Прыгожы куточак пушчанскага краю, табе мы святочную песню спяваем
Як рэдка выпадае вяскоўцам сабрацца ўсім разам з якой-небудзь добрай падзеі. Падзею такую – свята вёскі – арганізавалі работнікі культуры Ціхавольскага сельскага філіяла клуба-бібліятэкі. З усіх куточкаў спяшаліся да клуба вяскоўцы. Ішлі цэлымі сем’ямі, з дзеткамі, унукамі. Хто не даў рады сам прыйсці, таго падвозілі. З нагоды свята да бацькоў з’ехаліся дзеці з далёкіх і блізкіх мясцін. Святочна апранутыя, з добрым настроем, шчырымі ўсмешкамі сабраліся і старажылы вёскі, і моладзь, і самыя маленькія ціхавольцы. А як жа было не сабрацца? Гэта ж свята! Свята аднаго з самых прыгажэйшых куточкаў пушчанкага краю. Здавалася нават сама вёска апранула святочны ўбор і памаладзела.
Тут самае высокае неба
Ды і дзянёк выдаўся на дзіва. Сонейка сагравала ўсіх, хто прыйшоў на свята, і ветрых павяваў ласкава. Словам, надворъе таксама было па-сапраўднаму святочным усім на радасць.
І вось свята пачынаецца! Вядучыя Таццяна Казакевіч і Вадзім Іванюк так шчыра і цёпла вітаюць гледачоў-аднавяскоўцаў. І ў сэрцы кожнага з іх адгукаюцца словы: “Наша любая вёсачка, няма ў цэлым свеце лепшай мясціны. Тут самае высокае неба, самыя духмяныя кветкі, самы звонкі птушыны спеў. Родная вёска – гэта нашыя карані, дом, матуліна песня, добрыя і спагадлівыя суседзі…”.
А якое ж свята без гасцей. Вяскоўцы шчыра вітаюць часова выконваючага абавязкі страшыні Дабравольскага сельскага Савета Ігара Галавача, намесніка начальніка пагранічнай заставы “Тушамля” Ілью Бурака.
Да ўсіх прысутных звярнуўся Ігар Галавач.
– Шчыра кажучы, на такой важнай пасадзе я ўсяго трэці дзень, таму трошкі хвалююся. Але з гэтымі мясцінамі знаёмы даўно. Хачу павіншаваць вас са святам, парадавацца разам з вамі з нагоды такой урачыстасці, падзякаваць усім вяскоўцам за працавітыя рукі, за добрыя сэрцы, за шчырасць, адкрытасць, добразычлівасць.
Сёння Ціхаволя – гэта прыгожая вёска з дабротнымі дамамі, з кветкамі ў кожным двары, з яблыневымі садамі. Ёсць і дамы, дзе ніхто не жыве, але прыязджаюць дзеці, унукі былых гаспадароў, даглядаюць.
Да вайны тут было 77 двароў, у якіх пражывала больш як 530 чалавек. У кожным доме гадавалася па пяцёра, шасцёра, сямёра дзетак. Усе гэтыя двары з прыбудовамі, хлявамі, адрынамі спалілі фашысты ў 1941-м. Жыхары былі вывезены з родных мясцін і, пазбаўленыя роднага кутка, павінны былі шукаць сабе прытулку ў другіх вёсках, прасіцца да чужых людзей. Хаця, у вайну чужых, не было. Усіх аб’ядноўвала адна бяда, і таму дапамагалі людзі адзін аднаму, як хто мог. Дзяліліся апошнім кавалачкам хлеба, сагравалі дзетак, шкадавалі дарослых.
Калі нарэшце былі сагнаны ворагі з нашай шматпакутнай зямлі, ціхавольцы вярталіся ў родныя мясціны, жылі па некалькі сем’яў у зямлянках, падвалах, а на папялішчах адзін за другім вырасталі новыя дамы. Таму што няма такой сілы, якая б здолела адарваць ад каранёў. А зрабіць гэта спрабавалі ненавісныя ворагі, думаючы, што спаліўшы дамы, парвуць з імі сувязь жыхароў вёскі. Ціхаволя ажыла. Зямля загаіла раны ад апёкаў, на залатых палях гудуць камбайны, дажынаючы спелае калоссе, у лугах цвітуць кветкі, у паднябессі пяюць жаўранкі, падымаюцца на крылы маладыя буслы. Жыве Ціхаволя! І святкуе…
Дзякуй вам, вяскоўцы
На сённяшні дзень у вёсцы налічваецца 53 двары, у якіх пражывае 123 жыхары.
