Сюды заўсёды хочацца вярнуцца (+відэа)
Віталі землякоў старшыня Ханявіцкага сельвыканкама Браніслаў Дзічкоўскі, яго правая рука – кіраўнік спраў сельсавета Марыя Саўко, загадчык тутэйшай клубнай установы Алена Пісар, старшыня прафкама ААТ «Ханявічы» Ірына Канюк.
На свяце аднавяскоўцы выказалі павагу старажылам аграгарадка. Гэта Валянціна Козел і Стэфаніда Кудлаш, якія сёлета адзначылі свой 90-гадовы юбілей. Дарэчы, Стэфаніда Іванаўна носіць ганаровае званне заслужанага калгасніка і мае ўзнагароду за мацярынства. Не забыліся і пра самую малодшанькую жыхарку Ханявічаў – Веранічку Крук. Цёплымі словамі і памятнымі падарункамі адзначылі таксама шматдзетных мам: Таццяна Шкулепа, Соф’я Грыц, Яніна Скібіцкая маюць па пяцёра дзетак. У гэтым годзе ордэн Маці атрымала і Наталля Данілік. Асаблівая ўвага тым, хто ўсё жыццё працаваў на зямлі, быў верным сельскай гаспадарцы. Сярод іх – Анатоль Сушко, Віктар Канюк, Міхаіл Янушка, Мікалай Патоцкі.
Як шырока адчыняюцца перад гасцямі вароты ханявіцкіх падвораў, прадэманстравалі ўдзельнікі конкурсу «Гасцінны двор». У дадзеным спаборніцтве шырыні душы не было лепшага сярод роўных – усе названы пераможцамі і адораны. Гэта сем’і Уладзіміра і Таісіі Янкоўскіх, Сяргея і Ірыны Латыш, Уладзіміра і Таццяны Лісоўскіх, Ніна Клачкова, Тамара Стаўская, Валянціна Кузняцова. Адзначылі і тых, хто, пакінуўшы вёску, усё ж не забывае сваёй Бацькаўшчыны, прыязджае, даглядае родны двор і хату, – Івана Пісара, Сяргея Прохара, сем’і Янушка, Ярмак, Саўко, сем’і Залоска, Ніканчук, Пучок, Алену Раманчук, сям’і Яткоўскіх-Канюк, Канюк-Сакольчык, Уладзіміра і Аляксандра Янкоўскіх, Тамару Кудэлка, Зою Буцько. Яны ўзнагароджаны дыпломамі «За захаванне малой радзімы».
На пытанне «Чаму ж заўсёды хочацца вярнуцца ў Ханявічы?» ля мікрафону паспрабавалі адказаць былы старшыня мясцовага калгасу Генадзь Жалоба, ураджэнцы вёскі Васіль Фунт, Іван Пісар, Іван Козел, Аляксандр Янкоўскі, у мінулым дырэктар Ханявіцкай сярэдняй школы Уладзімір Дайновіч, ветэран медыцынскай службы, некалі загадчык мясцовай амбулаторыі, а зараз заўсёднік мастацкай самадзейнасці клуба Ніна Каранчук. Чаму ж? Таму што тут і неба блакітнейшае, і сонца ярчэйшае, і трава зелянейшая, і птушкі прыгажэй спяваюць. Таму што тут адчуваецца пачуццё, якое не выказаць словамі, – яно ў душы, у сэрцы, сагравае і надае сілы. Гэта тое, што застанецца з кожным, хто звязаны з Ханявічамі, назаўжды.
Не давала сумаваць канцэртная праграма «Гуляй, вёска!», наладжаная ханявіцкімі артыстамі і іх калегамі па цэху са Свіслачы, Вердамічаў і Поразава. Свайго гледача знайшлі выстаўка карцін таленавітага ўраджэнца Ханявічаў – мастака Алега Грыца, фотаўспамін са старых здымкаў «Гэта было нядаўна, гэта было даўно…», зацікавіла выстава-продаж сувенірнай прадукцыі з беларускім каларытам ад свіслацкіх майстроў – аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры.
Свята прайшло пры падтрымцы Ханявіцкага сельвыканкама, мясцовай гаспадаркі – ААТ «Ханявічы», прафсаюзнага камітэта сельгаспрадпрыемства.
Наталля ТУРКО
Фота і відэа аўтара