Прадстаўнікі Бераставiцкага раённага савета ветэранаў павіншавалі выхаванцаў Цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі з надыходзячымі каляднымі і навагоднімі святамі
З 14 снежня па 14 студзеня ў Беларусі праходзіць рэспубліканская дабрачынная акцыя «Нашы дзеці». Гэта час, калі кожны можа падарыць навагодні цуд дзецям, якія патрабуюць асаблівай увагі і клопату.
Ужо на працягу многіх гадоў да акцыі далучаецца і Бераставіцкая раённая арганізацыя Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў. Вось і 17 снежня старшыня раённага савета ветэранаў Алена Сілкова і адказны сакратар Раіса Канецкая наведалі выхаванцаў Цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі г.п. Вялікая Бераставіца, каб уручыць ім падрыхтаваныя наборы канцэлярскіх тавараў.
-Мы думаем, што салодкіх падарункаў у дзяцей яшчэ будзе дастаткова, — гаворыць Алена Іосіфаўна, — а вось каляровая папера, картон, фарбы і клей абавязова спатрэбяцца на развіваючых творчых занятках, якія ўсе дзеці вельмі любяць.

Ля святочна упрыгожанай ялінкі прадстаўнікі раённага савета ветэранаў павіншавалі выхаванцаў Цэнтра з надыходзячымі каляднымі і навагоднімі святамі, пажадалі ім радаснага настрою і перадалі навагоднія падарункі.
Ірына МІКЛАШ, фота аўтара