Автор: Мiкалай Данiловiч •
Трагедыя вёскі Бабіна
•
Працяг.
На гарачым вуголлі
Правадніком першага атрада быў сын солтыса з Новай Руды. Усё рабілася таемна. Атрад ішоў не праз вёску, а праз сенажаці Грудок, Вялікую, балота Алёс, урочышча Пераходы. Другі атрад з боку Дубінкі вёў мясцовы ляснік. Расказвалі, што немцы яму не надта давяралі, таму накінулі вяроўку на шыю і трымалі перад сабой як сабаку.
Немцы не думалі, што ў партызанаў дзейнічае прадбачлівая каравульная сістэма. Воддаль ад лагера на ўзвышшы стаяў партызанскі дазорны.
Заўважыўшы, што набліжаюцца немцы, ён выстраліў угору і кінуўся ў лагер. Немцы падумалі, што перад імі ўжо партызаны і распачалі асцервянелую страляніну з аўтаматаў. Другая група немцаў, якая ішла з боку Дубінкі насустрач, успрыняла страляніну як бой з партызанамі і паспяшыла, каб сустрэць адступаючых партызанаў шквальным агнём. У хуткім часе атрымалася так, што абодва атрады немцаў стралялі адзін у аднаго.
Пасля мы даведаліся, што ў выніку перастрэлкі немцы ранілі свайго ж салдата, які ў хуткім часе памёр. Зразумела, што яны не маглі прызнаць сваю віну ў гібелі немца ў час перастрэлкі і спісалі гэта на партызанаў. А тады дзейнічаў указ: за аднаго забітага немца павінны быць пакараны дзесяць мірных жыхароў.
Выкарыстаўшы гэтую неразбярыху, партызаны зняліся з месца і падаліся праз балота (добра, што яно было замерзлае) у бок вёскі Сухары. Яны заглыбіліся на тэрыторыю Літвы, не страціўшы ніводнага чалавека.
Прайшоў некаторы час, пакуль немцы разабраліся, што страляюць па сваіх, але партызанаў ужо і след прастыў.
Мая маці Галіна Кузьмінічна ўспамінала, што назад немцы ішлі ўжо не хаваючыся, дэманстрацыйна, па дарозе праз вёску. З сабою неслі некаторыя трафеі, падушкі, коўдры, посуд і інш., як доказ разгрому партызанскага лагера. Раіса Ханевіч успамінае, шо ў вёсцы яны накіраваліся да сядзібы Волеся, магчыма, захацелі зрабіць прывал. Пасля гэтага пайшлі па дарозе ў Новую Руду. «Мы глядзелі ў акно, – апавядае Раіса Іванаўна, – і разважалі, за якія такія заслугі немцы ўважылі Волеся, што зайшлі да яго. Вечарам ён завітаў да нас і сказаў, што ўсё – Бабіна прапала. На пытанне, чаму яно прапала, ён нічога не адказаў і выйшаў». Пасля мы даведаліся, што ў выніку перастрэлкі немцы ранілі свайго ж салдата, які ў хуткім часе памёр.
Зразумела, што яны не маглі прызнаць сваю віну ў гібелі немца ў час перастрэлкі і спісалі гэта на партызанаў. А тады дзейнічаў указ: за аднаго забітага немца павінны быць пакараны дзесяць мірных жыхароў.
Жыхары Бабіна адчулі сябе як на гарачым вуголлі. Кожны дзень, кожную ноч узмацнялася трывога, адчуванне набліжэння нядобрага. Нават Каляды адсвяткавалі не так, як заўсёды, без асаблівай радасці і надзеі.
10 студзеня 1943 г. у вёску завіталі солтыс і Рыжы. Заходзілі ў кожную хату, аглядалі пакоі. Найдаўжэй затрымаліся ў хаце Рыгора Хохі.
Калі ў іх запыталі, што вы шукаеце, яны адказалі: хату пад кіно. Рыжы дабавіў па-польску фразу: «У Бабіно ютро бэньдзе кіно». На пытанне, навошта прывозіць кіно сюды, мы можам схадзіць у Новую Руду, яны нічога не адказалі. Вяскоўцы з хаты ў хату перадавалі гэтую фразу немца і думалі-гадалі, што яна можа значыць. Некаторыя выказвалі думку, што гэта намёк, каб рыхтаваліся да бяды. Трывога нарастала ў кожнай хаце. Калі дзевяцігадовая Вера заспявала песню, яе маці сказала: «Не спявай, дзеткі. Трэба плакаць, а не спяваць». Міхаіл Швед увечары, кладучы сваю дачку Раю спаць, сказаў: «Дзеткі, будзьце пакорныя, будзьце паслухмяныя. Усяго вам прыйдзецца выцерпець. Будзеш ты Івану (малодшаму брату) і за бацьку, і за маці».
