Тамара Петрусевіч: «Чым займаюся на пенсіі? Жыву!»

У пенсіянераў часта пытаюцца: што, маўляў, робіце на пенсіі? Тамара Сцяпанаўна Петрусевіч (на фота) не задумваецца над адказам: «Жыву! І раблю ўсё тое, што і вы. Толькі павольней». 

Жыццёвай няў­рымслівасці Тамары Сцяпанаўны Петрусевіч варта па­зай­здросціць: у ветэранскім клубе «Ак­­тыў­нае даўгалецце» былая настаўні­ца актыўна ўдзельнічае ў абмеркаванні хвалюючых пытанняў, дыскусіях. На канцэрты,  святочныя ўрачыстасці, экскурсіі і ў паездкі – з вялікай ахвотай. «Дзе ўваход свабодны – там і я», – жартуе. А яшчэ  яна з  радасцю займаецца рознымі відамі творчасці – увесь дом застаўлены самаробкамі, створанымі на майстар-класах у Доме рамёстваў і гуртках Тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. «Займацца нечым адным – не  па мне. Хачу шмат што паспрабаваць, многаму навучыцца». Вядома, шчыруе ў агародзе, садзе, кветніку, дзе ў летнюю пару ўсё буяе.

А нядаўна старэйшая дачка Марына падключыла матулі інтэрнэт, і Тамара Сцяпанаўна зарэгістравалася ў сацыяльных сетках. Праз «Аднакласнікі» і «ВКантакце» знайшла далёкіх родзічаў, сяброў  дзяцінства, а некаторыя былыя вучні адшукалі яе. Як жа было прыемна настаўніцы!  Нахлынулі ўспаміны, захацелася пагартаць старыя фотаальбомы, з вышыні больш чым сарака гадоў педагагічнай працы глянуць на сябе, юную першакурсніцу Полацкага педвучылішча. Успомніліся гады дзяцінства, што прайшлі ў невялічкай вёсачцы Ольсевічы на Мя­дзельшчыне.

Першакурсніца Полацкага педвучылішча Тамара Хіло

Нарадзілася Тамара Сця­па­наўна, у дзявоцтве Хіло, напачатку 1945-га, пераможна­га года. У сям’і дзяцей было чацвёра. Рана пайшла ў школу – пачатковую, у роднай вёсцы, пасля хадзіла  за тры кіламетры ў  Брусянскую сямігодку, затым  яшчэ далей – у Сваткоўскую сярэднюю. Вельмі хацела стаць настаўніцай – і паступіла ў Полацкае педвучылішча, па заканчэнні якога ў 1963 годзе атрымала накіраванне ў Ашмянскі раён, куды на той час уваходзіла і Астравеччына. Праўда, прыехаўшы ў незнаёмую мясцовасць, разгубілася: ці туды, куды ёй трэба? Прачытала шыльду на магазіне – ён адносіўся да Ашмянскага райспажыўсаюза – і ўздыхнула з палёгкай: правільна трапіла. Пайшла шукаць аддзел адукацыі. Тут і высветлілася, што раён не Ашмянскі, а Смаргонскі! Ды ўсё вырашылася найлепшым чынам.

Першым працоўным месцам настаўніцы пачатковых класаў на Астра­веччыне стала Дзягенеўская васьмігадовая школа, дзе і пайшоў адлік працоўнага стажу – два гады. Тады ж паступіла на завочнае навучанне ў Віцебскі педагагічны інстытут імя С.М. Кірава і скончыла яго па спецыяльнасці «Біялогія». Затым тры гады працавала настаўніцай хіміі і біялогіі ў Градаўшчызненскай васьмігадовай школе. А пасля лёс паслаў Тамары Сцяпанаўне добрага чалавека ў спадарожнікі жыцця – Часлава Віктаравіча Петрусевіча, і ў хуткім часе яны  звілі сямейнае гняздо ў Астраўцы. Настаўніца біялогіі і хіміі спатрэбілася і тут. Пазней стала выкладаць толькі хімію. Прадмет свой  вельмі любіла і  перадавала гэтую любоў удзячным вучням.

