Паўстагоддзя адданы сельскай гаспадарцы. Расказваем пра брыгадзіра фермы “Гуды” РСУП “саўгас “Лідскі” Франца Богдана


Пра такіх як Франц Адамавіч можна было б напісаць кнігу, і яна абавязкова разышлася б вялікім тыражом. Людзям, якія амаль усё сваё жыццё прысвяцілі адной працы, заўсёды ёсць, што расказаць. Іх варта слухаць і захапляцца. Журналістам па прафесіі прыходзіцца сустракацца з мноствам людзей. Бывае, што за адзін дзень адбываецца некалькі новых знаёмстваў і запомніць кожнага чалавека проста немагчыма. Але такія асобы, як Франц Адамавіч, ніколі не праходзяць бясследна. Сёння яму 77 гадоў. Ён працягвае працу ў саўгасе і застаецца адным з самых вопытных і шануемых кіраўніцтвам працаўнікоў.
“Нас было многа, а мама – адна”
Франц Адамавіч нарадзіўся і вырас на Лідчыне. Разам з ім у сям’і раслі яшчэ трое хлопчыкаў і маленькая сястрычка. Мама выхоўвала іх адна, і пра тату Франц Адамавіч амаль нічога не ведае. Старэйшыя дзеці добра памятаюць цяжар адказнасці, які лёг на іх плечы яшчэ ў маленстве. Каб зарабіць капейку і дапамагчы маці, Франц разам з братамі пасвіў кароў і браўся за любую працу ў вёсцы.
– Мама была вельмі добрая і працавітая. У свой час яна была паляводам у саўгасе, дзе сёння працую я. Шмат чаго мы не бачылі ў дзяцінстве, бывала, што і на хлеб не хапала грошай. Але мы адзін за аднаго трымаліся, так і справіліся, – успамінае мужчына.
Мінула ўжо шмат дзесяцігоддзяў, але да гэтага часу ўспаміны пра дзяцінства даюцца яму няпроста. Выпрабаванні, праз якія прыйшлося прайсці, загартавалі яго характар: крок за крокам ён пракладваў сабе дарогу да годнага жыцця і пабудаваў яго.
Прыйшоў і застаўся
У гаспадарку, дзе працуе большую частку жыцця, ён уладкаваўся адразу пасля арміі. Некаторы час працаваў вадзіцелем, пасля трактарыстам. Пасля яго заўважыў кіраўнік гаспадаркі і параіў адвучыцца, каб працягнуць працу ў саўгасе, але ўжо на іншай пасадзе. У 1976 годзе Франц Адамавіч паступіў у Ваўкавыскі тэхнікум. Праз два гады ён сустрэў сваю абраную – Дануту, з якой ажаніўся, і далей па жыцці яны пайшлі разам.
Пасля вучобы маладыя вярнуліся на Лідчыну і працягнулі працу ў саўгасе. Ён – заатэхнікам, а яна – лабарантам. Праз некалькі гадоў мужчына зноў адправіўся на вучобу. На гэты раз у Гродзенскі сельскагаспадарчы інстытут.
– Мама заўсёды казала нам: вучыцеся, дзеткі. Знайдзіце сябе ў гэтым свеце. І я знайшоў, – адзначае субяседнік.
У 1986 годзе Франц Адамавіч уладкаваўся брыгадзірам на ферму “Гуды”, дзе працуе па сённяшні дзень. У размове ён прызнаецца: “Прыйшоў на ферму і мне адразу тут спадабалася. Люблю жывёл, люблю працу. Так і застаўся…”
Сёння на ферме знаходзіцца прыкладна 700 галоў жывёл. Разам з вартаўнікамі тут працуюць 9 чалавек. Са сваімі падначаленымі Франц Адамавіч даўно знайшоў агульную мову. Мужчына прызнаецца: сам па сабе я чалавек дабрадушны, але ў сельскай гаспадарцы не абысціся без цвёрдасці.
– Я вельмі асцярожны ў выказваннях і ў строгіх паводзінах да людзей. Бывае, што неабдуманае слова дрэнна паўплывае на чалавека і ўвогуле адаб’е ў яго жаданне працаваць. Не, мая тактыка такая: трэба размаўляць і ставіцца да людзей па-чалавечы. Тады і людзі пацягнуцца да цябе, – лічыць Франц Адамавіч.
Ні аб чым не шкадую
Пра выбар прафесіі і тое, як склалася яго жыццё, наш герой ні разу не шкадаваў. У саўгасе яго шануюць, да сваёй работы ён заўсёды адносіцца сумленна. Нават праз паўстагоддзя працы ён кожны ранак з задавальненнем спяшаецца на ўжо родную ферму, дзе яго чакаюць супрацоўнікі.
Працоўны дзець звычайна пралятае хутка, бо Франц Адамавіч поўнасцю паглыблены ў справу. Дадому мужчына таксама спяшаецца: там яго чакае любімая жонка. На маё пытанне, чым жанчына захапіла яго ў далёкім 1979 годзе, ён з запалам і ўсмешкай адказвае:
– Яна і сёння мяне захапляе! Ох, мая Дануся – цудоўнейшы чалавек. Вельмі разумная жанчына, мудрая. Мы з ёй разам пабудавалі дом, выхавалі дваіх дзяцей – сына і дачку. Далі ім адукацыю. Дачка Святлана звязала сваё жыццё з педагагічнай сферай, а сын Андрэй пайшоў па нашых слядах і абраў для сябе аграрную справу. Дарэчы, працуе разам са мной у саўгасе. Мы ганарымся дзецьмі, бо выхавалі іх сапраўднымі людзьмі, – з гонарам дзеліцца Франц Адамавіч. – Ведаеце, я заўсёды марыў, каб мае дзеці мелі шчаслівае дзяцінства. Мы ім намагаліся даць усё, што можам. Самае галоўнае – мы іх шчыра любілі. Прывівалі асноўныя чалавечыя якасці, вучылі дабрыні і адказнасці. Мая Дануся, дзеці, а цяпер і ўнукі – самае дарагое, што ў мяне ёсць.
На святы вялікая сям’я Франца Адамавіча збіраецца разам у бацькоўскім доме. Глава сям’і з радасцю няньчыць унукаў, працягваючы заставацца апорай для сваіх блізкіх і прыкладам для маладых работнікаў саўгаса.
Источник: «Гродненская правда», https://grodnonews.by/news/ekonomika/pa_stagoddzya_addany_selskay_gaspadartsy_raskazvaem_pra_brygadzira_fermy_gudy_rsup_sa_gas_lidski_frantsa_bogdana.html