Першая ахвяра
Я не раз задаваўся пытаннем, калі вяскоўцы прадчувалі бяду, то чаму не пайшлі ў лес, хаця б мужчыны. Пасля пэўных разважанняў сам сабой напрошваўся адказ. А куды ісці? Зіма, холад. Партызанскі лагер разагнаны. Пакінуць жанчын і дзяцей… То гэта значыць, дабравольна аддаць іх у заложнікі. Ды і не думалася людзям, што немцы так жорстка абыдуцца з жыхарамі.
Назаўтра чарга несці здаваць малако выпала хлопцам Віцю Хоху і Гену Хоху. Да Новай Руды яны не дайшлі. На паўдарозе, каля Вялікай гары, іх запынілі і завярнулі назад, загадалі з хаты нікуды не выходзіць. У Бабіна наехала шмат санных падводаў (стаяла халодная і снежная зіма), якімі
кіравалі мужчыны з Новай Руды. Нямецкія вартавыя ачапілі вёску.
І старых і малых сагналі ў Рыгораву хату. Паставілі усіх разам.
— Увайшоў у хату гестапавец, – ўспамінае Раіса Ханевіч. – Паклікаў: «Аляксандр Хоха!». Ён выйшаў, яны яго прапусцілі наперад і пайшлі за дзверы на ганак. Доўга не было.
Людзі стаялі можа з паўгадзіны. Не размаўлялі, бо было загадана маўчаць. Толькі маці сцішана супакойвалі сваіх малых, якія, адчуваючы нешта нядобрае, пачыналі ўсхліпваць. Цікавая дэталь, на якую ўсе звярнулі ўвагу. У гэты час у хаце палілася печ, і некалькі немцаў сталі грэць ля яе настылыя на марозе аўтаматы. Гэта яшчэ больш дабавіла трывогі, усведамлення, што бяда не міне.
Фашысты павялі Волеся ў суседнюю хату да Вінцука. Ім трэба было ўдакладніць спіс людзей, прызначаных да расстрэлу. Зайшлі на кухню. А ў суседнім пакоі праз дзверы сядзеў Міцька з вёскі Завадзічы. Ён апынуўся тут выпадкова: ехаў канём ў госці да свайго цесця Кузьмы, нічога не ведаючы, што адбываецца ў Бабіне. Перад самай вёскай яго сустрэла нямецкая варта і прапусціла, скіраваўшы да хаты Рыгора. Міцьку не далучылі да астатніх. Солтыс сказаў немцам, што гэта не тутэйшы чалавек. І яму было загадана пераседзець у Вінцука ў гэты час. Дык вось Міцька праз прыадчыненыя дзверы чуў размову на кухні. Немцы зачыталі са спіса першае імя і прозвішча. І запыталіся ў Волеся, ці меў гэты чалавек сувязь з «бандай». Волесь быў вельмі напалоханы і не змог вымавіць ні слова. Немцы прыгразілі, і ён вымушаны быў пацвердзіць правільнасць падрыхтаванага спіса.
— А потым, – успамінае Раіса Хоха, – я як сёння помню, адкрываюцца дзверы, уваходзіць Волесь уперадзе, а за ім эсэсаўцы са спіскам гэтым. Вялікі такі спісак, і стаў немец чытаць загад пад нумарам такім-та. І сказаў: «Хто не вінаваты, той будзе памілаваны, а хто вінаваты, той пойдзе «до пекел».
Паколькі размаўляць было забаронена, Марыя Хоха наступіла сваёй малодшай сястры Галі на нагу і кіўнула галавой у бок дзвярэй, каб паглядзела. Там, прыпёршыся да вушака, стаяў Волесь. Твар ад страху зямліста-шэры, і валасы стаялі дыбам. Мая маці казала, што толькі адзін раз у жыцці бачыла, што ад страху ў чалавека могуць станавіцца тарчма валасы.
