Лёсы Вялікай Айчыннай: кулямётчык з Лазавых Адольф Бялячыц

Бацька астраўчанкі Дануты Дрэма Адольф Мацвеевіч Бялячыц быў кулямётчыкам Войска Польскага.

– Тата мясцовы, нарадзіўся 23 снежня 1918 года ў вёсцы Лазавыя, – расказвае дачка ветэрана.

Прызваны на фронт Адольф Бялячыц пасля вызвалення Беларусі Астравецкім райваенкаматам Вілейскай вобласці 4 лістапада 1944 года. Служыў наш зямляк у 10-м пяхотным палку  4-й дывізіі Войска Польскага.

– Ён быў нумарам другім кулямётчыка. Падчас баёў на тэрыторыі Усходняй Прусіі атрымаў цяжкае раненне. Нямецкія салдаты, адступаючы, «знялі» нумар 1, татка заняў яго пазіцыю і адбіваўся, пакуль яму не прастрэлілі руку.  Праляжаў у шпіталі каля двух месяцаў – руку збераглі, але застаўся інвалідам, – працягвае Данута Адольфаўна.

Як сведчыць гісторыя хваробы, радавы Бялячыц 22 красавіка 1945 года разрыўной куляй паранены ў левыя плячо і прадплечча з пашкоджаннем прамянёвай косткі і сярэдзіннага нерва.

– Лячыўся бацька там жа, у Прусіі, у шпіталі. Расказваў, што мясцовае насельніцтва ставілася да нашых салдат як да захопнікаў, – прыгадвае астраўчанка. – Неяк ён з таварышамі па палаце выйшлі прагуляцца па акрузе, на вуліцы ўбачылі жанчыну ля калодзежа, якая набірала ваду, папрасілі яе, каб дала папіць, – і тая адмовіла.  Дарэчы, імя бацькі саслужыўцы не любілі – вядома, не самыя лепшыя асацыяцыі яно выклікала. Але ж наш Адольф ваяваў супраць таго Адольфа!

Пасля Перамогі Адольф Мацвеевіч вярнуўся на радзіму. Ажаніўся, у яго нарадзілася 4 дачкі. Спярша ўладкаваўся ў калгас, потым перайшоў у Варнянскую МТС, пазней працаваў рабочым і вартаўніком у Доме інвалідаў у вёсцы Дубнікі.

– Вясёлым быў наш татка, гаваркім, заўсёды хадзіў на святы да Дня Перамогі, а вось пра вайну размоў не любіў… Узнагароды баявыя меў, ордэн Вялікай Айчыннай вайны І ступені і іншыя. Нарадзіўся бацька ў снежні і пакінуў гэты свет таксама ў снежні – 20-га, у 2005 годзе. Пахаваны на варнянскіх могілках, –  заканчвае размову дачка ветэрана. – Але ён жыве ў нашай памяці, і ўнукі з праўнукамі яго не забываюць, на Дзень Перамогі і іншыя падобныя ўрачыстасці з яго парт­рэтам стаяць у бессмяротным страі.

Текст: Рита Дремо
http://www.ostrovets.by/

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

*
*
Website