“Шляхам Перамогі” праехалі астраўчане, каб ушанаваць памяць загінулых у гады Вялікай Айчыннай вайны

На тыдні, калі ўся краіна святкавала Дзень Незалежнасці і 80-годдзе вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, астраўчане сталі ўдзельнікамі аўтапрабегу па раёне, каб ушанаваць памяць тых, хто ў баях загінуў за Радзіму і падарыў нам мірнае неба і свабоду. Аўтапрабег “Шляхам Перамогі” стартаваў у Астраўцы каля помніка савецкім воінам і партызанам, дзе прайшло ўскладанне кветак.

– У шэрагу мерапрыемстваў, прысвечаных 80-годдзю вызвалення Рэспублікі Беларусь ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, аўтапрабег з’яўляецца важным этапам памяці пра нашых продкаў і гераічныя падзеі часой Вялікай Айчыннай вайны. Сёння нас сабралася шмат – гэта ўсе неабыякавыя да гісторыі роднага краю людзі, якім важна захаваць праўду пра тыя часы і Вялікую Перамогу. Мы праедзем па знакавых аб’ектах Астравеччыны. Гэта зямля была адна з першых у Гродзенскай вобласці вызвалена, тут праходзілі баі і адразу ж наладжвалася мірнае жыццё, стваралі адміністрацыі, якія дапамагалі людзям у пасляваенны час, – адзначыў намеснік старшыні райвыканкама Павел Міхалюк.

ТРЭБА ПОМНІЦЬ!

 

На Астравец з боку Мядзельшчыны наступала партызанская брыгада імя ЦК КП(б)Б пад камандаваннем Міхаіла Фёдарава, у якой было 338 байцоў.

3 ліпеня ў 19.40 яна атакавала нямецкі гарнізон каля Астраўца. Падчас штурму вылучыліся байцы разведузвода І.П. Шылькова, 2-га атрада імя В.П. Чкалава пад камандаваннем К.П. Міхалькова і атрада імя А.Я. Пархоменкі пад камандаваннем Д.Я. Крэмса. Нямецкія войскі не вытрымалі ўдару і адступілі на Гудагай, але перад гэтым яны паспелі падпаліць пасёлак гранатамі і запальнымі кулямі, нанёсшы значны ўрон. Цалкам згарэла цэнтральная частка Астраўца ад млына да касцёла. Партызанам давялося адмовіцца ад пераследу і заняцца тушэннем пажару. Былі вызвалены ад знішчэння агнём лесапільны і цагляны заводы, млын, аўтамайстэрня і іншыя прадпрыемствы. Трафеямі партызан стала 6 кулямётаў, 40 вінтовак, аўтамашына, 2 матацыклы і 2 прадуктовыя склады.

Наступнай кропкай, дзе прыпынілася калона машын, сталі Гервяты. І зусім невыпадкова. Гэты аграгарадок быў першым у нашым раёне, які летам 1944 года вызваліла 1-я Віцебская партызанская брыгада пад камандаваннем Паўла Патапенкі.

У Гервятах знаходзіцца помнік загінулым землякам, на якім выбіты імёны тых, хто абараняў Радзіму і навечна застаўся ў памяці сваіх аднавяскоўцаў. Менавіта каля яго прайшоў невялікі мітынг, падчас якога школьнікі расказалі гісторыю вызвалення аграгарадка, і ўскладанне кветак.

 

– Нашы дзеці ўшаноўваюць памяць загінулых землякоў, удзельнічаюць у акцыі па добраўпарадкаванні тэрыторыі помніка, каб дакрануцца да гісторыі і аддаць даніну памяці тым, хто заваяваў перамогу і мірнае неба. Мы ўдзячны ветэранам за тое, што жывём у прыгожай мірнай краіне, – расказала намеснік дырэктара Гервяцкай СШ Вольга Казакевіч.

ТРЭБА ПОМНІЦЬ!


