Сваё цікавае і пазнавальнае падарожжа па глыбінках Дзятлаўшчыны працягвае калектыў сектара нестацыянарнага абслугоўвання насельніцтва раённага Цэнтра культуры і народнай творчасці. Гэтым разам завіталі ў Нагародавічы, каб павіншаваць з 80-годдзем Івана Малько.

Юбіляр – ураджэнец гэтай вёскі. Як усе сялянскія дзеці таго часу, дапамагаў бацькам даглядаць вялікую гаспадарку, на гульні і забавы проста фізічна не хапала часу. Скончыў Іван 7 класаў, апошнія два гады днём пасвіў кароў аднавяскоўцаў, а вечарамі вучыўся. Сям’і патрэбны былі грошы на будаўніцтва новага дома. Пасля школы хлопец паступіў у Гродзенскае будаўнічае вучылішча. Затым працаваў на заводзе сантэхнічных нарыхтовак, два гады адслужыў у арміі і зноў вярнуўся ў Гродна на свой завод.
Аднойчы ў выхадны дзень, гуляючы з сябрамі па парку, хлопец сустрэў аднакурсніцу Ірыну. Маладыя людзі пачалі сябраваць і праз чатыры месяцы пажаніліся. У іх нарадзілася двое дзяцей – Сяргей і Святлана, а цяпер ужо радуюць чацвёра ўнукаў, праўнук і праўнучка.
Іван вырашыў, што, каб стаць добрым спецыялістам, неабходна яшчэ набываць веды. Паступіў на завочнае аддзяленне ў Мінскі індустрыяльны тэхнікум, скончыўшы які, працаваў майстрам у будаўнічым вучылішчы ў Гродне, затым інжынерам на заводзе па выпуску аўтамагнітол, быў вопыт і ў сельскай гаспадарцы.

– У маім жыцці былі і складаныя моманты, – дзеліцца Іван Антонавіч. – На працы, ратуючыся ад пажару, прыйшлося скакаць з трэцяга паверха ў кучу жвіру, атрымаў апёкі 4-й ступені твару і рук. Вельмі дапамог пры апёках народны спосаб лячэння, можа, каму спатрэбіцца. Трэба ўзяць ліпавае лыка, нарэзаць кавалачкамі, заліць натуральным каровіным малаком і закіпяціць. Даць адвару астыць, працадзіць і, намачыўшы стэрыльны бінт, прыкладаць да апёкаў. Павязку мяняць па меры неабходнасці. І вось праз два тыдні ад апёкаў засталіся ледзь прыкметныя плямы, якія з часам наогул зніклі.
Пайшоў на пенсію ў 2006 годзе, а ў 2007-м сям’я прыняла рашэнне пераехаць на радзіму Івана ў вёску Нагародавічы, каб даглядаць састарэлых бацькоў і адзінокіх дзядзьку і цётку.
У вяснова-летні сезон яны з жонкай займаюцца агародам. З жыўнасці цяпер трымаюць толькі сабаку Рыжыка. Іван Антонавіч любіць у любую пару года рыбачыць, робіць свае рыбныя кансервы.
– Бацькі нас выхоўвалі прыстойнымі і адказнымі людзьмі. Дзе б я ні вучыўся ці працаваў, стараўся ўсё рабіць добра, – гаворыць юбіляр. – Да вучобы ў мяне былі схільнасці, напэўна, атрымаў у спадчыну ад продкаў. Мой дзядуля па бацьку быў афіцэрам у царскай арміі, другі – настаўнікам гісторыі. А мама хоць і скончыла ўсяго пяць класаў польскай школы, але ведала азбуку Морзэ, польскую і нямецкую мовы. Моладзі хочацца пажадаць больш сур’ёзна адносіцца да жыцця, вучобы і абавязкова берагчы сваё здароўе.
– Мой муж – цудоўны чалавек, добры бацька і дзядуля. Я ўдзячная лёсу за яго любоў, павагу і падтрымку, – кажа жонка Ірына Аляксееўна.

Разам з калектывам сектара прыйшла павіншаваць юбіляра і стараста вёскі Нагародавічы Таццяна Латушынская:
– Сям’я Малько адкрытая, добрая, гасцінная. У нас з Іванам Антонавічам агульнае хобі – рыбалка, таксама мы заўзятыя грыбнікі. Жадаю яму здароўя і наогул гэтай выдатнай сямейнай пары доўгіх, актыўных, шчаслівых гадоў жыцця. Няхай іх радуюць сваімі дасягненнямі і добрымі адносінамі дзеці, унукі і праўнукі.
Святлана ГРЫШЫНА
Источник: газета «Перамога», https://diatlovonews.by/hviliny-dushe-nasci-cudo-ny-chalavek-dobry-backa-i-dzyadulya/