Забытыя скарбы. Жаночыя гісторыі ў музеі Вавёркі

Жанчына – гэта невычэрпная крыніца сілы і мудрасці, ад хатняга ачага да вялікіх спраў. У 2026 годзе, які мы прысвячаем жанчыне, музей Вавёркі ў Вялікай Бераставіцы запрашае вас пазнаёміцца з нашымі экспанатамі па-новаму! Мы адкрываем галоўныя скарбы, якія праз матэрыяльныя сведчанні раскрываюць нематэрыяльную моц жаночага духу.
Гісторыя жанчыны – гэта заўсёды гісторыя любові, працы і прыгажосці. Далучайцеся да нашага падарожжа праз гады, ад прабабуляў да сённяшняга дня. Вы адкрыеце для сябе ўнікальныя прадметы, якія сёння могуць быць забытыя, але мелі вялікае значэнне для папярэдніх пакаленняў.
Кожны экспанат – гэта адгалосак цяпла жаночых рук і памяць пра тых, хто жыў і тварыў да нас.
Першы пункт прыпынку са скарбаў фондаў музея – ордэн “Працоўнай Славы” ІІІ ступені і ордэнская кніжка жанчыны – гераіні працы, маці і натхнёнай гаспадыні, якая жыве з верай ў лепшае жыццё і светлыя ідэалы.

Знаёмцеся: Вера Дзмітрыеўна Недасекава з вёскі Грыцавічы, гаспадыня сваёй зямлі. Ужо 59 гадоў яна ў працы, але галоўнае для яе – гэта любоў да роднага калгасу, што жыве ў яе сэрцы. Кажуць, што рукі працаўніка з вёскі могуць расказаць пра жыццё больш, чым любая біяграфія. Яе далоні нібы жывая кніга: у іх адбіліся і халодныя світанкі, і гарачае летняе сонца, і неўміручая любоў да зямлі, якой яна прысвяціла ўсё сваё жыццё.
Працоўная кніжка нашай гераіні – гэта не проста пералік прафесій, а сведчанне доўгага і насычанага шляху. Вера Дзмітрыеўна пачала сваю працоўную дзейнасць у 1958 годзе, стаўшы паляводам у 14 гадоў, яшчэ зусім дзяўчынкай. Тады тэхніка была вялікай рэдкасцю, і амаль усё рабілася ўручную: праполка буракоў, нарыхтоўка сена, збор ураджаю збожжавых.
“Працавалі ад ранку да вечара, не зважаючы на надвор’е”, – з усмешкай і з чуласцю распавядае жанчына.
А потым жыццё Веры Дзмітрыеўны павярнула на ферму ў Грыцавічы. Там яна тры гады працавала даяркай. Працу пачыналі ў чатыры гадзіны раніцы, цягалі цяжкія бідоны, даілі і кармілі – усё ўручную, і кожная карова была дагледжана, пад асабістай адказнасцю. Яна так любіла сваіх кароў, як маці любіць дзяцей, ведала характар кожнай. Вось чаму, напэўна, і вынікі ў яе заўсёды былі адны з лепшых па ўсім раёне.
Таксама важнай часткай біяграфіі Веры Дзмітрыеўны была праца цялятніцай. Гэта быў цяжкі абавязак, які патрабаваў значных фізічных намаганняў і вялікага цярпення. Маленькія цяляты, падобныя да дзяцей, былі капрызнымі, далікатнымі і патрабавалі пастаяннага нагляду. Вера Дзмітрыеўна клапацілася пра іх, кантралюючы кожны іх стан і прырост. Для яе гэта была не проста праца, а адказнае служэнне жыццю.
Яе, камсамолку, працавітую дзяўчыну, чые рукі ніколі не стамляюцца, а сэрца любіць родную зямлю, калгас узнагароджвае паездкай на ВДНГ. Для яе гэта не проста падарунак, а прызнанне, што яе сціплая праца ў вёсцы – гэта аснова моцы і велічы ўсёй краіны.
У 1963 годзе ўтварылася новая маладая сям’я. Вера сустрэла Юрыя, свайго будучага мужа, які пасля службы ў Савецкай Арміі застаўся працаваць у гэтым жа калгасе. Абодва яны былі каштоўнымі кадрамі. Муж, працуючы шафёрам, заўсёды быў на перадавой – падчас пасяўных, уборачных кампаній, а жонка-палявод забяспечвала аснову ўраджаю. Калгас адразу ж выдзеліў маладой савецкай сям’і новы дом. Сям’я атрымалася надзейнай, з моцным тылам: у іх нарадзіліся два сыны і дачка. Тое, што Вера Дзмітрыеўна была перадавіком на працы і любячай маці дома, сведчыць пра яе жывое ўвасабленне вобраза жанчыны-працаўніцы і моцнай сям’і.
59 гадоў працоўнага стажу – гэта лічба ўражлівае і сведчыць не толькі пра адданасць прафесіі, але і пра глыбокую прыхільнасць да роднай зямлі.


У 1986 годзе Вера Дзмітрыеўна Недасекава Ўказам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР была ўзнагароджана ордэнам “Працоўнай Славы” ІІІ ступені.
Гледзячы на яе спакойны позірк і ціхую ўсмешку, адразу разумееш, што перад табой сапраўдная гераіня нашага часу. Гэта жанчына-працаўніца, маці, захавальніца культурных каштоўнасцей. Яна не імкнулася да славы, але сваім жыццём стала жывым сведчаннем гісторыі свайго краю, сваёй Радзімы.
Нізкі паклон Вам, Вера Дзмітрыеўна! Дзякуем за Вашыя мазалі, за Вашае залатое сэрца і за той хлеб, што ляжыць на нашым стале, у які ўкладзены частка і Вашай душы.
Наталля Пачобут, навуковы супрацоўнік музея Вавёркі ў Вялікай Бераставіцы
Источник: «Берестовицкая газета», https://www.beresta.by/zabytyja-skarby-zhanochyja-gistoryi-muzei-vavjorki/
