Свята з гісторыяй. Як у Шчучыне адбываўся мітынг, прысвечаны 106-й гадавіне Кастрычніцкай рэвалюцыі
Штогод сёмага лістапада ў Беларусі адзначаецца Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі. 106 год таму адбылася падзея, якая на практыцы рэалізавала векавыя мары чалавецтва аб справядлівым грамадстве.
З гэтай нагоды ў Шчучыне прайшоў мітынг.Ва ўрачыстым мерапрыемстве каля помніка У.І. Леніну на плошчы Свабоды прынялі ўдзел прадстаўнікі выканаўчай улады, Камуністычнай партыі Беларусі, раённага савета ветэранаў, актывісты грамадскіх арганізацый.
З прывітальным словам да прысутных звярнулася сакратар раённай арганізацыі Камуністычнай партыі Беларусі Анжаліна Шпакоўская. Яна адзначыла, што Кастрычніцкая рэвалюцыя ў летапісе чалавецтва стала сапраўды эпахальнай датай для працаўнікоў усяго свету, сімвалам абнаўлення, вызвалення ад прыгнёту і новых надзеяў на светлую будучыню. У краіне, якая была створана пад сцягамі Вялікага Кастрычніка, змагаліся з голадам і разрухай пасля грамадзянскай вайны, была здабыта Вялікая Перамога над фашызмам, здзяйсняліся палёты ў космас, будаваліся электрастанцыі.Народы Савецкага Саюза разам стваралі эканоміку, навуку, культуру. Кастрычнік дапамог набыць сваю нацыянальную дзяржаўнасць, садзейнічаў захаванню і развіццю нацыянальнай культуры.
Анжаліна Расціславаўна пажадала ўсім упэўненасці і аптымізму, неабходных для рэалізацыі намечаных планаў на карысць кожнай сям’і і поспехаў у імя Беларусі.
Намеснік старшыні райвыканкама Таццяна Цюсіна падкрэсліла, што Кастрычніцкая рэвалюцыя — неад’емная частка нашай гісторыі і значная дата. Упершыню была створана беларуская дзяржава, рэалізавана законнае права нашага народа на самавызначэнне, развіццё самабытнай культуры, умацаванне нацыянальнага адзінства. Сёння наша краіна працягвае ўпэўнена ісці па шляху прагрэсу, дабіваючыся новых поспехаў у пабудове грамадства, дзе галоўнай дзеючай асобай быў і застаецца чалавек.
Прысутныя былі адзіныя ў меркаванні, што сфарміраваныя ў перыяд Савецкага Саюза сацыяльна-эканамічныя прынцыпы ляглі ў аснову развіцця прамысловага, навуковага, сельскагаспадарчага і сацыяльнага патэнцыялу сучаснай беларускай дзяржавы.
— Для нашай краіны – 7 лістапада – дата лёсавызначальная, паколькі дзякуючы падзеям 1917 года мы набылі сваю дзяржаўнасць. З Кастрычніцкай рэвалюцыяй звязаны біяграфіі і лёсы нашых дзядоў і прадзедаў, якія верна служылі Радзіме, шчыра верылі ў пабудову справядлівага грамадства. Было пабудавана грамадства, у якім вышэйшымі каштоўнасцямі сталі справядлівасць, сяброўства і братэрства народаў, – адзначыў у сваім выступленні старшыня раённай ветэранскай арганізацыі Васіль Жукоўскі. — Сёння пра значэнне Кастрычніка забываць не варта: рэвалюцыі не адбываюцца проста так, і ўрокі гісторыі лепш памятаць.
Завяршыўся мітынг ускладаннем чырвоных гваздзік да помніка правадыру Кастрычніцкай рэвалюцыі Уладзіміру Леніну.
Сяргей КАСПЯРЧУК.
Фота аўтара.
Источник: газета «Дзяннiца», https://dzyannica.by/