Франтавік Міхаіл Саўчанка: “Калі б не вайна, я б пайшоў вучыцца на юрыдычны факультэт, гэтая мара жыла са мною з юначых гадоў” З цеплынёй успамінаю сустрэчы з М.А.Саўчанкам, чалавекам надзвычай унікальнага лёсу.
Ён не быў зэльвенцам па нараджэнні, але стаў ім дзякуючы амаль шасці дзясяткам пражытых тут паўнавартасных гадоў. Міхаіл Андрэевіч САЎЧАНКА з сынам Барысам і ўнучкай Наталляй. Фота 2010 г. Франтавік Саўчанка прыехаў у Зэльву ў сярэдзіне 50-х гадоў мінулага стагоддзя. Да гэтага былі баі пад Ленінградам, фарсіраванне Дняпра (ордэн “Чырвонай Зоркі” – за легендарную пераправу), цяжкае раненне і доўгае лячэнне ў шпіталях Харкава і Баку, служба ў тылавых часцях да вясны 1949 года. Віцябчаніну Саўчанку не было куды вяртацца: вайна сурова абышлася з блізкімі салдата. Бацька памёр яшчэ да вайны, маці не вынесла акупацыі, сясцёр раскідала па свеце. Дапамог абуладкавацца пляменніку мамін брат, які жыў у Гродне. У Гродзенскай абласной канторы па нарыхтоўцы зерня і пачынаў свой пасляваенны працоўны шлях нядаўні воін. Неўзабаве Міхаіла Андрэевіча накіравалі на курсы па падрыхтоўцы кадраў для сістэмы нарыхтовак і захоўвання галоўнага харчовага прадукта. А з курсаў – адразу на пасаду дырэктара Воранаўскага зерненарыхтоўчага пункта. Там ён пазнаёміўся са знакамітым зэльвенцам, першым сакратаром Воранаўскага райкома партыі М.П.Малочкам, яшчэ не згадваючыся, што хутка сам стане зэльвенцам. А так і сталася, як толькі Саўчанка наладзіў работу Воранаўскага “Заготзерно”. У Зэльве пачынаць давялося з будаўніцтва складскіх памяшканняў. Захаваць якасным зерне ў прыстасаваных часовых складах на сваях, пабудаваных у першыя пасляваенныя гады, – немагчыма. Трэба было будаваць грунтоўна, па навейшых тэхналогіях. Патрабавалася не толькі драўніна. А дзе браць цэмент, асфальт, цэглу? Гаспадарлівы чалавек не спадзяецца на цуды, а шукае выйсце. Вось і Міхаіл Андрэевіч настойліва шукаў у розных арганізацыях тое, што магло спатрэбіцца на будоўлі. Асвоілі з рабочымі свой рэцэпт асфальтавай сумесі, рыхтавалі “саўчанскае” пакрыццё для складоў і пад’язных пуцей да іх. Бо як будзеш разлічваць на якасць насення, калі загружаныя зернем машыны пойдуць у склад з граззю на колах?! Крок за крокам, склад за складам даводзіў Саўчанка сваю гаспадарку да ідэальнага стану. Пра якасць і складоў, і дарог да іх можа сведчыць адзіны факт: менавіта Зэльвенскаму хлебапрыёмнаму пункту даверылі захоўванне непарушнага запасу (НЗ)… канадскай пшаніцы! Міхаіл Андрэевіч дняваў і начаваў на рабоце. (Ён і дом пабудаваў побач з месцам працы, каб у любы момант прыйсці на дапамогу рабочым). Не мог сабе дазволіць узяць выхадны. Але падарванае ваеннымі раненнямі здароўе не вытрымлівала… Пачаў прасіць раённае кіраўніцтва, каб знайшлі на яго месца іншага. Зразумелі ветэрана і перавялі ў ДЭУ-118. Работа таксама не з лёгкіх, але Міхаіл Андрэевіч мог не ўскокваць па начах і не імчацца па трывозе ў адзін са складоў. Ды і выхадныя дні мог выкарыстоўваць для сям’і. Нельга не звярнуць увагу на пастаянную цягу Саўчанкі да ведаў. (Відаць, ад матулі, што да рэвалюцыі атрымала гімназічную адукацыю, пераняў ён гэтую цягу). Міхаіл Андрэевіч вучыўся ўсё жыццё. І ў навучальных установах, і ад адукаваных людзей. Вельмі многа далі шасцімесячныя стацыянарныя курсы ў Мінску, прайшоў выдатную тэарэтычную і практычную падрыхтоўку на лепшых складах сталіцы. У 50 гадоў стаў студэнтам-завочнікам тэхнікума Міністэрства хлебапрадуктаў і камбікормавай прамысловасці і атрымаў дыплом спецыяліста па планаванні і ўліку на прадпрыемствах па захоўванні і перапрацоўцы зерня. Калі б не падводзіла здароўе, ён бы і ў ВНУ працягнуў вучобу… І невядома, які б факультэт выбраў. Чаму так думаю? Неяк у размове Міхаіл Андрэевіч сказаў: “Калі б не вайна, я б пайшоў вучыцца на юрыдычны факультэт. Гэтая мара жыла са мною з юначых гадоў”. І ветэран меў падставы думаць, што юрыст з яго атрымаўся б выдатны. Будучы народным засядацелем у судзе, Саўчанка ўнікаў ва ўсе нюансы разглядаемых спраў, заўсёды меў сваю думку, чым заслужыў давер як іншых засядацеляў, так і прафесійных суддзяў. Быў нават такі выпадак. Суддзя Сямёнаў павінен быў ехаць на сесію, а спраў перадаць не было каму. Каб не перагружаць суддзю суседняга раёна, даверыў дробныя грамадзянскія справы разглядаць Саўчанку. Калі вярнуўся з сесіі і праверыў усе матэрыялы суда, застаўся задаволены. Давяралі Міхаілу Андрэевічу многія. Вось і І.М.Капіца, калі Саўчанку прыйшоў час ісці на пенсію, папрасіў узначаліць Зэльвенскі раённы савет Беларускага таварыства аўтааматарў. І Саўчанка 12 гадоў паспяхова арганізоўваў навучанне матацыклістаў у раёне. Так што на заслужаны адпачынак былы франтавік пайшоў у 73 гады. З працоўным стажам амаль у 60 гадоў. І мноствам падзяк і грамат. Дастойны чалавек, каб яго імя было ўвекавечана ў гісторыі Зэльвеншчыны. Яніна Шматко
Источник записи: zelwa.by
© Зельва Онлайн