Жыццё наша песняй спавіта. Гісторыя народнага фальклорнага калектыву «Спадчына» Грынкаўскага сектара клубнай і бібліятэчнай работы
А ці не заспяваць нам?” – з такіх простых слоў дваццаць гадоў назад пачалася гісторыя народнага фальклорнага калектыву “Спадчына” Грынкаўскага сектара клубнай і бібліятэчнай работы. Сёння гэта сапраўдны творчы брэнд не толькі Грынкоў, але і Свiслаццкага раёна.
За калектывам стаіць вялікая творчая і жыццёвая гісторыя яго стваральніка і першага кіраўніка Людмілы Георгіеўны Лукшы, удзельнікаў – людзей апантаных і таленавітых, плён і клопат мясцовай клубнай установы.
Людміла Лукша – чалавек, закаханы ў народную песню і ў людзей. Шмат гадоў яна кіравала “Спадчынай”, была яе сэрцам, яе рухавіком. Гэта яна, у мінулым загадчык грынкаўскага клуба, засумаваўшы на пенсіі, кінула па вёсцы кліч і аб’яднала вакол сябе мясцовых спявачак. Цяпер на чале калектыву стаіць яе дачка Святлана Гінч – як і матуля, носьбіт народнай песні, захопленая любімай справай.
– Сваю творчую дзейнасць “Спадчына” пачала ў канцы 2005 года, а ўжо ў пачатку 2006 выйшла на пляцоўку абласнога фестывалю “Не старэюць душой ветэраны”, – успамінае Святлана Гінч. – На той час у калектыве было 16 удзельнікаў. Гэта людзі, адданыя песні, якія не ўяўляюць без яе свайго жыцця. Усе – розныя па характары, па прафесіі, па тэмбру і дыяпазону голасу, вакальнаму тыпу, але іх аб’яднала любоў да песні і мая мама. “Ці не заспяваць нам?” – звярнулася яна неяк да актыўных удзельнікаў хору, які існаваў у Грынках яшчэ ў савецкія часы і налічваў звыш шасцідзесяці чалавек. Яны адгукнуліся – зноў захацелася адчуць хваляванне перад выхадам на сцэну, дарыць людзям свой талент і добры настрой. І зазвінела песня… Дэбют калектыву адбыўся на калгасным сходзе і быў паспяховым.
Святлана Гінч лічыць сябе шчаслівай, бо побач з ёй людзі, якія ідуць па жыцці з песняй і нясуць слухачам сваё майстэрства, не шкадуючы сіл і часу.
– З імі лёгка, цікава працаваць. Мае дзяўчаты – Алена Рыгораўна Пічкоўская, Марыя Максімаўна Казлоўская, Ганна Пятроўна Лукашэвіч, Лідзія Канстанцінаўна Трахімік, Алена Іванаўна Варабей, Кацярына Фёдараўна Чурак, Ніна Іванаўна Дзідзенка. Нядаўна ў калектыў улілася Жанна Міхайлаўна Філіновіч. Прыемна бачыць іх усмешкі, добры настрой пасля канцэрта і тое, як яны перажываюць за агульную справу, аддаюць ёй усю душу. Безумоўна, выступленні патрабуюць шмат працы. Але гэта лёгка, калі ты любіш песню, – упэўнена яна.
У рэпертуары калектыву каля 150 песень. Галоўнае месца займаюць народныя. Думаецца, невыпадкова “Спадчына” нарадзілася менавіта тут, у Грынках, у гэтым песенным куточку Свіслаччыны. Вёска здаўна славілася звонкімі галасамі. Нездарма ў 1936 годзе вядомы фалькларыст Рыгор Шырма прыязджаў сюды запісваць народныя песні. Тыя, што ўвайшлі ў яго зборнік, па сёння гучаць у выкананні “Спадчыны”. У творчай скарбонцы калектыву таксама песні на словы паэтаў-землякоў Янкі Насуты, Івана Ламашкевіча, Сяргея Лукшы, а яшчэ прыпеўкі і музычна-гумарыстычныя мініяцюры. Часта звяртаюцца спявачкі да савецкіх аўтараў. Акрамя таго, “Спадчына” – удзельнік тэатралізацыі мясцовых абрадаў “Каравай”, “Першае купанне дзіцяці”, “Хрэсьбіны”.
Колькі існуе “Спадчына”, заўсёды разам з ёй Марыя Самалевіч, якая звыш 30 гадоў загадвала Грынкаўскім сектарам клубнай і бібліятэчнай работы, а зараз кіруе народным тэатрам-студыяй гульні “Карагод”. Як кажа Марыя Мікалаеўна, клубная ўстанова для “Спадчыны” – другі дом, дзе калектыву дапамагаюць паказаць прыгажосць і непаўторнасць народнай песні. Бадай што, ні адно мерапрыемства тут не праходзіць без іх удзелу.
– За дваццаць гадоў шмат падзей адбылося, шмат песень праспявана, шмат канцэртных пляцовак пакарылася “Спадчыне”. Увесь гэты час калектыў жыве цікавым творчым жыццём. За плячамі – безліч рэпетыцый, хваляванняў, планаў і перамог. Выступленні дзяўчат – “разыначка” ў цікавых клубных праектах. Вы б бачылі, колькі запалу было ў іх падчас правядзення інтэрактыўнай выставы “Мода з камода”! Трапілі нават на рэспубліканскае тэлебачанне! Выступалі ва ўсіх клубных установах раёна, спявалі ў розных куточках Гродзеншчыны, трапілі і на абласныя “Дажынкі”. Я ўжо не кажу пра ўзнагароды. Іх шмат. А найдаражэйшая, лічу, – гэта шчодрыя апладысменты і запрашэнне прыехаць зноў, – дадае Марыя Самалевіч.
20-годдзе – цудоўны ўзрост для калектыву: ужо склаліся традыцыі, ёсць заслужаныя адзнакі. Летась “Спадчыне” прысвоена ганаровае званне «народны». Высокая ацэнка майстэрства для творчай каманды – гонар і адказнасць, якія акрыляюць, даюць сілы і надалей працаваць для свайго гледача. Не раз яшчэ са сцэны прагучыць іх звонкае: “Так павялося ў далях жыцця – без добрае песні няма пачуцця. І сярод розных жыццёвых падзей песня яднае сэрцы людзей”.
А напрыканцы – фінальная: “Мы будзем жыць, будзем спяваць, будзем усіх людзей весяліць, бо калі ў сэрца песня ляціць, сэрцу, паверце, хочацца жыць”.
Наталля ТУРКО
Фота Марыі Самалевіч
Источник: «Свiслацкая газета», https://www.svisgaz.by/news/culture/zhytstsye-nasha-pesnyay-spavita.html
