З малітвай, букетамі руж і хрызантэм, падарункамі і новым пашпартам… Даведаліся, як пераступіла свой векавы рубеж жыхарка Шчучына Марыя Рыгораўна Грамадка
Снежань падараваў Шчучыншчыне ўнікальныя юбілеі: у гэтым месяцы адразу дзве імянінніцы з нашага райцэнтра адзначылі сваё 100-годдзе. У мінулым нумары “Дзянніцы” мы расказалі пра доўгажыхарку Ганну Юльянаўну Кепель, а сёння пазнаёмім вас з Марыяй Рыгораўнай Грамадка і яе блізкімі, дзякуючы якім жанчына ў свае сталыя гады акружана ўвагай, клопатам і любоўю.
Першым, хто 14 снежня пазваніў у кватэру па вуліцы Астроўскага, дзе зараз жыве Марыя Рыгораўна, быў свяшчэннаслужыцель айцец Аляксандр Пасцерняк. Цёплыя словы благаславення і віншавання, шчырая малітва ўсёй дружнай сям’ёй і падзяка Усявышняму за доўгі век юбіляркі, просьба аб здароўі і бадзёрасці яшчэ на доўгія гады, аб міры і спакоі для ўсіх людзей на зямлі… Марыя Рыгораўна добра ведае кошт гэтым паняццям, бо за свой доўгі, але няпросты век вельмі многае перажыла, праносячы глыбокую хрысціянскую веру ў сэрцы.
Па традыцыі ў гэтай утульнай кватэры цэлы дзень гасцінна прымалі тых, хто ішоў і ішоў віншаваць доўгажыхарку з адметнай датай. І гэта былі не толькі сваякі, але і прадстаўнікі раённай улады, грамадскіх аб’яднанняў. Уручыць падарунак і букет белых хрызантэм прыехалі начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Андрэй Навіцкі, дырэктар ТЦСАН, лідар раённай арганізацыі Беларускага саюза жанчын Святлана Шанчук, старшыня раённага савета ветэранаў Васілій Жукоўскі. А Наталля Касцюкевіч, начальнік аддзялення па грамадзянстве і міграцыі Шчучынскага РАУС, уручыла М.Р. Грамадка новы пашпарт! Кожны з гасцей выказаў у адрас Марыі Рыгораўны шчырыя словы падзякі за яе руплівую працу ў маладыя гады, удзел у пасляваенным аднаўленні народнай гаспадаркі, за яе належныя адносіны да мацярынскага абавязку.
Гэта жанчына выхавала трох цудоўных дачок, кожная з якіх атрымала добрую адукацыю, таксама, як і маці, служыла прыкладам у працы. Старэйшая – Лілія Клімашэўская – медработнік, зараз жыве ў Навагрудскім раёне. Малодшая – Ніна Ліпская – выпускніца Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі, выдатны эканаміст, а зараз працуе на пасадзе памочніка кіраўніка ААТ “Васілішкі”. Матуля ўжо больш за дзясятак год жыве ў сям’і сярэдняй дачкі – Валянціны Маціевіч, якую ў Шчучыне памятаюць і паважаюць як актыўнага камсамольскага лідара, паспяховага эканаміста райспажыўсаюза. Канешне, Валянціна Пятроўна ўжо на пенсіі і ўвесь вольны час, усю цеплыню сэрца дорыць матулі. Удзячна яна і свайму мужу Рамуальду Лявонавічу за паважлівыя адносіны да цешчы. Трэба сказаць, што ў зоне адказнасці і клопату гэтай сям’і не толькі 100-гадовая Марыя Рыгораўна, але і матуля мужа – Магдалена Станіславаўна Маціевіч, 90-годдзе якой у сям’і адзначаць 1 студзеня.
– Будзем спадзявацца, што гэтыя гены доўгажыхарства перадаліся нашым дзецям і ўнукам, – кажуць у адзін голас дочкі Марыі Рыгораўны, якія ў дзень юбілею прыехалі да матулі, падарылі ружы, душэўна пагутарылі, прыгатавалі любімыя маміны стравы.
Шчырыя віншаванні даслалі любай бабулечцы шэсць яе ўнукаў і адзінаццаць (!) праўнукаў. Прызналіся: да гэтага часу памятаюць цудоўныя святы з пірагамі і галушкамі, што ладзіла бабуля Марыя ў сваім утульным доме ў вёсцы Крывулькі, якая калісь адносілася да Шчучынскага раёна, а потым апынулася на тэрыторыі Мастоўскага.
– Наша матуля з вялікай цікавасцю заўжды чытала раённыя газеты – і “Зару над Нёманам” і нашу “Дзянніцу”, – узгадваюць дочкі. – Сапраўдным духоўным аазісам быў для яе Ятвескі Свята-Пакроўскі храм, дзе яна спявала ў царкоўным хоры. А як толькі выпадала вольная хвілінка, мама заўжды брала ў рукі кнігу. Да Вялікай Айчыннай яна паступіла вучыцца на выхавацельку: яе бацька, наш дзед Рыгор, вельмі хацеў, каб усе яго дзеці мелі адукацыю. Аднак вайна жорстка перакрэсліла мірныя планы і надзеі. Пасля вызвалення ўжо не было магчымасці працягваць навучанне. Усё жыццё мама працавала на калгасных палетках, яшчэ ў 75 гадоў брала дзялкі буракоў. І нас, дзяцей, таксама выхоўвала ў працы.
Пра сваё стогадовае жыццё сама Марыя Рыгораўна сказала так: “Праляцела ўсё ў адно імгненне… Нібыта ў адны дзверы зайшоў, а ў другія выйшаў. Таму цаніць трэба кожны дзянёк, пасланы нам Богам”.
Таццяна СТУПАКЕВІЧ.
Фота аўтара.
http://dzyannica.by/