З Днём Незалежнасці! Свіслаччына адзначае галоўнае свята краіны (+відэа)

Свіслачане разам з усёй краінай адзначаюць Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь, свята беларускай дзяржаўнасці і суверэнітэта, грамадзянскасці і патрыятызму.

Менавіта ў гэты дзень кожны грамадзянін нашай краіны па-асабліваму адчувае яднанне са сваёй дзяржавай. Узгадвае пра тое, што беларускі народ коштам неймаверных страт заваяваў сваю свабоду і незалежнасць. Усведамляе, што ў далейшым павінен яе берагчы.

Свята ў Свіслачы пачалося з урачыстага мітынгу. На цэнтральнай плошчы сабраліся дарослыя і дзеці, прадстаўнікі калектываў і грамадскіх аб’яднанняў.

Шчырымі словамі павітаў усіх прысутных старшыня Свіслацкага райвыканкама Аляксандр Вярсоцкі.

– Гэта свята перш за ўсё вас, шаноўныя вэтэраны, тыя, хто з намі, і тыя, каго на вялікі жаль побач з намі няма. Гэта перш за ўсё свята вас, тыя, хто на сваіх плячах вынес усе цяжкасці пасляваеннага будаўніцтва народнай гаспадаркі, – звярнуўся да ўдзельнікаў мітынгу Аляксандр Людвігавіч. – Незалежнасць – гэта не спадчына, якую дорыць гісторыя на ўсё жыццё, гэта не індульгенцыя на нашу з вамі абыякаваць, бязвольнасць і вечнае спадзяванне на кагосьці альбо на штосьці. Незалежнасць – гэта штодзённая клапатлівая праца кожнага з нас з вамі. Кажуць, што багатай краіну робіць гандаль, а незалежнай – сельская гаспадарка. Таму, што калі ты забяспечаны прадуктамі харчавання, ты тады незалежны. І я ў першую чаргу хачу сказаць словы вялікай удзячнасці працаўнікам вёскі за тое стабільнае, паступовае развіццё, якое мы назіраем (у тым ліку і ў гэтым годзе), займаючы пачэснае трэцяе месца па вытворчасці валавай прадукцыі сельскай гаспадаркі. Я кажу словы самай шчырай удзячнасці работнікам жыллёва-камунальнай гаспадаркі, якія забяспечваюць нашу жыццядзейнасць, транспартнікам, супрацоўнікам эканамічнай службы, прадстаўнікам сілавога блока і, безумоўна, інтэлігенцыі за тую выніковую працу, якая была прадэманстравана на працягу папярэдняга года. У галіне культуры мы трэція у вобласці, у спорце – другія.  Агульнае трэцяе месца ў Гродзенскай вобласці раён заняў у сацыяльнай сферы. Мы прыкладваем пэўныя намаганні і будзем рабіць усё ад нас залежнае, каб жыццё жыхароў раёна станавілася лепшым і камфортным. Мы будзем будаваць дарогі, жывёлагадоўчыя аб’екты, будзем развіваць і даваць другое жыццё сацыяльным аб’ектам. Паважаныя свіслачане, няхай у сям’ях кожнага з вас пануе згода, а ў душы – упэўненасць у заўтрашнім дні.

У Дзень Незалежнасці навучэнцам Свіслацкай дзіцячай школы мастацтваў уручылі стыпендыі фонда Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі. Так, трынаццаць навучэнцаў ДШМ атрымалі матэрыяльную дапамогу спецыяльнага фонда Прэзідэнта.

Гэта Дар’я Іванчук, Вераніка Барынава, Дар’я Барэль, Варвара Буйко, Вераніка Салейка, Алеся Галабурда, Ульяна Кот, Павел Леванеўскі, Паліна Савіцкая, Васіліна Лук’янюк, Юлія Сініца, Яўгенія Стрыгун, Караліна Фецісенка.

Адпаведныя пасведчанні юным талентам уручыў Аляксандр Вярсоцкі.

Юныя таленты – пераможцы міжнародных і рэспубліканскіх конкурсаў і фестываляў у галіне музычнага і выяўленчага мастацтва. Іх аб’ядноўвае любоў да творчасці, актыўны ўдзел у конкурсах і фестывалях, імкненне развіваць і ўдасканальваць свае здольнасці.  Як падкрэсліла стіпендыятка Алеся Галабурда, вельмі добра, што у нас у краіне ёсць такая добрая традыцыя – ушаноўванне моладзі, і гэта вельмі ганарліва, што ты маеш давер прадстаўляць Беларусь на міжнародных конкурсах.

Для атрымання пасведчанняў навучэнцы выходзілі са сваімі настаўнікамі.

Павіншаваў прысутных са святам і настаяцель храма Ражства Найсвяцейшай Багародзіцы айцец Кірыл.

Свіслачане ўшанавалі памяць загінуўшых у гады Вялікай Айчыннай вайны хвілінай маўчання і да помніка воінам-вызваліцелям усклалі кветкі. Гэта тое, што мы павінны рабіць, а яшчэ аб подзвігу герояў захаваць памяць. На стагоддзі.

Урачысты мітынг закончыўся рэспубліканскай акцыяй “Праспяваем гімн разам”.

Святочныя мерапрыемствы прадоўжыліся у гарадскім парку, куды прадстаўнікі працоўных калектываў направіліся па вуліцы калонай, яркай, упрыгожанай флагамі і паветранымі шарыкамі.

Марына ЯНЮК

Фота Таццяны КАВАЛЬЧУК, відэа Таццяны КАВАЛЬЧУК і Вольгі БОТВІЧ

https://svisgaz.by/

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

*
*
Website