Падзякі, сувеніры, вытворчая экскурсія – ветэранаў сельскай гаспадаркі Астравеччыны павіншавалі з Днём пажылых людзей

За час свайго існавання сельская гаспадарка раёна перажыла шмат змен. Узбуйняліся і перайначваліся калгасы, малочна таварныя-комплексы з камп’ютарным абсталяваннем пакрысе замянілі “малалітражныя” фермы, а адзін сучасны кормаўборачны камбайн за дзень нарыхтоўвае столькі травы, колькі калісьці два калгасы маглі адужаць…

Каб паказаць, як за некалькі дзесяцігоддзяў змяніўся аграпрамысловы комплекс раёна, і сказаць дзякуй за самаадданую працу ветэранам – у Астраўцы зладзілі сустрэчу з лёгкай падачы старшыні савета ветэранаў Ірыны Шляхтун. Увасобіцца гэтай задуме дапамаглі райкам прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу, упраўленне сельскай гаспадаркі і харчавання і КСУП “Гудагай”.

Былых не бывае

Калі пра людзей, якія не адно дзесяццігоддзе аддалі рабоце і пайшлі на заслужаны адпачынак, памятаюць – гэта дарагога каштуе.

– У вобласці праходзіць дэкада “Залаты ўзрост”. Як бы ні называлі гэты перыяд – элегантным, шаноўным – тым не менш, гэта час вопыту. Вы паважаныя людзі. Са святам жыцця! І няхай яно будзе залатым! – прывітала аксакалаў сельскай гаспадаркі Ірына Шляхтун. – Таксама хачу прыгадаць тых кіраўнікоў, якія праўдай, верай, жыццём служылі роднай зямлі і якіх, на жаль, ужо няма побач з намі: Часлава Рынкевіча, Мар’яна Шагуна, Аляксея Шафарэвіча, Рамана Камінскага, Тамары Зарэцкай, Анатоля Болагава, Станіслава Івашкі, Івана Масальскага, Мікалая Севасцьяна, Яўгена Кухарчыка, Яніны Новік і многіх іншых.

Хвілінай маўчання ўшанавалі памяць былых калег прысутныя.

– Працаваць мне давялося толькі з некаторымі з вас. Але і вы, і мы зараз робім адну справу: займаемся сельскай гаспадаркай і забяспечваем харчовую бяспеку краіны, – адзначыў першы намеснік старшыні райвыканкама Іван Карніла. – Астравец лічыцца атамнай сталіцай Беларусі, але наш раён, на мой погляд, па-ранейшаму застаецца аграрным. Асноўную валавую прадукцыю забяспечвае сельская гаспадарка. Мы займаем 6-ю пазіцыю па вытворчасці малака з 17-ці раёнаў вобласці. У нас ёсць чым ганарыцца: рэалізацыя малака за суткі дасягае 200 тон. Да канца года плануем выйсці на 7 тысяч кілаграмаў ад каровы, а КСУП “Гудагай” – на 9 тысяч пры 3 тысячах галоў. Гэтая гаспадарка – лакаматыў малочнай вытворчасці раёна. Ганарымся такімі кіраўнікамі, як Эдуард Іванавіч. Моцныя лідары і ў КСУП “Гервяты” і РУП “Астравецкі саўгас “Падольскі”. У апошняй гаспадарцы, дзякуючы маладому дырэктару Дзянісу Кірпе назіраецца добры тэмп росту вытворчасці: за пяць гадоў свайго кіраўніцтва ён павялічыў яе ўдвая. Лічу, што ўсіх гэтых поспехаў і дасягненняў не было б без той базы, якую вы заклалі ў свой час. Дзякуй за працу. Здароўя, радасці і бадзёрасці на доўгія гады!

Памятныя сувеніры і Падзякі за шматгадовую плённую працу ў раённай сельскай гаспадарцы ад райкама прафсаюза работкаў АПК і ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання атрымалі былыя старшыні калгасаў Мечыслаў Валуевіч (“Шлях Леніна”, Вячаслаў Адахоўскі (“Радзіма”), Леанід Шкуратаў (“Савецкая Беларусь”), Валянцін Балабановіч (імя Мічурына), Віктар Ярмак (імя Калініна), старшыня калгаса «Ясная паляна» Адам Горбаль, дырэктар сельгастэхнікі Мікалай Харкуноў, дырэктар Астравецкага ПМС Здзіслаў Адынец, намеснік начальніка райсельгасхарчу па эканоміцы Наталля Волк-Леановіч, дырэктар сельэнерга Мар’ян Краснік, галоўны аграном райсельгасхарчу Алена Вільбік, галоўны аграхімік раёна Таццяна Масальская, галоўны спецыяліст райсельгасхарчу Анатоль Ражко, кіраўнік фермерскай гаспадаркі “Світанак-Л” Часлаў Лабачэўскі, галоўныя спецыялісты райсельгасхарчу Галіна Мілэйша, Галіна Ждановіч, Святлана Чарняўская, намеснік галоўнага ветурача Рычард Турчыновіч, інспектар дзяржтэхагляду Сяргей Палішчук, галоўны спецыяліст упраўлення, галоўны бухгалтар райсельгасхарчу Тэрэса Садоўская, галоўны інжынер райсельгасхарчу Уладзімір Раманоўскі.

