Чый клопат – пажылыя?

Без пратакола – але з душой прайшло выязное пасяджэнне прэзідыума Астравецкай раённай арганізацыі Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў, на якім разглядалася выкананне дзяржаўнай праграмы “Сацыяльная абарона” ў той яе частцы, што тычыцца сацыяльнага абслугоўвання і падтрымкі.

…Не было звыклых для падобных пасяджэнняў трыбуны, дакладчыка, пратакола. А была экскурсія членаў прэзідыума раённага савета ветэранаў па Тэрытарыяльым цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва і размова зацікаўленых пра тое, што зроблена і чаго, магчыма, яшчэ не хапае, каб пажылыя людзі адчувалі сябе на схіле гадоў абароненымі ў матэрыяльным, бытавым, духоўным і душэўным планах.

З першых вуснаў

Ірына Шляхтун, старшыня раённага савета ветэранаў:

– Мы падтрымліваем сувязь з усімі арганізацыямі, але Тэрытарыяльны цэнтр – наш найпершы памочнік! На іх плячах яго супрацоўнікаў ляжыць асноўны цяжар сацыяльнага абслугоўвання пажылых людзей.

У нашым раёне жыве 4 295 ветэранаў працы. Вядома, не ўсе з іх маюць патрэбу ў сацыяльнай абароне: некаторыя яшчэ плённа працуюць, ды і многія з тых, хто знаходзіцца на заслужаным адпачынку, вядуць актыўны лад жыцця: падарожнічаюць, спяваюць у хоры ветэранаў і ў “Аксамітках”, танцуюць у “Чаромушках”, удзельнічаюць у інтэлектуальных гульнях, шыюць, вяжуць, вышываюць, пішуць вершы, наведваюць групу здароўя і ўдзельнічаюць у спартакіядах, стасуюцца ў клубе “Актыўнае даўгалецце” – старасць іх дома дакладна не застане. І ў спробах уцячы ад гэтай нікім не чаканай госці ім дапамагаюць у цэнтры. Яго дырэктар Святлана Куцько расказала пра шматлікія накірункі работы з пажылымі людзьмі, а члены прэзідыума некаторыя з іх нават праверылі на сабе.

З першых вуснаў

Данута Чарнушэвіч:

– Супрацоўнікі Тэрытарыяльнага цэнтра з намі носяцца як з малымі дзецьмі! Сюды прыходзіш – і душой адпачываеш! Кожнаму знаходзіцца занятак па душы, кожнага тут выслухаюць і падтрымаюць.

Але нямала сярод пажылых тых, хто мае патрэбу ў дапамозе. У раёне 339 чалавек дажываюць век у адзіноце; 2 869 тых, у каго ёсць дзеці, але жывуць яны асобна і па розных прычынах далёка не заўсёды клапоцяцца пра бацькоў. Дадайце 917 людзей з інваліднасцю І і ІІ груп, з якіх 181 – адзінокія. І становіцца зразумелым, што поле для прымянення сіл супрацоўнікам Тэрытарыяльнага цэнтра больш чым шырокае. Ды што там поле – гэта сапраўдны фронт барацьбы са старасцю, немачамі, адзінотай!

“Зброя” на гэтым фронце выкарыстоўваецца самая розная: надомнае абслугоўванне, гуманітарная і матэрыяльная дапамога, забеспячэнне палівам, рамонт печак і электраправодкі, аказанне разавых сацыяльных паслуг – тут асаблівай папулярнасцю карыстаецца распілоўка і колка дроў, абкошванне прысядзібных участкаў, заворванне агародаў. Паслугі сядзелкі, дзённы нагляд за нямоглым, “гасцявыя” і “прыёмныя” сем’і – у любой цяжкай жыццёвай сітуацыі пажылы чалавек можа звярнуцца ў Тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва і быць упэўненым, што яму дапамогуць.

Але бываюць сітуацыі, калі старасць жалезнымі абцугамі бярэ за горла, і тады не дапамагаць трэба, а ратаваць! Для такіх у Падольцах у 2018 годзе адкрыты філіял Тэрытарыяльнага цэнтра. Тут знаходзіцца 20 пажылых людзей.

Яго таксама наведалі члены прэзідыума раённага савета ветэранаў – і на свае вочы пабачылі, што старыя тут чысценькія, дагледжаныя, смачна накормленыя.

З першых вуснаў

Наталля Волк-Леановіч:

– Проста дзіву даешся, як гэтыя бабулі і дзядулі ў Падольцах горнуцца да Святланы Куцько – як да дачкі. Відаць, што яна для іх – не госць, а родны чалавек.

І ўсё ж, як бы цёпла і ўтульна ні было ў казённым доме, старым хочацца дахаты, у родныя сцены, на свае сцежкі. Леакадзія Сапега зімавала ў Падольцах, а летам папрасілася ў сваю хатку ў Вераб’і – з той умовай, што на зіму яе зноў прымуць у агульную сям’ю. А ў жанчыны якраз юбілей надарыўся – 95 гадоў з дня нараджэння. Павіншаваць яе няма каму – адзінокая, і ўдзельнікі выязнога пасяджэння разам з дырэктарам цэнтра Святланай Куцько завіталі да бабулі, каб сказаць ёй добрыя словы і ўручыць невялікі падарунак. Расчулілі да слёз!

Пасля выязнога пасяджэння члены прэзідыума раённага савета ветэранаў прыйшлі да высновы, што Тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва робіць вельмі шмат па сацыяльнай абароне і падтрымцы пажылых людзей. Ці можна больш? Безумоўна – няма той добрай справы, якую нельга зрабіць яшчэ лепш. І ў цэнтры ёсць планы, задумы, мары па развіцці ўсіх напрамкаў дзейнасці. Пры падтрымцы зацікаўленых, думаецца, яны неўзабаве стануць явай.






Текст: Нина Рыбик
Фото: Нина Рыбик
https://www.ostrovets.by/

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

*
*
Website