Падзяка жывым, памяць загінулым – у Астраўцы ўшанавалі воінаў-інтэрнацыяналістаў

Бялюткі снег, бы нявіннасць маладых салдатаў, чырвоныя гваздзікі, бы кроў загінулых на той вайне, і цвёрды камень, бы загартаваныя Афганам характары і лёсы.

Мінула 32 гады з дня вываду савецкіх войск з Афганістана. І сёння ля памятнага знака ахвярам Афганскай вайны сабраліся прадстаўнікі раённай улады, грамадскіх аб’яднанняў, ваенізаваных структур, арганізацый, устаноў, прадпрыемстваў раёна, ветэраны працы, моладзь і проста нераўнадушныя грамадзяне – каб пакланіцца загінулым і падзякаваць за мужнасць жывым.

– Мы сабраліся разам, каб ушанаваць памяць землякоў, жыццё якіх абарвала Афганская вайна, – адзначыў старшыня райвыканкама Ігар Шалудзін. – Больш за 14 тысяч савецкіх воінаў загінулі на чужой зямлі, 6 тысяч – памерлі ад ран і хваробаў, 311 – прапалі без вестак. Гэта былі самыя вялікія страты Савецкай арміі з часу Вялікай Айчыннай вайны. Каля 800 беларусаў не вярнуліся з Афганістана, у тым ліку і 2-е сыноў астравецкай зямлі – Іосіф Канстовіч і Станіслаў Бялячыц. Сёння не проста Дзень памяці, гэта дзень шчырай удзячнасці і павагі  воінам-інтэрнацыяналістам. Дзякуй вам за мужнасць, адвагу, патрыятызм!

Словы пашаны таксама выказалі намеснік старшыні райвыканкама Генадзь Бычко, старшыня раённага савета ветэранаў Ірына Шляхтун і старшыня раённага Савета дэпутатаў Ірына Тальчук, якая ўручыла Падзячныя лісты воінам-інтэрнацыяналістам Сяргею Івашку, Вацлаву Казлоўскаму, Уладзіміру Алізару, Аляксандру Андралойцю і Уладзіміру Драгану.

Да ўдзельнікаў мітынгу звярнуўся воін-інтэрнацыяналіст Уладзімір Снегур – ён падзякаваў прысутным за памяць і пажадаў міру, спакою і дабра.

Хвіліна маўчання, трайны залп і ўскладанне кветак да памятнага знака завяршылі ўрачыстасць. А пасля воіны-інтэрнацыяналісты паехалі на могілкі, каб праведаць сваіх братоў-землякоў, што не вярнуліся дадому.


 «Островецкая правда», https://t.me/ostrovetsby.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

*
*
Website