Старшыня райкама прафсаюза АПК Юрый Адула паведаміў, што ветэраны працы праз прафсаюзныя арганізацыі могуць аздаравіцца ў санаторыях, а таксама папрасіў, каб ветэраны не саромеліся звяртацца да сваіх паслядоўнікаў з падказкамі і парадамі. Ад начальніка ЦБП №428 “Белаграпрамбанка” Андрэя Гладкага прысутныя даведаліся пра паслугі для пенсіянераў.

Экскурсія

Працягам сустрэчы стала вытворчая экскурсія па асноўных аб’ектах КСУП “Гудагай”, – бадай што самай паспяховай гападаркі раёна – якую правёў яго дырэктар Эдуард Садоўскі.

Калісьці па ініцыятыве тагачаснага старшыні калгаса імя Чапаева (Варняны) Уладзіслава Рука малочна-таварная ферма ў Кярнянах, дзякуючы рэкаструкцыі, стала першым у раёне, праўда, не тыпавым, комплексам. Пазней у кожным кааператыве пабудавалі малочныя гіганты, у некаторых – па два, разлічаныя на 700 дойных галоў. Таму жывёлагадоўчы “першынец” раёна стаў значна саступаць сваім “братам” па аснашчанасці і вытворчасці малака.

Некалькі гадоў назад МТК “Кярняны” адышлі пад КСУП “Гудагай” – і яго нястомны кіраўнік са сваёй камандай узяўся за справу. Хутка побач са старой фермай выраслі новыя жывёлагадоўчыя памяшканні, даільная зала і тэхналагічныя ёмістасці для захоўвання травяністых кармоў памерам з палавіну футбольнага поля.

– Аб’ём адной сянажна-сіласнай траншэі дасягае 4-х тысяч тон. Учора, напрыклад, заклалі 2 200 тысяч. Зазначу, што толькі адзін кормаўборачны камбайн “Ягуар” за змену “набівае” тысячу, – расказаў Эдуард Іванавіч.

Многія былі прыемна здзіўлены аб’ёмамі сучаснай корманарыхтоўкі. Як патлумачыў мне адзін з аксакалаў, некалькі дзесяццігоддзяў назад у калгасе столькі сіласу заклалі б за месяц, а то і больш – “гудагайцы” справіліся ўсяго за дзень, і гэта толькі на МТК “Кярняны”.

Дырэктар КСУП “Гудагай” завастрыў увагу на навесах для прафілакторных цялят, якія ўзведзены па ўласным праекце гаспадарчым спосабам. Садоўскі ўпэўнены, што такое ўтрыманне маладняку эфектыўнае. Па-першае, жывёла менш хварэе; па-другое, відавочны эканамічны эфект: затраты на набыццё індывідуальных дамкоў былі б у некалькі разоў большымі за затраты на ўзвядзенне навеса.

– Малочнае абсталяванне тут ужо зманціравана. Думаю, напачатку лістапада пачнём даіць кароў, – патлумачыў Эдуард Іванавіч. – Упэўнены, у наступным годзе МТК “Кярняны” будзе, як “Смілгі”. Прапаную наведаць гэты комплекс – самы сучасны ў раёне.

Нагадаю, што будаўніцтва гэтай малочнай фабрыкі ў Смілгах адбылося дзякуючы інвестыцыям “Банка развіцця”. “Гудагайцы” распрацавалі бізнес-праект аб’екта, які прайшоў конкурсны адбор і трапіў у лік васьмі лепшых у рэспубліцы. З дапамогай дзяржпадтрымкі за два гады “вырасла” сучасная малочная фабрыка з мноствам розных будынкаў, пачынаючы ад прахадной і заканчваючы рознымі ноўхаў. Адно з іх – даільная ўстаноўка “Апола”, у якой аб’яднаны тэхналогія аўтаматычнай апрацоўкі саскоў напрыканцы дойкі прама ў даільным стакане і аўтаматычная дэзінфекцыя апарата пасля яго зняцця.