Першыя вучні ў Дзягенеўскай школе

Ішлі гады. У Астраўцы пабудавалі яшчэ адну школу, прысвоілі ёй нумар 1, а ранейшай – нумар 2. Тут і працавала Тамара Сцяпанаўна аж да выхаду на пенсію. Але на адпачынак пайшла не адразу, яшчэ  працяглы час заставалася ў роднай стыхіі. Амаль 43 гады налічвае педагагічны стаж Тамары Сцяпанаўны! У шуфлядцы пісьмовага стала  акуратным стосам ляжаць Ганаровыя граматы Міністэрства асветы БССР, абласнога і раённага аддзелаў адукацыі, дыплом «Лепшы па прафесіі», знакі пераможцы сацыялістычнага спаборніцтва. У асобнай каробачцы – ордэн «Знак Пашаны». І як сведчанне высокага прафесіяналізму – Ганаровая грамата Прэзідыума Беларускага рэспубліканскага праўлення Усесаюзнага хімічнага таварыства імя Д.М. Мендзялеева (1991 год). Але самай дарагой узнагародай Тамара Сцяпанаўна лічыць сціплы малюнак камічнага зайчыка з моркаўкай у зубах  з надпісам «За дабрыню, пяшчоту і любоў» – падарунак вучняў аднаго з адзіннаццатых класаў СШ №2. Сапраўднае прызнанне!

У Тамары Сцяпанаўны абедзе дачкі, Марына і Алена, настаўніцы пачатковых класаў, трое дарослых унукаў, якія сваё дзяцінства шчасліва праводзілі ў бабулі з дзядулем (на жаль, Часлаў Віктаравіч ужо пайшоў з жыцця). Унучка Марта скончыла медыцынскі ўніверсітэт і стала  правізарам, нядаўна выйшла замуж. Унукі Валянцін і Уладзіслаў – ветэрынарны ўрач і менеджар-эканаміст. Яны і цяпер з радасцю бываюць у бабулі, калі выпадае час. А ў будучым, варта спадзявацца, і праўнукі народзяцца.

І Тамара Сцяпанаўна ўзялася  пісаць радавод сваёй сям’і ад прадзедаў і прабабуль. Няхай нашчадкі ведаюць і шануюць свае карані.
І хто цяпер скажа, што на пенсіі няма чаго рабіць? Было б жаданне і адпаведны настрой душы!

Ад аўтара

Давайце не старэць!

«Ага, – прабурчыць нехта, – а куды ад старасці падзенешся? Надыходзіць, не пытаючыся. Душыць немачамі, хандрой,  матэрыяльна «ўразае» да мінімуму, ужо нічога лішняга, зманлівага сабе не дазволіш. Сядзі ў хаце, корпайся на агародзе або дачы, калі ёсць, або «цісні» канапу перад тэлескрынкай, калі іншых заняткаў няма. І пагружайся ў нуду зялёную, чакаючы зыходу ў лепшы свет. Нікому ты не патрэбны… »

Не буду нікога ні ў чым пераконваць – у кожнага жыццё складвалася па-рознаму, і лю­дзей, што трапілі ў безвыходнае становішча, на жаль, нямала. Дык вось дзе пункт прыкладання сіл! Калі мы, яшчэ моцныя, дапаможам слабейшым. Хаця б проста зойдзем на гадзінку, пагамонім, паўспамінаем, суцешым. Гарачага чайку нальём і папьём у кампаніі. А можа, нават на двор, на лавачку выцягнем ці прагуляемся па вуліцы крыху. Чалавек павесялее, захоча паўтарыць прыемныя моманты жыцця – і мы яму ў гэтым не адмовім.

Вось толькі не трэба залічваць мяне ў запісныя аптымісты. Хапіла на мой век і дэпрэсіі, і роспачы, і адзіноты. Хто ведае мяне, той зразумее. Але ж з усіх сіл намагаюся не здавацца! Нават калі хваробы адольваюць і прымушаюць сядзець у кватэры. Пасяджу, колькі трэба для ачуняння, і выбіраюся да людзей. Зразумейце: старасць адольвае нас тады, калі мы ёй дазваляем! Паспрабуем не дазволіць?
Вось сённяшняя мая гераіня такая малайчына! Не зайздрошчу – захапляюся! І жадаю ёй ніколі не старэць душой. І мы разам пастараемся захаваць ў сваіх сэрцах агеньчык маладосці.

Ваша Сямёнаўна

Текст: Таисия Семёнова

 

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

*
*
Website