Старэйшая з іх 90-гадовая Марыя Кандратовіч. Яна таксама прыйшла на свята, і ў яе адрас гучаць самыя шчырыя словы падзякі і пашаны. Марыя Максімаўна з хваляваннем у голасе распавядае пра сваё жыццё, пра тое, як працавала тут шмат гадоў, пра тое, якія добрыя і дружныя людзі ціхавольцы. Ёй уручаецца падарунак, для ее гучыць песня.
Доказ таго, што вёска жыве, – гэта дзеці. Пастаянных маленькіх жыхароў не так шмат, усяго адзінаццаць, але на кожныя выхадныя да дзядуль і бабуль прыязджаюць унукі, і звіняць іх галасы, і не сціхае дзіцячы смех. Самая малодшая жыхарка Ціхаволі на сёння Ксюша Гутар. Яна з задавальненнем прымае падарунак і дорыць аднавяскоўцам чароўную ўсмешку.
Вядучая адзначае дзяцей-актывістаў, без якіх не абыходзіцца ні адно мерапрыемства, ні адно свята. Яны ўмеюць і спяваць, і танчыць, і чытаць вершы, наогул, да ўсяго цікавыя і здольныя малыя ціхавольцы. Дыпломы і падарункі атрымоўваюць Даша Чарко, Даня Шчарбак, Жэня Гутар, Ліза Шашко, Паліна Шарашавец, Рыта Цыбулька, Уладзіслаў Бондзюш і Вадзім Іванюк. Удзячныя юныя артысты дораць вяскоўцам песню.
Словы павагі і падзякі прагучалі ў адрас працавітых вяскоўцаў, якія шмат гадоў шчыравалі ў мясцовай гаспадарцы, на палях і на фермах. Адзначылі і сённяшніх руплівых ціхавольцаў, якія добрасумленнай працай робяць ўсё залежнае ад іх, каб яшчэ больш квітнела вёска, каб добра ў ёй жылося.
Неверагодна цёплыя і шчырыя словы падрыхтавала для аднавяскоўцаў старшыня ветэранскай арганізацыі Тэрэза Іванюк. Таленавітая, актыўная, усюды паспяваючая Тэрэза Уладзіміраўна павіншавала вяскоўцаў вершам, напісаным уласнай рукоў з нагоды свята. Колькі ў ім было шчырасці і любові да кожнага, хто тут нарадзіўся, жыве і працуе, да родных палетак, да жытнёвых палёў, да пушчанскай старонкі.
Словы падзякі былі адрасаваны і людзям, якія працуюць у другіх сферах: работнікам лясніцтва, паштальёнам, работнікам культуры, настаўнікам, прыёмнай сям’і, усім, хто працаваў і працуе на блага роднага краю. Названы былі і тыя, каго родная вёска падняла на крылы і сёння яны ўслаляюць Ціхаволю на розных пасадах у вобласці і рэспубліцы.
Не забыліся ўшанаваць на свяце і сямейных юбіляраў. 55 гадоў пражылі разам Уладзімір і Феня Сухоцкія, 35-гадовы юбілей адзначылі Аляксандр і Ірына Янюкі, 30 гадоў ідуць па адной сцяжынцы Сяргей і Надзея Сухоцкія, Іван і Алена Філіновічы, 15 гадоў жывуць душа ў душу Сяргей і Алена Іванюкі. Ігар Галавач уручае юбілярам падарункі.
Усім вядома, што Ціхаволя ўваходзіць у пагранічную зону, зусім побач праходзіць граніца з Польшчай. І таму на свята прыйшоў павіншаваць вяскоўцаў намеснік камандзіра заставы “Тушамля”, з якой на працягу многіх гадоў узаемадзейнічаюць жыхары ўсіх навакольных вёсак. Ілья Бурак павіншаваў ціхавольцаў са святам, падзякаваў за тое, што яны таксама пільна сочаць, каб не праніклі чужынцы.