МТК “Смілгі” разлічаны на ўтрыманне каля 1 500 галоў, у тым ліку 600 дойных кароў. Першыю партыю рагуль “запусцілі” напачатку снежня 2021 года.

Экскурсія па комплексе пачалася з цэха ўтрымання сухастойных кароў – дарэчы яго праект распрацаваў Садоўскі сумесна з камандай.

Галоўны ветурач Галіна Бабіч расказала, што ў першую гадзіну пасля нараджэння цяля з дапамогай дрэнчара выпойваецца малозівам. На працягу наступных 12-ці часоў малое не чапаюць, яно адпачывае ў дамку са спецыяльным абагрэвам.

Галоўны заатэхнік Віктар Алёкса спыніўся на распрацоўцы рацыёна для розных груп жывёл:

– Сухастойныя каровы падзелены на 2 групы. Адна з іх, напрыклад, атрымлівае сумесь з сіласу, здробненую салому і спецыяльную дабаўку. Каб 30 гадоў назад хтосьці пачуў, што так кормім жывёлу, – за галаву ўзяліся б, маўляў, што яны робяць. Аднак на практыцы пацверджана атрымальнасць такога харчавання.

Удзельнікі семінара пабывалі ў малочна-даільнай зале, камп’ютарнай і падзівіліся ўмовам для работы і адпачынку працаўнікоў.

– Загадчыца, відаць, у кабінеце не сядзіць! Папер на стале няма зусім, – заўважыў хтосьці з ветэранаў.

Начальнік комплексу Наталля Гурштын хутка знайшла што адказаць: уся інфармацыя пра жывёлу, надоі, ветэрынарныя маніпуляцыі цяпер у камп ’ютары.

Пакідаючы “Смілгі”, многія з ветэранаў спынілі позірк на прыгожым мурале: маладая даярка з вядром у руках распачынае працоўны дзень.

У Палушах ветэраны пабывалі на механічных-майстэрнях і даведаліся, як дзейнічае цэх па перапрацоўцы рапсу. А завяршыўся насычаны на падзеі дзень святочным абедам у “гудагайскім” “Эдэме”.

Слова ўдзельнікам

Валянціна Горбаль:

– У параўнанні з нашымі часамі цяпер створаны ўсе ўмовы для працы людзей. Раней па раёне на матацыклах едзілі: Масцяны, Клюшчаны – увесь раён… Гаспадарак было шмат: у 1975 годзе налічвалася 27, а цяпер толькі 5. Усе змяненні толькі да лепшага!

Таццяна Масальская:

– Уразілі чысціня і парадак на малочна-таварных комплексах: тэрыторыя заасфальтавана, ёсць душавыя кабіны, пральныя машыны, камп’ютары. Даярка цяпер не ходзіць з вядром у гумовіках, як раней.

Асаблівыя словы падзякі – Наталлі Волк-Леановіч, што ўсіх абзваніла і сабрала. І раней, калі яна працавала ва ўпраўленні, а мы ўжо былі на пенсіі, – ніколі пра нас не забывала і ў будні, і ў святы.

Валянцін Балабановіч:

– Усё залежыць ад старшыні, а гэтаму “калгасу” з Садоўскім пашчасціла. Час не стаіць на месцы – мяняецца і сельская гаспадарка. Новая энерганасычаная тэхніка, малочныя комплексы – толькі дзіву даешся. Мы яшчэ ў сваю бытнасць казалі, што даярка павінна працаваць, як на заводзе. Каля 50-ці гадоў назад насенне ў глебу прыкрывалі сеялкамі з жалезнымі калёсамі, а цяпер у палях вялікія агрэгаты.

Наталля Волк-Леановіч:

– Ад імя ветэранаў сельскай гаспадаркі хачу падзякаваць арганізатарам за такое цудоўнае мерапрыемства – у першую чаргу Івану Мар’янавічу Карнілу. Малайцы нашы прафсаюзы: усяго толькі два чалавекі, але яны адданыя людзям, не забываюць пра ветэранаў, заўсёды гатовыя дапамагчы. Што ўразіла найбольш? Напэўна, Садоўскі. Эдуард Іванавіч моцны гаспадар, таленавіты і дальнабачны кіраўнік, які годна вядзе за сабой увесь калектыў.

 


Текст: Алёна Ганулич
Фото: фота аўтара
Источник: газета «Островецкая правда», https://www.ostrovets.by/

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

*
*
Website