Другі хлеб беларусаў
25 жніўня 2022 г. у Іўеўскай раённай бібліятэцы адбылося чарговае пасяджэнне аматарскага аб’яднання “Іўеўчанка” – бульбяны баль “Другі хлеб беларусаў”. Размова пад час сустрэчы вялася пра вельмі карысную і важную расліну для кожнага беларуса – пра бульбу.
Вядучыя расказалі, які гістарычны шлях прайшла бульба з таго часу, калі у 1532 годзе з ёй пазнаёміліся іспанскія канкістадоры, калі шукалі на тэрыторыі Перу золата да сённяшняга дня. Бульбу вырошчваюць ва ўсім свеце. Бульба – адна з вядучых сельскагаспадарчых культур. Яна з’яўляецца незамянімым прадуктам харчавання, шырока выкарыстоўваецца як корм жывёле і як сыр’ё харчовай прамысловасці, а таксама лекавай раслінай.
У ходзе мерапрыемства гучалі песні і вершы беларускіх паэтаў, прысвечаныя беларускай бульбе. Да мерапрыемства намаганнямі бібліятэкараў і ўдзельнікаў аб’яднання быў накрыты святочны стол, на якім цэнтральнае месца займала каралева-бульба, а вакол розныя стравы з яе. Прысутныя з задавальненнем частаваліся і дзяліліся сваімі рэцэптамі прыгатавання страў з бульбы. Самыя актыўныя прынялі ўдзел у гульнях: “Бульба” і “Гарачыя гаршчочкі”.
Да мерапрыемства была арганізавана выстаўка-экспазіцыя “Стравы з бульбы ў сусветнай літаратуры”, на якой прадстаўлены мастацкія творы беларускіх і замежных аўтараў, у якіх героі прапануюць рэцэпты страў з бульбы. Госці адзначылі, што мерапрыемства атрымалася цікавае і карыснае.