За шчаслівую будучыню краіны

 

Не маючы звычкі адкладваць на заўтра тое, што можна зрабіць сёння, ганаровы грамадзянін нашага горада, дэпутат раённага Савета дэпутатаў  Валяр’ян Лявонавіч Жоль разам з жонкай Святланай Андрэеўнай першым прыйшоў 22 лютага на свой Паўднёва-Заходні ўчастак для галасавання №27, што размясціўся ў светлым і прасторным памяшканні трэцяй гарадской школы.

Патомны будаўнік, Валяр’ян Лявонавіч калісь кіраваў будаўніцтвам гэтай навучальнай установы, што ўзводзілася ўжо падчас суверэннай Беларусі. А Святлана Андрэеўна з першых дзён адкрыцця СШ №3 г. Шчучына, выкладала тут рускую мову і літаратуру, працавала намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце.

Гэтыя людзі на свае вочы бачылі і бачаць, як разам з усёй краінай імкліва развіваецца наш рэгіён. На працягу 26 год В.Л. Жоль узначальваў Шчучынскую МПМК-167, а ўвогуле ў будаўнічай галіне прапрацаваў 46 год! Будучы на заслужаным адпачынку, гэты чалавек па-ранейшаму займае актыўную грамадзянскую пазіцыю.

— Як можна прапусціць важнейшую палітычную падзею года? – здзіўляецца наш суразмоўца. – Паколькі 27 лютага, у асноўны дзень рэферэндуму, у нас мяркуецца шэраг сямейных сустрэч, то вырашылі са Святланай Андрэеўнай прыйсці на галасаванне сёння. Мы аддаем свае галасы за шчаслівую будучыню нашай Беларусі. Змяненні і дапаўненні ў Канстытуцыю прадыктаваны новым узроўнем беларускага грамадства, дынамікай развіцця грамадска-палітычных і эканамічных працэсаў. Упэўнены, адноўлены Асноўны Закон будзе садзейнічаць захаванню міра і стабільнасці ў нашай краіне, умацаванню сацыяльнай справядлівасці і народаўладдзя, гарантыі захавання сям’і і традыцыйных каштоўнасцей, вернасці нашай гістарычнай памяці.

— Дый магія “люстэркавых лічбаў”, калі ў даце сышліся ажно шэсць двоек, дыктуе зрабіць сёння штосьці лёсавызначальнае, — усміхаецца Святлана Андрэеўна. – Запомніцца гэты дзень назаўжды. Будзем расказваць пра яго сваім унукам — іх у нас чацвёра. Вельмі хочацца, каб жылі яны ў мірнай, свабоднай, заможнай краіне, дзе ёсць перспектывы для моладзі.

Да пачатку галасавання на Паўднёва-Заходнім участку №27 усё было гатова.

— Усе 11 членаў камісіі прыбылі сёння на ўчастак для галасавання ў 9.30, публічна, у прысутнасці назіральнікаў, апламбавалі скрыню для бюлетэняў. Роўна ў дзесяць сталі прымаць першых выбаршчыкаў, — гаворыць старшыня ўчастковай камісіі Валянціна Мілінкевіч.

Члены камісіі сустракалі шчучынцаў прыветна і добразычліва, хутка адшуквалі ў спісах прозвішча жадаючага прагаласаваць, звяралі дадзеныя з пашпартнымі, пад асабісты подпіс уручалі бюлетэнь. Людзі заходзілі ў кабінкі для галасавання, каб афіцыйна зафіксаваць свой выбар.

Апусціла ў ўрну свае бюлетэні супружная пара Жоль.

— Абавязкова трэба прыйсці на рэферэндум і прагаласаваць за будучыню сваёй краіны, сваіх дзяцей і ўнукаў. Няхай яна будзе шчаслівай і мірнай, — пажадалі Валяр’ян Лявонавіч і Святлана Андрэеўна.

Таццяна СТУПАКЕВІЧ.

Фота Аляксандра КАСПЕРЧУКА.

 

 

 

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

*
*
Website