Вязень фашысцкіх канцлагераў у гады Вялікай Айчыннай вайны Еўдакія Рыгораўна Сігалёва адзначыла 95-ты дзень нараджэння.
Павіншаваць жанчыну з нагоды юбілею завіталі старшыня раённага савета ветэранаў Ірына Шляхтун, старшыня РА “Белая Русь” Ірына Раткевіч, прадстаўнікі райкама Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі Юлія Варковіч і тэтыратыяльнага цэнтра Святлана Сафранкова.
Са шчаслівай усмешкай прымала юбілярка падарункі з рук прадстаўніц трох пакаленняў, якія пажадалі ёй заставацца такой жа жыццярадаснай і пазітыўнай.
– З самай раніцы мяне сёння віншуюць, – расказвае юбілярка. – Вельмі прыемна. І доўгажыхаркай называюць. Маці мая 96 гадоў пражыла, свякроў – 97. І я вось яшчэ трымаюся…
Нягледзячы на ўсе жахі ваеннага ліхалецця, якія давялося перажыць гэтай жанчыне, тры жудасныя гады ў нямецка-фашысцкім палоне і цяжкую працу ў калгасе ў мірны час, Еўдакія Рыгораўна захавала сілу духа, веру ў лепшае будучае і бадзёры настрой, якому могуць пазайздросціць яе чацвёра дзяцей, васьмёра ўнукаў і чатырнаццаць праўнукаў.
– Я такая радая, што бачу вас, такіх маладых і прыгожых, – раз-пораз, размаўляючы з гасцямі, паўтарала жанчына. – І такая шчаслівая, што ўсё ў нас добра. Толькі б не было вайны…
Текст: Ольга Хотянович
Фото: Ольга Хотянович