“У славу Перамогі”
Сёння ў гарадскі сквер да помніка воіну-вызваліцелю прыйшлі кіраўніцтва раёна, прадстаўнікі працоўных калектываў, ветэраны і моладзь, проста нераўнадушныя людзі, якія свята захоўваюць памяць аб гераічных і трагічных падзеях Вялікай Айчыннай. Сабраліся, каб стаць сведкамі і ўдзельнікамі чарговага этапу рэспубліканскай акцыі памяці “У славу Перамогі”.
Гэтай падзеі папярэднічала своеасаблівая экспедыцыя, калі з 34-х месц захаванняў герояў і ахвяр мінулай вайны, што пакояцца на тэрыторыі Шчучыншчыны, ва ўрачыста-жалобнай абстаноўцы, з удзелам свяшчэннаслужыцеляў, была ўзята з кожнай магілы жменька зямлі. Яна – сімвалічны прах загінуўшых. Такая шматпакутная зямля, сабраная з усёй Беларусі, будзе захоўвацца на адной прасторы — у крыпце храма-помніка ў гонар Усіх Святых у Мінску дзеля вечнай малітвеннай памяці. Гэткім чынам аб’яднаюцца ў народнай памяці ўсе тыя, хто цаной свайго жыцця здабыў для нас свабоду і незалежнасць.
Фрагменты свяшчэннай зямлі з месц пахаванняў прадстаўнікі горада Шчучына і рэгіёнаў засыпаюць у спецыяльна ўстаноўленую на пастаменце чашу. Удзельнікі ваенна-патрыятычнага клуба “Дружына” ўнеслі капсулу, якую асвяцілі і запоўнілі зямлёй з чашы шчучынскія святары – айцец Аляксандр і ксёндз Ян.
Капсула памяці ўрачыста перададзена на захаванне ў музей баявой славы СШ №1 г. Шчучына з тым, каб у наступным годзе напярэдадні 75-годдзя Вялікай Перамогі даставіць яе ў сталіцу нашай Радзімы ў храм-помнік у гонар Усіх Святых.
Текст из районной газеты «Дзяннiца», от 19 сентября 2019, фото Черкес Т.
С уважением Татьяна Черкес