкай работы аграгарадка Лелюкі прысвяцілі сваю творчую вечарыну заслужанаму работніку культуры БССР, стваральніку і мастацкаму кіраўніку Бараўскага народнага хору Віктару Канстанцінавічу Шарэцкаму, знакавай асобе ў культурным жыцці раёна.
Артысты вясковага хору былі настолькі вядомымі ў мастацкім жыцці Беларусі, што калі ў райцэнтр з канцэртам прыязджалі два дзяржаўныя калектывы — Беларускі дзяржаўны хор Генаддзя Цітовіча і Дзяржаўная капэла імя Рыгора Шырмы, то другі, неафіцыяльны канцэрт (аднак, абавязковы па рашэнні Міністэрства культуры БССР) яны давалі ў Бараўскім сельскім клубе — «для артыстаў і кіраўніка хору Віктара Шарэцкага». Менавіта гэтыя словы выказваў канферансье. І гэта гучала як узнагарода і спевакам, і кіраўніку, і ўсяму Бараву. Гэта зараз у раёне каля дзесяці народных калектываў, а тады ён быў адзіным. І быў візітоўкай раёна на значных рэспубліканскіх дэкадах народнай творчасці. Гэта быў па-сапраўднаму прафесіянальны калектыў. Калі мы падчас нядзельных выступленняў у Маскве спявалі ў парку імя Горкага, мяне, вядучую канцэрта, ледзь не завёў у шок убачаны ў першым радзе сярод гледачоў вядомы артыст савецкага кіно Міхаіл Ульянаў. Колькі мы спявалі, столькі ён з захапленнем і выразам здзіўлення на твары ківаў галавой… Гэта зараз вёска Барава апусцела, закрылі клуб. А тады, у 1950 гадах яна гудзела моладдзю і дзецьмі. І нашы бацькі толькі-толькі стваралі сем’і, пачыналі жыць пасля страшнай і вялікай вайны.
У 1942 годзе стаў падлетак з Навагрудчыны партызанам-падрыўніком атрада «Мсцівец» брыгады імя Неўскага.
У 1944 годзе — салдатам-артылерыстам.
Калі закончылася вайна, яшчэ доўга маладыя салдаты не вярталіся дамоў, служылі ў арміі. Таму спяшалі і сем’і завесці, і нешта добрае, значнае зрабіць у жыцці, «наверстать» тое, што прыйшлося адкласці. Ён быў не толькі адданы харавому спяванню.
Ён цудоўна маляваў і вёў у мясцовай школе, акрамя спеваў, выяўленчае мастацтва. Ён быў строгім, сур’ёзным, аднак такім добрым і разумным.
Ніколі ніхто з дзяўчынак нашага класа, дзе Віктар Канстанцінавіч быў класным кіраўніком, не падняў кошыка з бульбай на калгасным полі, як і мы, яго чатыры дачкі і жонка, ніколі не насілі вады і цяжкіх рэчаў. Ён казаў: «Вам жа дзяцей нараджаць. Нельга жанчынам надрывацца — ні маленькім, будучым жанчынам, ні дарослым».
Ён быў камуністам. І калі б такімі былі ўсе камуністы, мы даўно пабудавалі б камунізм, мы б жылі ў бязгрэшным грамадстве.
Ён верыў у сваю вялікую Радзіму — СССР. І вельмі балюча перажываў яе распад. Было адчуванне, што ў чалавека выбілі лаўку з-пад ног. Ён быў такім, як і мноства іншых людзей, на якіх трымаліся і дзяржава, і сям’я, і наогул, жыццё. …
Пасля смерці такога бацькі вельмі цяжка было вучыцца жыць без яго. Тым больш, што маці памерла значна раней. Ён, дзіця свайго веку, атэіст, не хацеў, каб адпявалі яго ў царкве. Мы выканалі яго просьбу. У царкву не панеслі, аднак заказалі паніхіду. А пасля яе жанчыны-пеўчыя, у мінулым харысткі яго хору, прыйшлі да нас дамоў і сказалі яму, што прыйшлі ў апошні раз паспяваць свайму настаўніку, паспяваць хораша, як ён вучыў… …Я не пісала яго біяграфіі. Аб гэтым добра і змястоўна расказалі вядучыя вечарыны. І дзякуй ім за тое, што захоўваецца памяць. І няхай была амаль пустой зала гледачоў. Нішто. У кагосьці ўсё ж застанецца памяць пра тое, якія людзі стваралі культуру раёна ў другой палове 20 стагоддзя. А працягваюць іх справу тыя, хто ўпрыгожыў гэты вечар памяці сваімі выступленнямі. Напэўна, Віктару Канстанцінавічу, як прафесіяналу, вельмі б спадабаліся песні ў выкананні Аляксандры Лапата і фальклорнага ансамбля Іўеўскага цэнтра культуры і вольнага часу «Вечарніца», у якім спяваюць адны з самых здольных і таленавітых спевакоў культуры Іўеўшчыны.
В.ГУЛІДАВА. Фота С. ЗЯНКЕВІЧА.
Читать полностью: http://ivyenews.by/component/k2/item/4891-use-farby-tvorchastsi-praz-adno-zhytstsjo.html
При любом использовании материалов активная гиперссылка на ivyenews.by обязательна!