У чым наша сіла – члены савета ветэранаў адчулі ў Рытані, Кямелішках, Быстрыцы

Сумясціць патрэбнае з прыемным вырашылі ў раённым савеце ветэранаў – і правялі пасяджэнне прэзідыума ў выязным фармаце. Тым больш тэма – сумесная дзейнасць раённага савета ветэранаў і ўстаноў культуры раёна па арганізацыі культурнага адпачынку пажылых людзей – вымагала паглядзець становішча спраў на месцах. А прысвяцілі гэтае мерапрыемства 80-годдзю ўтварэння Гродзенскай вобласці, якое будзе адзначацца праз пару месяцаў.

На гэты раз вырашылі абысціся без грувасткіх дакладаў і выступленняў у спрэчках. Эмацыянальная інфармацыя старшыні прэзідыума Ірыны Шляхтун аб справах, якімі насычана жыццё ветэранскіх арганізацый – мерапрыемствах, вечарынах, паездках, сустрэчах, пяасядзелках і калектывах, што дзейнічаюць пад крылом устаноў культуры і Тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, – сведчыла, што ветэраны Астравеччыны не старэюць не толькі душой: яны актыўныя, ініцыятыўныя, творчыя, працавітыя.

Але нездарма кажуць, што лепш адзін раз пабачыць, чым сто – пачуць. А пабачыць у Рытанскім Доме культуры, адкуль пачалі сваю вандроўку па раёне ветэраны, заўсёды ёсць што.

Многія ўпершыню наведалі этнаграфічную экспазіцыю, створаную яго няўрымслівым дырэктарам Аляксандрам Юргялянцам. Але і тыя, хто быў тут неаднойчы, не хаваў здзіўлення і захаплення.



–Глядзі, які прас! У нас на гарышчы дакладна такі ж…

–Мая бабуля мыла бялізну на рэчцы такім пранікам.

–Я некалі вучылася падбіваць балансы на такіх вось лічыльніках…

–Якія бразгуны! Колісь на вяселлях такія на коней надзявалі, каб здалёк было чуваць, што маладыя едуць.

Захопленыя воклічы чуліся тут і там – ветэраны ўспаміналі сваё, расказвалі пра чутае ад бацькоў і дзядоў.

А каля адной прылады працы, якіх шмат у экапазіцыі, “завіслі” надоўга, спрабуючы высветліць, для чаго яна патрэбна. Нарэшце здагадаліся: гэта ручная сеялка! Многія бачылі такую ўпершыню. І не дзіва: Аляксандр Юргялянец растлумачыў, што ёй, па самых прыблізных падліках, гадоў 250. Не маладзейшы і пласкарэз для апрацоўкі міжраддзяў. Дзіву даешся, наколькі мудрымі і вынаходлівымі былі нашы продкі!

З Рытані вандроўнікі накіравалія ў Кемелішкі. Тут яны хвілінай маўчання ўшанавалі памяць насельнікаў яўрэйскага гета, знішчаных немцамі ў 1942 годзе, усклалі да месца іх пахавання кветкі і запалілі лампаду.

У касцёле Нараджэння Дзевы Марыі, помніку драўлянага дойлідства 18-га стагоддзя, на поўныя грудзі ўдыхнулі водар векавога дрэва і намоленасць гэтай святыні – і даведаліся з вуснаў ксяндза-пробашча Аляксандра Сямінскага пра яе гісторыю.

Не абмінулі ветэраны і яшчэ адзін храм – найстарэйшы ў раёне быстрыцкі касцёл Узвышэння Святога Крыжа, дата пабудовы якога датуецца 1523 годам, дзе падзівіліся дагледжанасці не толькі самой святыні, але і тэрыторыі навокал: такой фігурнай стрыжкай дрэў не кожны гаспадар сядзібы можа пахваліцца.


У Быстрыцы да помніка ветэрану Грамадзянскай вайны Трафіму Яўсееву, які загінуў у гэтых мясцінах падчас пераправы праз Вілію, таксама ляглі кветкі, а пра ўдзячную памяць нашчадкаў нагадаў палымяны агеньчык лампадкі і хвіліна маўчання. Толькі зноў засталося без адказу пытанне, з якім звярнулася да сайце мясцовая жыхарка: куды пасля закрыцця Быстрыцкай школы падзелася багатая экспазіцыя школьнага музея, прысвечанага Яўсееву?

Завяршылася афіцыйная частка выязнога пасяджэння прэзідыума раённага савета ветэранаў каля крыніцы Святога Яна, дзе здарожаныя вандроўнікі змаглі аднавіць сілы, напіўшыся сцюдзёнай гаючай вады са знакамітай крыніцы, апаласнуць запыленыя рукі і твар – і прыкласціся да каменя-следавіка, на якім яскрава адбіўся след – легенда сцвярджае, што самой Багародзіцы.

Кажуць, каб любіць Беларусь нашу мілую, трэба ў розных краях пабываць. Зусім неабавязкова! Часам дастаткова больш пільна і ўважліва прыгледзецца да сваіх гістарычных мясцін, сэрцам дакрануцца да памяці продкаў: адчуць душэўную повязь з тымі, хто знайшоў вечны спачын у нашай зямлі, з храмамі сваёй Айчыны, са сцюдзёнай вадзіцай са святой крыніцы…




 

Менавіта тут і ў гэтым – кропкі нашай сілы.

Текст: Нина Рыбик
Фото: Нина Рыбик
Источник: газета «Островецкая правда», https://www.ostrovets.by/news/novosti/news45461.html?sphrase_id=88698

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

*
*
Website