Я перажыла блакаду Ленінграда

 

Калі Яўгенія Пятроўна Барташэвіч адчыніла дзверы кватэры, адразу стала зразумела, што прадстаўнікі ваенкамата тут нярэдкія і жаданыя госці. На гэты раз намеснік ваеннага камісара Трафім Ходар і вядучы спецыяліст ваенкамата Ганна Сакалова завіталі да жанчыны з нагоды вельмі важнай для яе даты – 80-годдзя прарыву блакады Ленінграда.

Яўгенія Пятроўна – адна з двух былых жыхароў блакаднага горада на Няве, якія пражываюць у Лідзе. Нягледзячы на сталы ўзрост (летась адзначыла сваё 85-годдзе), жанчына застаецца ўвішнай, у яе захавалася добрая памяць.

Пасля таго як Трафім Ходар уручыў Яўгеніі Пятроўне кветкі, падарунак, выказаў словы ўдзячнасці як ветэрану Вялікай Айчыннай вайны, размова зайшла пра былое, перш-наперш пра жыццё ў блакадным Ленінградзе. Ніколі не забывала Яўгенія Пятроўна той дзень, калі дзяцей, сярод якіх была і яна, рыхтаваліся вывезці па дарозе жыцця з блакаднага горада. Грузавік, у якім, меркавалася, паедзе дзяўчынка, стаяў на беразе возера, калі другая машына рушыла наперад. Ад’ехала некалькі сотняў метраў – і раптам пайшла пад лёд. «Не, не буду рызыкаваць дачкой. Няхай застаецца са мной», – вырашыла напалоханая маці маленькай Жэні.

Многа гора і жахаў потым прыйшлося ім перажыць, як і іншым ленінградцам.  Нарастае гул самалётаў. Мама хапае дачку і бяжыць да нейкай траншэі, каб перасядзець бамбёжку. Таксама ў памяці Яўгеніі Пятроўны да гэта часу засталіся падзеі тых дзён, калі хавалі яе бабулю, якая памерла ад голаду.

18 студзеня 1943 года, калі адбыўся  прарыў блакады (вайсковыя часці Ленінградскага фронту злучыліся з ваеннаслужачымі Волхаўскага фронту), стала для ленінградцаў не менш радасным днём, чым доўгачаканы Дзень Перамогі.

Пасля вайны Яўгенія Пятроўна ўладкавалася працаваць на Ленінградскі хімкамбінат. Дзякуючы таму што калектыў прадпрыемства падтрымліваў шэфскія сувязі з адной з вайсковых часцей, яна пазнаёмілася з салдатам, які нёс тэрміновую службу. Вітольд быў родам з горада Ліды. Калі падышоў час дэмабілізацыі, ён прапанаваў Яўгеніі Пятроўне стаць яго жонкай і разам з ім ехаць у Беларусь. Дзяўчына дала згоду.

Так ленінградка стала лідчанкай.

Тым не менш пра родны горад на Няве яна ніколі не забывала – ездзіла ў госці да маці і родных. А пазней, пасля заканчэння інстытута, там асталявалася адна з трох іх з мужам дачок.
У час паездак у Ленінград Яўгенія Пятроўна не прамінала наведаць месцы, звязаныя з ваенным маленствам. А такіх нямала. Напрыклад, Піскароўскія могілкі (тут пахаваны яе бацька, які ў складзе воінскай часці абараняў ад ворага Ленінград), бераг Ладажскага возера (адсюль пралягала дарога з блакаднага горада).

– Трэба берагчы мір, – кажа Яўгенія Пятроўна, і з вуснаў блакадніцы гэтыя словы гучаць асабліва важка.

 

Текст и фото: Людмила Петрулевич.

Источник: «Лидская газета»,

https://lidanews.by

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

*
*
Website