 

У чэрвені 1944 года ў Гервяты з баямі прабіралася з боку Смаргоні 1-я Віцебская партызанская брыгада пад камандаваннем Паўла Патапенкі, у якой было 574 байцы. Ноччу 28 чэрвеня спецгрупа брыгады пад камандаваннем Дзмітрыя Котава знішчыла 50-метровы мост праз раку Лошу паміж Гервятамі і Рымдзюнамі. 29 чэрвеня іншыя атрады брыгады атакавалі гарнізон Гервят, які налічваў 20 нямецкіх салдат і афіцэраў і 70 літоўскіх паліцаяў, якія мелі на ўзбраенні 2 станковых і 5 ручных кулямётаў. Падыходы да вёскі былі ўмацаваны трыма кулямётнымі дзотамі, акопамі і землянымі валамі. У ходзе бязлітаснага бою вораг быў выбіты з Гервят, страціўшы 18 чалавек забітымі і 8 – параненымі.

 

Крывавыя баі ў 1944 годзе ішлі і падчас вызвалення Міхалішак. Да таго ж гэты населены пункт першым прыняў удар нямецка-фашысцкіх акупантаў, якія 22 чэрвеня 1941-га разбамбілі ваенны аэрадром. Здзекваліся фашысты і з мясцовых жыхароў. Ужо ў верасні тут арганізавалі гета, вязняў якога расстрэльвалі, катавалі і вывозілі з краіны.

Сёння ў аграгарадку ўстаноўлены помнік загінулым землякам, памятныя знакі загінулым лётчыкам і авіятэхнікам Пастаўскай авіяцыйнай школы і ахвярам халакосту.

 

Каля помніка загінулым землякам і спынілася калона з удзячнымі нашчадкамі. З дзяржаўнымі сцягамі і кветкамі ў руках яны ўшанавалі памяць усіх, хто змагаўся на франтах Вялікай Айчыннай.

ТРЭБА ПОМНІЦЬ!


 



 

У Міхалішках наступала 16-я Смаленская партызанская брыгада пад камандаваннем палкоўніка Івана Шлапакова, якая налічвала 637 партызан. Брыгадзе было даручана захапіць Міхалішкі і захаваць мост праз Вілію да прыходу Чырвонай арміі. Для выканання гэтага задання былі вызначаны 3 атрады і 60 конных разведчыкаў. Узначаліў групу намеснік камандзіра брыгады па разведцы Васіль Дублёных (партызанская мянушка Уральскі).

4 ліпеня 1944 года атрад заняў Міхалішкі. У кровапралітных баях два бакі неслі вялікія страты. Немцы некалькі разоў спрабавалі падарваць мост, у тым ліку і з дапамогай бамбардзіровак, выкарыстоўваючы касетныя авіябомбы. У рэшце рэшт ім гэта ўдалося, яны разбурылі некалькі пралётаў.

На наступны дзень партызаны пачалі аднаўляць мост, але нямецкая авіяцыя працягвала наносіць удары. Становішча змянілася з падыходам 277-й дывізіі 72-га стралковага корпуса. Узвядзенне пантоннага моста ўзяў на сябе 562- гі і асобны сапёрны батальёны. Пры ўсеагульнай дапамозе мост пабудавалі, па ім прайшлі савецкія салдаты.

Пасёлак Гудагай стаў яшчэ адным пунктам памятнага маршруту “Шляхам Перамогі”.

Тут на ўскрайку вёскі месціцца брацкая магіла савецкім ваеннапалонным, якія загінулі ў філіяле канцэнтрацыйнага лагера “Шталаг-342”. Памяць пра тыя падзеі і людзей, якія тут пахаваны, захоўваюць у Гудагайскай школе, памятаюць пра іх і мясцовыя жыхары.

А апошняй кропкай у маршруце аўтапрабегу Гудагай стаў яшчэ і таму, што менавіта ён быў вызвалены апошнім у нашым раёне – фашысты не хацелі аддаваць важны чыгуначны вузел.

Да ўдзельнікаў мітынгу звярнулася старшыня раённага савета ветэранаў Ірына Шляхтун, якая ўспомніла гісторыю гэтага месца і брацкай магілы, а потым зачытала пасланне да нашчадкаў:

– Дарагія нашчадкі! Мы, жыхары Астравецкага раёна, якія жывуць у 2024 годзе, у год 80-годдзя вызвалення Рэспублікі Беларусь ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, звяртаемся да вас праз дзесяцігоддзі, каб перадаць эстафету памяці аб гераічным мінулым нашай рэспублікі, аб Вялікай Перамозе савецкага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны.