На таленты вёска багата
А хіба ёсць хоць адно сяло, дзе не жывуць таленавітыя людзі, сапраўдныя майстры сваёй справы? Людзі, якія трымаюць у руках дар Божы. На ўсіх святах радуюць вочы вяскоўцаў прыгожыя вышытыя рушнікі, дарожкі, настольніцы, сурвэткі майстрых з залатымі рукамі. Сёлета на свята прадставіла свае вырабы адна з самых старэйшых ціхавольцаў –Анастасія Янушкевіч. Жанчына, якую не песціў лёс, якая прайшла праз многія выпрабаванні, але засталася добрым, светлым чалавекам, са шчырай душой і адкрытым сэрцам.
А ці вы бачылі свята без пірагоў і другога смачнага печыва? Тут свае таленты паказалі мясцовыя кулінаркі Алена Філіновіч, Зоя Галэцкая і Ала Данільчык. Пах ад іх цуда-вырабаў разносіўся па ўсяму наваколлі. Пірагі былі сапраўдным упрыгожваннем свята. Гаспадынькам за іх уменне і талент, а таксама за актыўны ўдзел ва ўсіх культурна-масавых мерапрыемствах, былі ўручаны дыпломы і падарункі. А іх прысмакі пашчасціла паспрабаваць усім гасцям свята.
У Ціхаволі кожны двор чысты і прыгожы, але ёсць і такія, што асабліва адрозніваюцца. На свяце пра гэткіх гаспадароў казалі: “І хата, як цацка, і двор, як маляванка”. Вось іх і ўшаноўвалі на свяце. А гэта сем’і Віктара і Людмілы Філіновічаў, Аляксандра і Ірыны Янюк. А найбольш кветак ў дварах Галіны Кічкайла і Святланы Сухоцкай. Ім падзяка за ўменне ператварыць двор у казку, за працавітыя рукі і любоў да ўсяго прыгожага. Дбаныя гаспадыры і гаспадынькі атрымоўваюць падарункі ад Ігара Галавача.
З добрым словам прывітання звярнуўся да ціхавольцаў былы старшыня сельсавета Віктар Філіновіч. Ён шмат гадоў займаў пасаду старшыні, знаёмы з кожным жыхаром, жыў іх справамі, іх смуткамі і радасцямі.
Дарэчы, падрыхтоўка свята вёскі Ціхаволя не абышлася без яго дапамогі. Так шчыра ўдзячны яму ўсе жыхары і не толькі Ціхаволі, а усіх вёсак, якія ўваходзяць у сельскі савет.
І былі песні. Шмат цудоўных песень, якія гучалі ў гонар тых, хто быў і застаецца адданы працы. Тых, чые скроні абяліў шэрань пражытых гадоў, і тых, хто яшчэ толькі ўздымаецца на крылы. Песні дарылі калектыў “Сузор’е”, мясцовыя артысткі Ала Данільчык, Таццяна Філіновіч, Людміла Лобач, Вераніка Бондзюш.
Доўга яшчэ ў той дзень гучала музыка, песні. Вяскоўцы не спяшаліся разыходзіцца, бо так прыемна было, што свята сабрала ўсіх разам. Людзі маглі пагутарыць, успомніць былое, сустрэцца з землякамі, якія з розных куточкаў паз’язджаліся да роднай вёскі, пацешыцца дзеткамі, якія ўвесь час забаўляліся на пляцоўцы. Як здорава, што праводзяцца такія святы, няхай іх будзе як мага больш, каб перапаўняла радасць сэрцы вяскоўцаў, адданых працы, якім так рэдка выпадаюць дні, калі можна ад усёй душы павесяліцца, зарадзіцца станоўчай энэргіяй на заўтрашні дзень.
Ядвіга КОБРЫНЕЦ
Фота аўтара
Источник: «Свислочская газета», https://svisgaz.by/news/raznoe/prygozhy-kutochak-pushchanskaga-krayu-tabe-my-svyatochnuyu-pesnyu-spyavaem.html