Віншаванні і падарункі – ветэрану і вязням у Астрауцы ўручылі напярэдадні Дня Незалежнасці (+ відэа)
Напярэдадні Дня Незалежнасці словы падзякі і віншаванні гучалі ў адрас тых, хто заваяваў нам мірнае неба над галавой, хто сваёй працай будаваў і ўмацоўваў нашу дзяржаву, – падарункі і сертыфікаты ад раённага выканаўчага камітэта, савета ветэранаў і “Белай Русі” атрымалі ветэран Вялікай Айчыннай вайны Валянціна Ярохіна і вязні фашысцкіх канцлагераў Таццяна Волкава, Ніна Маргуж, Ніна Мілідовіч, Галіна Петрык, Сафія Палуян і Еўдакія Сігалёва.
– Штогод напярэдадні Дня Незалежнасці мы прыязджаем да ветэранаў і вязняў канцэнтрацыйных лагераў, каб у чарговы раз сказаць ім дзякуй за мірнае неба над галавой, каб яны ведалі, што мы іх помнім і шануем і заўсёды будзем побач. Вельмі хочацца, каб яшчэ шмат гадоў нам было куды прыязджаць, каму дзякаваць і каго віншаваць, пераймаць іх каштоўны вопыт – таго, як трэба любіць Радзіму і шанаваць тое, што мы маем, – адзначыла дырэктар тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Святла Куцько.
Сюрпрызам для жанчын сталі песні і віншаванні ад маладога пакалення – выхаванак Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Ангеліны Доўкша і Паўлы Гулевіч
У кожным доме гасцей сустракалі са слязьмі на вачах, але гэта былі слёзы радасці, веры і надзеі. І ў кожным жадалі сённяшняму пакаленню жыць у міры і спакоі.
З першых вуснаў
Ірына Раткевіч, старшыня раённай арганізацыі РГА “Белая Русь”:
– Дзень Незалежнасці – афіцыйнае свята нашай краіны, якое было ўсталявана народным галасаваннем у 1996 годзе. Гэта і Дзень Рэспублікі, і дзень вызвалення нашай сталіцы і нашага горада ад нямецка-фашысцкай акупацыі. І мы павінны гэта помніць, ведаць і захаваць. І ў той жа час наша незалежнасць мае глыбокія карані – беларускі народ прайшоў шляхамі вайны, аднаўлення краіны і ўмацавання нашай дзяржавы. Сёння мы жывём у мірнай краіне – і якая яна будзе, якая чакае будучыня нашых дзяцей, залежыць толькі ад нас. Мы маем права карыстацца багаццямі нашай краіны, але мы абавязаны іх захаваць і прымножыць – і гэта ў нашых сілах. Я віншую астраўчан і ўвесь беларускі народ з нашым агульным святам – Днём Незалежнасці. Помніце, што мы, беларусы, мірны, талерантны і працавіты народ – і гэтым мы моцныя!
http://www.ostrovets.by/