Аматар спорту Валерый Блахін прымаў віншаванні з нагоды 80-годдзя
Актыўнаму і няўрымсліваму Валерыю Блахіну споўнілася 80 гадоў – з гэтым прыгожым юбілеем яго павіншавалі прадстаўнікі раённага савета ветэранаў.
Валерыя Сяргеевіча яны заспелі не дома, а на працоўным месцы ў САК “Імпульс” – тут якраз праходзілі заняткі спартыўнай групы “Актыўнае даўгалецце”, дзе Блахін з’яўляецца трэнерам. Ці не гэта найлепшы доказ таго, што Валерый Сяргеевіч адданы фізічнай культуры целам і душой.
– Дарагі наш юбіляр, мы ўсе ведаем вас як добрага спартсмена і цудоўнага настаўніка фізкультуры, які сваім прыкладам і адданасцю справе прывіваў дзецям любоў да спорта і здаровага ладу жыцця, – адзначыла старшыня раённага савета ветэранаў Ірына Шляхтун. – Нарадзіўшыся ў сумны год, калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, вы ўвасабляеце сабой жыццярадаснасць, аптымізм, бадзёрасць і зараджаеце імі астатніх. Заставайцеся такім яшчэ доўгія-доўгія гады – здароўя і дабрабыту!
Ірына Баляславаўна ўручыла юбіляру Падзячны ліст раённага савета ветэранаў, грашовую прэмію і сувенір. Аднак на гэтым віншаванні не скончыліся – шматлікія пажаданні свайму трэнеру адрасавалі наведвальніцы спартыўнай групы “Актыўнае даўгалецце”.
Сакрэт здароўя і добрага настрою ад Валерыя Блахіна:
– Сябруйце са спортам – і ўсё будзе добра. Галоўнае – уцягнуцца ў фізкультуру і пасля вы ўжо не зможаце ад яе пазбавіцца. (Усміхаецца). Я вось з 1953 года кожную раніцу 30 хвілін раблю зарадку – і не ўяўляю іншы пачатак дня.