У “малады” юбілей ветэранскай арганізацыі заслужаных людзей ушаноўвалі, ўзнагароджвалі і дарылі музычныя падарункі

 

Урачыстасць з нагоды 35-годдзя ўтварэння ветэранскай арганізацыі прайшла ў Шчучынскім палацы творчасці дзяцей і моладзі, сабрала не толькі актывістаў ветэранскага руху, старшынь пярвічных арганізацый, але і шматлікіх сацыяльных партнёраў — кіраўнікоў сельвыканкамаў, лідараў галіновых прафсаюзаў, моладзь. Раздзяліць радасць урачыстасці прыйшлі старшыня раённага выканаўчага камітэта Аляксей Садоўскі і старшыня раённага Савета дэпутатаў Ганна Хвядзюк.

 

Палац сустракаў сваіх паважаных гасцей жывой інструментальнай музыкай, цікавымі фотавыставамі “Гартаючы гісторыі старонкі” і “35 год разам за адзінства і незалежнасць Беларусі”. Удзельнікі мерапрыемства з настальгіяй пазнавалі на рэтра-здымках гарадскія пейзажы 50-60-х гадоў мінулага стагоддзя, акуналіся ў сваю маладосць, з задавальненнем углядваліся ў прамяністыя твары ветэранаў мінулай вайны, большасць з якіх ужо няма сярод нас, але памяць пра іх жыве…

 

 

— У сакавіку 1987 года ў Шчучынскім раёне была створана раённая ветэранская арганізацыя, якую ўзначаліў удзельнік Вялікай Айчыннай вайны Абрам Данілавіч Змудзяк. А вось з 2001-га на працягу шасці год  гэтым грамадскім фарміраваннем кіраваў ужо Пётр Іванавіч Пазнякоў. Акурат са студзеня 2007-га і па ліпень 2020 года лідарам прадстаўнікоў старэйшага пакалення Шчучыншчыны быў Эдмунд Станіслававіч Дзікевіч, які за свае заслугі ў развіцці ветэранскага руху атрымаў статус ганаровага старшыні нашай арганізацыі, — канстатуе Васілій Сяргеевіч Жукоўскі – сённяшні старшыня раённага савета ветэранаў.

 

 

У сваім выступленні ён засяродзіў увагу на той вялікай і стваральнай ролі старэйшага пакалення, якое дарагой цаной заваявала Перамогу ў Вялікай Айчыннай вайне і адстаяла незалежнасць краіны, аднаўляла гарады і сёлы з руінаў, закладвала падмурак для сённяшняга сацыяльна-эканамічнага развіцця.

 

— Зараз у радах нашай арганізацыі засталіся ўсяго тры ветэраны вайны і 11 вязняў нацысцкіх канцлагераў. Мы з вялікай увагай і клопатам адносімся да іх патрэб, — зазначыў В.С. Жукоўскі. – Ганарымся нашымі землякамі, якія былі ўдастоены высокіх дзяржаўных узнагарод і звання Героя сацыялістычнай працы. У Кнігу Славы раёна занесены імёны больш чым паўсотні чалавек!

 

У цэнтры ўвагі ветэранскай арганізацыі пытанні сацыяльнай абароны людзей сталага веку, паляпшэнне якасці іх жыцця, далучэнне іх да грамадскай работы і патрыятычнага выхавання моладзі. Неардынарна праходзяць мерапрыемствы ў шчучынскіх клубах для пажылых людзей “Лад”, “Для тых, хто не лічыць гады”, “Здаровае доўгажыхарства”, у аналагічных аматарскіх аб’яднаннях у Астрыне, Жалудку, Васілішках. На тэрыторыі раёна паспяхова і актыўна дзейнічаюць 40 пярвічных ветэранскіх арганізацый.

 

Цёпла павіншавалі прысутных з юбілейнай датай кіраўнікі раёна Аляксей Садоўскі і Ганна Хвядзюк, падкрэсліўшы, што ветэранская арганізацыя Шчучыншчыны – адна з самых уплывовых, пажадалі прадстаўнікам старэйшага пакалення здароўя, энергіі, доўгажыхарства.

 

    

 

— Нізкі паклон вам, шаноўныя ветэраны, за захаванне культурнай спадчыны і лепшых традыцый, за плённую працу. Усё тое, што пабудавана і служыць людзям у нашым прыгожым горадзе, увогуле на нашай роднай зямлі – гэта дзякуючы вам! – перакананы Аляксей Валянцінавіч. — На вашым прыкладзе мы выхоўваем нашых дзяцей. Радуйце нас і далей сваёй прысутнасцю, мудрымі парадамі, грамадзянскай пазіцыяй.

 

А.В. Садоўскі і Г.С. Хвядзюк узнагародзілі шэраг ветэранаў-актывістаў Падзячнымі пісьмамі райвыканкама і раённага Савета дэпутатаў. Ухвальнымі апладысментамі сустрэлі ў зале вестку пра тое, што Э.С. Дзікевіч і В.М. Анашкін па ініцыятыве абласной ветэранскай арганізацыі ўдастоены звання “Ганаровы ветэран”.

 

Увогуле ўзнагарод у гэты дзень было надзвычай багата. Іх таксама ўручалі заслужаным людзям старшыня Шчучынскага раённага аб’яднання прафсаюзаў, лідар раённай арганізацыі РГА “Белая Русь” Юрый Пашук, старшыня прафкама работнікаў аграпрамысловага комплексу Генрых Юрэвіч, старшыня раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Галіна Вашчыла і намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Жанна Мецько. Ад імя моладзі ўсяго рэгіёна цёпла вітала ветэранаў першы сакратар райкама БРСМ Віталія Селівончык.

  

 

А які цудоўны канцэрт прапанавалі арганізатары ўдзельнікам юбілейнай урачыстасці! Цёпла прымала публіка выступленне Шчучынскага хору ветэранаў. Гісторыя гэтага творчага калектыву, якім кіруе легендарны музыкант Аляксей Паноў, налічвае 36 год! Музычную эстафету падхапілі квартэт “Новы раманс”, салісты РЦКіНТ, таленавітыя выхаванцы Палаца творчасці дзяцей і моладзі. Ёсць каму на Шчучыншчыне дастойна працягваць духоўныя, патрыятычныя і культурныя традыцыі старэйшага пакалення.

 

Таццяна СТУПАКЕВІЧ.

Фота аўтара.

 

     

 

http://dzyannica.by/

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

*
*
Website