Калекцыянер уражанняў

Хто ў Свіслацкім раёне не ведае Марыі Самалевіч з Грынок?! Калі раптам знойдзецца такі рэдкі чалавек, то, калі ласка, знаёмцеся: Марыя Мікалаеўна – загадчык Грынкаўскага сектара клубнай і бібліятэчнай работы. Упэўнена: многім пашчасціла адпачыць душой на яе самабытных мерапрыемствах ды ўволю навесяліцца з тэатрам-студыяй гульні “Карагод”, якім яна кіруе. Сёння хочацца адчыніць для вас яшчэ адну грань нашай поліфанічнай зямлячкі – яе бязмежную любоў да родных мясцін, да беларускай зямлі і нястомную прагу падарожнічаць, пазнаваць свой край і пры гэтым абавязкова браць з сабой фотаапарат. Гэтая звычка, дарэчы, і прынесла на днях неўтаймаванай грынкоўцы абсалютную перамогу ў фотаконкурсе “Святыні Свіслаччыны”, што праходзіў пад эгідай раённага турыстычнага інфармацыйнага цэнтра ў студзені – месяцы рэлігійнага турызму.


Крок наперад

Марыя Самалевіч задаволена сваёй чарговай перамогай.

– Я лічу, што любая, хоць і маленькая, перамога – гэта заўсёды крок наперад, – разважае яна. – Чалавек развіваецца, аб нечым даведваецца, што, безумоўна, абагачае яго. Ён становіцца яшчэ больш цікавейшым для асяроддзя. У яго з’яўляецца больш сяброў, больш аднадумцаў. Кажуць, што жыццё на пенсіі – гэта ў асноўным канапа і мыльныя оперы. Не, трэба жыць цікава.

Марыя Мікалаеўна згадвае пра канапу, але гэта дакладна не пра яе, хоць узрост ужо і пенсійны.

 Я магу пасядзець на месцы адзін выхадны дзень – і ўсё: мне трэба вандраваць! – згаджаецца яна. – Пачынаю складаць план вандровак. З кім паехаць – пытанне не стаіць. Вядома, з заўсёднікамі аматарскага аб’яднання “Вецер вандраванняў”, што дзейнічае пры клубе. У лютым яму спаўняецца год. Мы вандравалі і да гэтага. А потым я як старшыня ветэранскай арганізацыі задумалася: які адпачынак прапанаваць нашым людзям? Ага, паездкі! Усё стала магчымым дзякуючы мясцовай гаспадарцы – УП “ВМК-АГРА” – і яе дырэктару Міхаілу Марчуку. Нам ніколі не адказваюць у транспарце на нашыя вандроўкі. І мы, задаволеныя, едзем. Год назад вырашылі наладзіць клуб вандроўнікаў. І я ўжо як загадчык клуба пачала работу ў гэтым накірунку. Маім аднавяскоўцам даспадобы прамысловы турызм. Многа дзе пабывалі, а зараз абазначылі для сябе фабрыку “Палессе”, якая добра вядома ўсім нам як вытворца высакаякасных пластмасавых цацак. Думаю, будзе цікава.

“Жыву дарогай”

Марыя Самалевіч вандруе шмат: і па Расіі, і па краінах СНД, і па Беларусі. Пры гэтым па родным краі стараецца ездзіць кожную вольную хвіліну, калекцыянуе ўражанні і расказвае аб іх, дарэчы, яшчэ і на ўласным канале на Ютубе “Жыву дарогай”.

– Чым больш ты вандруеш па сваёй Радзіме, – разважае яна, – тым больш у яе ўлюбляешся. З упэўненасцю магу сказаць, што няма прыгажэйшай краіны, чым наша Беларусь. Яна самая мілая сэрцу. Як толькі перасякаеш мяжу, вяртаючыся аднекуль здалёк, такое невымоўнае пачуццё ахутвае: “Усё – я дома!”

Амаль кожны месяц грынкаўская вандроўніца ловіць спадарожны вецер і мчыць наперад новым ведам, адкрыццям, эмоцыям. У такіх падарожжах і робяцца найлепшыя здымкі. На конкурс Марыя Мікалаеўна прадставіла храмы Свіслаччыны, а таксама застылыя ў кадры сямейныя падзеі – хрэсьбіны і першае прычасце ўнучкі. Гэтыя фатаграфіі і прынеслі ёй першае месца. Ацэньваючы іх, журы адзначыла геаграфічную і тэматычную шырыню аўтарскіх работ.

 Вядома, у маршруце кожнай нашай вандроўкі – святыя месцы, – расказвае Марыя Самалевіч. – Дзе ні бываем, заўсёды ў храм заходзім. Чым больш жывеш на гэтым свеце, тым больш, здаецца, разумееш. Зараз у які горад ні прыеду – заўсёды ў храм! Ну як не зайсці?! І гэта такая хвілінка, калі ты можаш спыніцца і падумаць аб жыцці, аб вечным, аб блізкіх і родных. Ёсць такія храмы, куды хочацца вяртацца зноў і зноў.

І апошняе. Дзякуючы энтузіязму Марыі Самалевіч і яе аднадумцаў-вандроўнікаў летась у Грынках пакладзены, пэўна, пачатак новай культурнай традыцыі – тут упершыню ладзілі свята “Рыбны дзень”. Зноў жа не абыйшлося без падтрымкі спагадлівых людзей, у першую чаргу арандатара возера Свянціца Уладзіміра Раецкага. Але гэта ўжо іншая гісторыя. Адна са шматлікіх гісторый бурлівага жыцця Марыі Самалевіч.

Наталля ТУРКО

Фота аўтара і гераіні

Источник: «Свислочская газета», https://svisgaz.by/news/culture/kalektsyyaner-urazhannya.html

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

*
*
Website