Мы жывём у мірнай, суверэннай, моцнай і квітнеючай Рэспубліцы Беларусь, якая пад кіраўніцтвам Прэзідэнта Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі год ад году становіцца ўсё больш прыгожай і мацнейшай. У гэтым заслуга і ўсіх цяперашніх нашых землякоў – жыхароў раёна, якія славяцца сваімі працоўнымі дасягненнямі і ратнымі подзвігамі.

Мы беражліва захоўваем лепшыя традыцыі беларускага народа, клапоцімся аб старэйшым пакаленні, аб ветэранах вайны і працы, якія падарылі нам магчымасць свабодна жыць пад мірным небам. У юбілейны 80-ты год вызвалення Беларусі ад нацысцкай Германіі мы заклікаем вас, дарагія нашчадкі, свята шанаваць памяць аб бессмяротным подзвігу савецкага народа, які адолеў фашызм, і завяшчаем вам захоўваць памяць аб тых, хто абараніў свабоду і незалежнасць нашай Радзімы. Не забывайце, што вы – прадаўжальнікі лёсавызначальных перамог, якія цаной каласальных ахвяр здабылі вашы продкі.

Больш за тысячу жыхароў Астравецкага раёна ваявалі з фашызмам на франтах і ў партызанскіх атрадах. Больш за 400 з іх загінулі за Радзіму і прапалі без вестак. Памятайце пра зверствы, пра генацыд беларускага народа, пра фашысцкія канцэнтрацыйныя лагеры, пра гета, пра спаленыя разам з жыхарамі вёскі, пра расстраляных мірных грамадзян… Нішто не павінна быць забыта!

Дарагія нашчадкі! Мы перадаём вам сваю веру ў лепшую будучыню, свае надзеі і памкненні. Мы перакананы, што вы будзеце самааддана адстойваць сапраўдныя чалавечыя каштоўнасці, будзеце захоўваць і перадаваць гістарычную праўду сваім дзецям і ўнукам.

Любіце сваю Радзіму, змяняйце яе слаўнай працай! Беражыце мір! Мы верым, што перадаём гэтую эстафету часу ў надзейныя рукі патрыётаў краіны. Нам удалося пабудаваць незалежную і суверэнную Беларусь, накіраваную ў будучыню. Моцную і квітнеючую!

Памятайце, што вы – нашчадкі пакалення пераможцаў. Перадавайце сваім дзецям памяць пра тых, хто замярзаў у акопах, жыў у зямлянках, працаваў на карысць роднай зямлі дзеля таго, каб іх дзеці і ўнукі жылі пад мірным небам. Ведайце і шануйце гісторыю, не дапусціце скажэння праўды.

Мы верым у вас! Мы любім вас! Любім цябе, родная Беларусь!

Пасланне паклалі ў капсулу Памяці, якую намеснік старшыні райвыканкама Павел Міхалюк, старшыня Гудагайскага сельсавета Уладзімір Барысевіч і старшыня раённага савета ветэранаў Ірына Шляхтун заклалі каля абеліска. Каб і праз дзесяцігоддзі нашы нашчадкі помнілі пра тое, што нясе вайна і шанавалі герояў Вялікай Перамогі!

 

Дарэчы, маладому пакаленню далі наказ ускрыць капсулу праз 20 гадоў – да 100-годдзя вызвалення Рэспублікі Беларусь і Астраўца ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

 

ТРЭБА ПОМНІЦЬ!


 

Да апошняга гітлераўцы імкнуліся ўтрымаць чыгуначную станцыю Гудагай. У ноч з 5 на 6 ліпеня партызаны брыгады імя ЦК КП(б)Б атакавалі чыгунку Гудагай-Шумск, узарвалі і разабралі больш за 200 штук рэек.

6 ліпеня партызаны брыгады пры падтрымцы разведузвода 144-й стралковай дывізіі атакавалі саму станцыю. Немцы спачатку спрабавалі аказаць супраціўленне, але ў ходзе паўторнай атакі былі выбіты з населенага пункта.

 

У выніку бою і пажару, які ўзнік у казарме, згарэла 7 нямецкіх салдат, каля 40 чалавек гарнізона разбеглася. Немцы сталі адступаць. Гэтым боем было завершана вызваленне Астравецкага раёна.






Текст: Елена Ярошевич
Фото: Елена Ярошевич
Источник: газета «Островецкая правда», https://www.ostrovets.by/news/novosti/news45169.html

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

*
*
Website