Лёсы Вялікай Айчыннай: пасля забойства гітлераўцамі жонкі Пётр Гаўрыловіч пайшоў у партызаны

Для міхалішкаўскай школьніцы Ангеліны Моўчан удзел ва ўрачыс­тасцях па ўшанаванні памяці герояў Вялікай Айчыннай вайны мае асаблівае значэнне – прадзед дзяўчыны быў партызанам. 

– Мой дзядуля Пётр Кузьміч Гаўрыловіч нарадзіўся 20 кастрыч­ніка 1922 года ў вёсцы Вецера Віцебскай вобласці, – расказвае праўнучка ветэрана. – У партызанскі атрад, які знаходзіўся ў бягомльскіх лясах, ён пайшоў у 1941 годзе, пасля таго, як забілі яго жонку. Гэта зрабілі фашыс­ты, яны адсеклі галаву жанчыне і павесілі яе на плот…

Як сведчаць дакументы, у той час у Бягомльскім раёне  дзейнічалі групы створанага на Лагойшчыне атрада «Рамана». Пазней ён пашырыўся ў брыгаду, якая восенню 1942-га была перайменавана ў гонар героя грамадзянскай вайны Анатоля Жалезнякова.

– У 1942 годзе прадзед ужо быў у складзе брыгады «Жалязняк», тады ж  атрымаў цяжкае раненне – застаўся інвалідам. За баявыя заслугі Пётр Кузьміч узнагароджаны ордэнам Вялікай Айчыннай вайны І ступені, – працягвае Ангеліна. – Пасля вайны дзядуля вярнуўся ў родныя мясціны. Ажаніўся з маёй прабабуляй Таццянай, у якой ужо было дзіця – сын Аляксандр. У іх нарадзілася 3 дачкі – Ала, Ніна, Тоня і 4 сыны – Юзік, Толік, Пеця і Сярожа. Маці расказвала, што дзед умеў рабіць адмысловыя валёнкі.

Пётр Гаўрыловіч пакінуў гэты свет на 85-м годзе жыцця – 6 ліпеня 2007 года. Пахаваны ў Докшыцах.

Сям’я ветэрана беражэ памяць пра абаронцу Айчыны, а яго праўнучка Ангеліна лічыць сваім абавязкам удзельнічаць ва ўрачыста­сцях, прысвечаных Вялікай Перамозе, і несці партрэт дзядулі.


Фота аўтара, з архіва Я. Бабіч і А. Моўчан.


Текст: Рита Дремо

http://www.ostrovets.by/

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

*
*
Website