Узрост творчасці не перашкода. У Субацкім ДК прайшоў раённы фестываль-конкурс творчасці людзей сталага ўзросту “Узрост. Майстэрства. Талент”

Автор 

Узрост творчасці не перашкода. У Субацкім ДК прайшоў раённы фестываль-конкурс творчасці людзей сталага ўзросту “Узрост. Майстэрства. Талент”

75-годдзю ўтварэння Гро­дзенскай вобласці і Году малой радзімы быў таксама прысвечаны раённы фестываль-конкурс творчасці людзей сталага ўзросту “Узрост. Майстэрства. Талент”, які прайшоў у рамках свята “Дажынкі-2019” у Субацкім Доме культуры.

У ім узялі ўдзел людзі, якія, няглезечы на гады, вядуць актыўнае творчае жыццё: спяваюць, танцуюць, ствараюць прыгожыя рэчы і дораць свой пазітыўны настрой іншым. Вызначаць лепшых з лепшых было даручана нашым землякам, вядомым сваімі талентамі і майстэрствам: кіраўніку народнага сямейнага ансамбля “Сваякі” Марыі Бачынскай, члену Саюза пісьменнікаў Беларусі паэту Віктару Курловічу, членам Беларускага саюза майстроў Ірыне Пекар і Яніне Іюльскай, паэтэсе і рэжысёру Тамары Кашавой, выкладчыку Ваўкавыскага каледжа ­ГрГУ імя Я. Купалы, кіраўніку народнага мужскога ансамбля “Бревис” Віктару Курыловічу. Трэба адзначыць, што перад журы стаяла няпростая задача. Удзельнікі фестываля здзіўлялі разнастайнасцю сваіх захапленняў і ўменняў. У рамках конкурсу былі прадстаўлены побытавыя танцы, эстрадныя і аўтэнтычныя спевы, гумарэскі і вершы, творы выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладного мастацтва. А жыхарка аграгарадка Рэпля Францішка Вайцяхоўская правяла для ўсіх прысутных майстар-клас і паказала, як пераўтварыць звычайныя пэт-бутэлькі ў незвычайныя кветкі.

Згодна з умовамі фестывалю былі вызначаны пераможцы першай, другой і трэцяй ступені ў розных намінацыях. У намінацыі “Вакальная творчасць” узнагароды атрымалі Тамара Выстаўкіна (ГДК), Галіна Цвяткова (Роскі Дом культуры), дуэт Марыі Гаўрылавай і Ірыны Падарожнай (ГДК), а таксама клуб аматараў народнай творчасці “Скарбонка” (Роскі Дом культуры). У намінацыі “Харэаграфічная творчасць” лепшымі былі прызнаны фальклорны гурт “Крынічанька” (Воўпаўскі Дом культуры) і дуэт Аляксандры і Сяргея Рошчупкіных (Роскі Дом культуры). У намінацыі “Літаратурна-мастацкая творчасць” былі адзначаны Галіна Вераб’ёва (в. Драгічаны), Алена Патычук (ГДК) і Любоў Гарбачэўская (аг. Воўпа). У фальклорным жанры пераможцамі сталі Ганна Забалоцкая (Субацкі Дом культуры) і Надзея Трапчык (Мацвееўскі Дом культуры). Сярод майстроў дэкаратыўна-прыкладной творчасці лепшымі названы Сяргей Няхайчык (аг. Гнезна), Таццяна Конанава (аг. Воўпа), Мікалай Цыганоўскі (ГДК) і Францішка Вайцяхоўская (аг. Рэпля). Усе ўдзельнікі былі ўзнагароджаны дыпломамі і памятнымі падарункамі. А ўсе прысутныя яшчэ раз пераканаліся ў тым, што наша малая радзіма вельмі багатая на разнастайныя таленты і з’яўляецца скарбніцай творчых набыткаў.

    Добавить комментарий

    Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

    *
    *
    Website