Ціхаволя сабрала землякоў
Ціхаволя зноў сабрала сваіх сыноў і дачок на малой радзіме – фестываль “Сустрэча землякоў” адбыўся ў пушчанскім аграгарадку.
Згадзіцеся, куды б ні закідваў чалавека лёс, яго душа рвецца ў тыя мясціны, дзе прайшлі дзяцінства, школьныя гады, юнацтва, дзе жывуць дарагія сэрцу людзі, дзе чакае бацькоўская хата. Пабачыцца са сваёй малой радзімай прыехалі яе ўраджэнцы з разных куткоў краіны. У цудоўнай атмасферы, напоўненай настальгіяй і душэўнай лёгкасцю, яны цешыліся магчымасцю быць тут і зараз, расказвалі аб сваім жыцці-быцці і дзяліліся ўспамінамі. Свята атрымалася незабыўным ад ўраджанняў, цёплым ад абдымкаў і светлым ад усмешак.
Дарэчы, гэта была ўжо чацвёртая па ліку “Сустрэча землякоў”. І можна з упэўненасцю казаць аб тым, што арганізатары – творчая каманда на чале з загадчыкам сельскага філіяла клуба-бібліятэкі Таццянай Казакевіч – з ідэяй правядзення і ўвасабленнем яе ў жыццё не пралічыліся. Свята адразу адгукнулася ў людскіх сэрцах, і, як толькі з’яўляецца афіша, на яго, як на крылах, ляцяць дзеці Ціхаволі і вёсак-суседак – Тушамлі, Нямержы, Рудні, Броўска. Мінаюць гады, а на святочнай пляцоўцы зноў і зноў збіраюцца людзі розных пакаленняў, аб’яднаныя любоўю да роднай зямлі.
А родная зямля па традыцыі сустракае іх добрым словам, духмянымі пірагамі і шчырай песняй. Пастараліся мясцовыя гаспадынькі, шчодра накрылі стол хатняй выпечкай. Частавалі дарагіх гасцей юшкай, паілі чаем на пушчанскіх травах. Было дзе і вачам адпачыць: запрашалі выстаўкі таленавітых майстрыц – Вольгі Іванаўны Філіновіч і Таццяны Уладзіміраўны Раманчук. З ахвотай гарталі ўдзельнікі свята летапісы школьных гадоў, шчыра радаваліся, знаходзячы на старых здымках сябе, сваіх педагогаў і аднакласнікаў. Да слова, у гэты дзень перад сваімі выпускнікамі адчыніла дзверы былая Ціхавольская базавая школа, і яны маглі прайсціся па знаёмым калідорам і класам, згадаць незабыўнае. Эмоцыі – невымоўныя!
Таксама ў праграме фестывалю – канцэртная праграма. Добры настрой прысутным дарылі мясцовыя вакалісты, артысты з раёна і госці з суседняга рэгіёну – народны ансамбль народнай песні “Бераставіцкі музыкі”. На змену ім прыйшла гульнёва-забаўляльная праграма. Свята доўжылася да зорак.
Падзяліць радасць “Сустрэчы землякоў” прыехалі старшыня раённага Савета дэпутатаў Віктар Субботка, старшыня Дабравольскага сельвыканкама Ігар Галавач, дырэктар Свіслацкага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці Дзмітрый Салдаценкаў, начальнік пагранічнай заставы “Тушамля” Іван Бельскі.
Віктар Субботка падкрэсліў адметнасць ціхавольскага фестывалю, выказаў падзяку яго арганізатарам і сельскаму актыву.
– Свіслацкая зямля багата на сваю культурную і гістарычную спадчыну. Праводзіцца шмат цікавых мерапрыемстваў. І сярод іх годнае месца займаюць брэндавыя святы, якія “прапісаліся” ў кожным аграгарадку. І няхай яны прысвечаны рознай тэматыцы, маюць розныя накірункі, але ўсіх іх аб’ядноўвае адно: такія мерапрыемствы даюць магчымасць сустрэцца землякам, тым, хто тут нарадзіўся, хто воляй лёсу апынуўся ў гэтых цудоўных мясцінах. Ціхавольскі фестываль не выключэнне. Я не першы раз на “Сустрэчы землякоў”, якая вызначаецца сваёй гасціннасцю і цеплынёй. Гэта візітная картка Ціхаволі, – сказаў Віктар Субботка.
Сельвыканкам адзначыў памятнымі падарункамі актыўных памочніц фестывалю – Зою Аляксееўну Галэцкую, Алену Міхайлаўну Філіновіч, Алу Сяргееўну Данільчык, Тамару Мікалаеўну Грушу, Таццяну Уладзіміраўну Раманчук, Веру Уладзіміраўну Сухоцкую, Валянціну Васільеўну Пракопчык.
Ала Шыманюк:
– У кожнага з нас ёсць куточак, куды хочацца вяртацца, дзе можна забыцца, адпачыць ад гарадской мітусні. Для мяне гэта Ціхаволя – месца, дзе светлая бацькоўская хата, дзе заўсёды чакаюць мама з татам, дзе раніцай пахне выпечкай, дзе дыхаецца па-асабліваму. У дзяцінстве і школьным жыцці засталіся самыя цудоўныя моманты майго жыцця. Зараз я жыву ў Гродне, але вельмі часта прыязджаю сюды, дзе мне добра, спакойна, бестурботна, як у дзяцінстве. “Сустрэча землякоў” – цудоўная традыцыя, пакладзеная мясцовым клубам. Аб’ядноўваюць нас і іншыя шматлікія клубныя мерапрыемствы: як для дарослых, так і для нашых дзяцей. Дзякуй Таццяне Мікалаеўне Казакевіч, якая ўкладвае столькі цяпла, святла і добра ў кожнае свята. Жадаю роднай Ціхаволі, каб яна жыла і квітнела!
Анастасія Цырыбка:
– 15 гадоў назад я паехала адсюль вучыцца ў Брэст. Вучылася і ў Віцебску. Сям’ю стварыла ў Мінску. Стала мнагадзетнай мамай. Кожны год разам са сваімі дачушкамі прыязджаю ў Ціхаволю. Стараюся трапляць на такія святы. Яны тут самыя душэўныя, пакідаюць у душы цёплыя ўспаміны. Я вельмі люблю родную вёску, люблю тутэйшых людзей. Тут мае бацькі і сябры. Гэта маё месца сілы.
Наталля ТУРКО
Фота аўтара