Не забудзем нiколі!
Пяшчотны Белы Край, наша Краiна, Радзiма. Край буслоў i зуброў…
У недалёкiм мінулым на яго знянацку наляцела чорная хмара — вайна. 23 чэрвеня 1941 года ў 11.00 ворагi пачалі бамбіць Ваўкавыск. Ён знаходзіўся на самым стратэгiчным напрамку Беларускай чыгункі з Беластока.
Нашы вайскоўцы змагалiся ў неверагодна цяжкiх умовах, але няроўнымi былi сiлы, i 27 лiпеня 1941 года адчайнае супрацiўленне было зломлена ворагамi. Шмат пакутаў выпала на долю тых, хто застаўся ў жывых.
.
У гады вайны Нямецка-фашысцкія карнікі звозiлi сюды замучаных-закатаваных людзей i знiшчылi больш за 4 000 чалавек. Сёння там стаiць помнiк з надпiсам «Вечная память жертвам фашизма».
У лiпенi 1942 года тут расстралялi камсамольцаў-падпольшчыкаў. На помнiку словы — «Героям подпольщикам». I гэта не адзiнкавыя помнiкi — сведкi жудасных распраў. Амаль у кожнай мясцовай вёсцы яны ёсць таксама, і нагадваюць нам, жывым, пра тую варожую лютасць.
У Шавулічах жылі мірныя людзі, сеялі жыта і пяклі хлеб. Але 7 лiпеня 1943 года вёска была спалена разам з усiм насельнiцтвам. Згарэлі 366 чалавек. Шавулічы так і не адрадзіліся. Засталiся толькi ледзь прыкметныя брукаваныя вулiцы. Як памяць пра загінулых цяпер там узведзены мемарыяльны комплекс, i кожны год праводзяцца жалобныя мiтынгі.
Але вось пачалася аперацыя “Баграціён, загрымела кананада Чырвонай Армii. Вызваленцы адваёўвалi ў ворага вёску за вёскай, горад за горадам. Было вельмi важным адрэзаць фашыстам шлях па шашы i чыгунцы на Беласток. I ранкам 14 лiпеня 1944 года Чырвоны Сцяг Перамогi ўзвіўся над вызваленым ад чорнай фашысцкай чумы Ваўкавыскам (сцяг знаходзiцца у музеi Баргацiёна).
Дасталося ўсiм нямала: i зямлi, i будынкам, i жыхарам. Адны пайшлi ваяваць i не вярнулiся, другiя сталi інвалідамі. Сталыя людзi i падлеткі пачалі плённую працу па ўзнаўленню калгасаў, саўгасаў, прадпрыемстваў, чыгункi, вёсак, гарадоў i ўсёй Беларусi.
У гэтым годзе 14 лiпеня споўніцца 75 гадоў з Дня вызвалення нашага города Ваўкавыска ад нямецка-фашыскiх захопнiкаў. Мы, маладзейшыя, не бачылi жахаў, пакут, голаду i холаду, але памятаем і будзем памятаць пра тых, хто нам падараваў мiр, жыццё, радасць, хто збярог нашу родную Беларусь.
Грамадская арганiзацыя ветэранаў чыгуначнага вузла Ваўкавыск будзе заўжды шанаваць памяць забiтых, спаленых, закатаваных i памерлых ад ран абаронцаў Айчыны. Ветэраны чыгуначнага вузла Ваўкавыск працягнуць актыўны ўдзел у шматлікіх мерапрыемствах, што праводзяцца ў раёне каля магiл, абелiскаў, мемарыялаў.
На аснове гістарычных дадзеных мы падрыхтавалі сваю “КНИГУ ПАМЯТИ”, са старонак якой на нас глядзяць героi Вялікай Айчыннай вайны.
Нiзкi ім усім паклон!