Жыць героям – у памяці народнай
Дзясяткі населеных пунктаў па ўсёй краіне за апошнія тыдні далучыліся да міжнароднай патрыятычнай акцыі “На славу агульнай Перамогі!”, арганізаванай Беларускім культурным цэнтрам духоўнага Адраджэння і прымеркаванай да 75-годдзя Вялікай Перамогі.
Мітынгі і цырымоніі па перадачы зямлі з брацкіх магіл, месцаў пахавання партызан і мірных жыхароў, закатаваных ворагамі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, напярэдадні прайшлі на Дзятлаўшчыне.
25 кастрычніка прадстаўнікі працоўных калектываў, удзельнікі грамадскіх аб’яднанняў, школьнікі, моладзь, святары, жыхары Дзятлава прынялі ўдзел ва ўрачыстай цырымоніі ўшанавання памяці загінулых. У час акцыі зямлю з месцаў пахавання раёна змясцілі ў агульную капсулу, якая часова будзе захоўвацца ў Дзятлаўскім гісторыка-краязнаўчым музеі. Урачысты мітынг з гэтай нагоды прайшоў у гарадскім парку ля мемарыяла – брацкай магілы воінаў Чырвонай Арміі і партызанаў, загінулых пры вызваленні Дзятлаўскага раёна, і магілаў Герояў Савецкага Саюза Яна Фогеля і Паўла Пятрова.
– Перамога ў Вялікай Айчыннай вайне складалася з намаганняў сыноў і дачок на той момант нашай адзінай вялікай Радзімы і нязломнага духу кожнага асобнага чалавека, – зазначыў ваенны камісар Дзятлаўскага раёна Генадзь Суравец, вітаючы ўдзельнікаў мітынгу. – Мы, іх нашчадкі, абавязаны вечна захоўваць памяць аб подзвігах і прадаўжаць несці іх сцяг міру, як найвышэйшую каштоўнасць на Зямлі.
Вайна забрала мільёны жыццяў, зламала лёсы, спустошыла Айчыну. Сваю разбуральную сілу яна абрынула на вялікія тэрыторыі былога Савецкага Саюза. Братнія рэспублікі накіроўвалі байцоў абараняць агульную Радзіму. Ва ўсіх краінах-удзельніцах ваенных дзеянняў месцы гібелі воінаў з’яўляюцца мемарыяльнымі, многія абазначаны помнікамі і абеліскамі. Задача праекта “На славу агульнай Перамогі!” – захаваць памяць аб загінулых удзельніках Вялікай Айчыннай вайны, у тым ліку ў многіх краінах за межамі Беларусі, стварыць адзіны архіў воінскіх пахаванняў, падтрымліваць у належным стане помнікі і абеліскі, умацоўваць сувязь пакаленняў, прывіваць моладзі адказныя адносіны да мінулага.
Вядучая мерапрыемства Наталля Маліноўская звярнулася да прысутных з заклікам памятаць сваю гісторыю і шанаваць подзвігі дзядоў і прадзедаў. З заміраннем сэрца ўдзельнікі мітынгу слухалі паведамленне Юрыя Левітана, якое ўпершыню гучала 22 чэрвеня 1941 года, калі савецкія людзі даведаліся аб пачатку вайны. Узгадалі, якой цаной дасталася Вялікая Перамога: за гады ваеннага ліхалецця толькі на Дзятлаўшчыне загінулі больш за 20 тысяч жыхароў, лёс Хатыні напаткаў 6 вёсак нашага раёна, загінулі ў баях больш за 200 партызанаў і падпольшчыкаў, а таксама 282 воіны Чырвонай Арміі і тры Героі Савецкага Саюза, цаной свайго жыцця ўратаваў партызанскі шпіталь і паўтарыў подзвіг Івана Сусаніна наш зямляк Іосіф Філідовіч. Памяць дзятлаўчан аб воінах і мірных жыхарах, загінулых у гады вайны, увекавечана ў 96 помніках і абелісках, у райцэнтры ўсталяваны 11 мемарыяльных шыльдаў на вуліцах, названых у гонар воінаў Чырвонай Арміі, партызанаў і падпольшчыкаў.
Зямля з Радзімы – святыня, родная зямля, палітая крывёю загінулых, – удвайне, яна – сімвалічны прах. Міжнародная акцыя “На славу агульнай Перамогі!” стварае новую культуру памяці аб Вялікай Айчыннай вайне. Мы уваходзім у новую эпоху, у якой не будзе жывых сведак ваенных падзеяў, адзінай сведкай таго часу застанецца зямля з памятных месцаў.
24 кастрычніка ў сельскіх саветах нашага раёна і райцэнтры прайшлі мітынгі памяці і была ўзята зямля з 12 магілаў і месцаў пахавання ахвяраў фашызму. У час мітынгу яе ўрачыста аб’ядналі ў агульную капсулу.
Подзвіг загінулых у Вялікай Айчыннай вайне прысутныя ўшанавалі хвілінай маўчання. Удзельнікі цырымоніі ўсклалі кветкі і вянкі да манумента.
Ірына СТЫРНІК