Немцы рабілі выгляд, што чыняць суд па ўсіх правілах закона. Ёсць вінаватыя. Ёсць абвінавачванне. Ёсць сведка, у якасці якога быў абраны Волесь. Афіцыйна зачытваецца прысуд. За забітага немца на расстрэл прызначана 10 чалавек – таксама па правілах, адпавядаючых афіцыйнаму ўказу. Гэта ўжо пазней немцы пачалі чыніць свае зверствы, не аглядваючыся на якія б там ні было правілы, калі палілі людзей жыўцом у Шкленску, Сінім Камені, Запур’і, Пузавічах і інш.
Пасля наступіў самы напружаны момант: агучваўся спіс ахвяр. Па спісе выклікалі чалавека, ён выходзіў, і яму загадвалі перайсці ў другі пакой. Людзі зразумелі, што гэта іх апошні шлях. Вось што ўспамінае Вера Сцёпіна:
Я ніколі не забуду апошнія словы мамы: «Госпадзі! Калі ты ёсць і бачыш усё гэта, то чаму дапускаеш?!» Мы з Алёшам з горкім плачам прыціснуліся да старэйшага брата Віктара, які па-даросламу моцна сціснуў вусны і не плакаў, стараўся нас супакоіць. Але ў хуткім часе забралі і яго. Цяпер я перастала плакаць, моцна прыціснуўшы да сябе малодшага браціка Алёшку.
– Была ў хаце напружаная цішыня і чуўся толькі плач дзяцей, але маці прыціскалі іх да сябе і маўкліва супакойвалі. Помню, вывелі спачатку дзядулю (яму было каля 90 гадоў), пасля тату, а потым і маму. Ледзь адарвалі нас ад яе – яна ж абараняла траіх сваіх дзяцей: Віктара – трынаццаць гадоў, мяне – дзевяць, і малодшага брата Алёшу – шэсць гадоў. Я ніколі не забуду апошнія словы мамы: «Госпадзі! Калі ты ёсць і бачыш усё гэта, то чаму дапускаеш?!» Мы з Алёшам з горкім плачам прыціснуліся да старэйшага брата Віктара, які па-даросламу моцна сціснуў вусны і не плакаў, стараўся нас супакоіць. Але ў хуткім часе забралі і яго. Цяпер я перастала плакаць, моцна прыціснуўшы да сябе малодшага браціка Алёшку .
Заканчэнне.
Помста
Месца для расстрэлу было абрана на пагорку ў канцы вёскі пры самай дарозе, у напрамку да Святога балота, дзе размяшчаўся партызанскі лагер. Каб магіла сімвалічна нагадвала падарожнікам: вось што чакае тых, хто не падпарадкоўваецца ўладзе. Магчыма, гэтае месца дапамагала выбіраць жанчына – жонка забітага немца, «нямкіня», як казалі ў нашай вёсцы. Калі Міцька з Завадзічаў ехаў канём, яна стаяла на дарозе з каскай на галаве. Можа быць, гэта была каска забітага мужа? Яна не саступіла дарогу, зняла з галавы каску і кінула перад канём. Міцька спыніўся, злез з саней, падняў каску і падаў «нямкіні», прамовіўшы: «Прошэ, пані». Пасля гэтага яна дазволіла рухацца далей. Чаму яна так зрабіла? Напэўна, яе душу перапаўняла нянавісць да гэтага краю, да гэтых людзей, вінаватых у смерці яе мужа. І пакорлівасцю Міцькі яна хоць крыху задаволіла сваё самалюбства. «Нямкіня» хадзіла па дарозе ўзад-уперад і тады, калі вялі на расстрэл людзей, каб сваімі вачыма ўбачыць акт помсты.
Людзей выводзілі праз тыльныя дзверы веранды па два чалавекі. Большых дзяцей у гэты час адпусцілі, каб яны пайшлі дадому і ўзялі што-небудзь з яды і цяплейшага адзення. Мая маці, калі ішла да сваёй хаты, то бачыла, што першымі вывелі Аляксандра Янковіча (Шурку) і яго бацьку Сільвестра. Яна расказвала, што вялі два канваіры-забойцы. Пасля яна чула, як стралялі па два разы: «Пах-пах. Пах-пах». Відаць, другі стрэл – кантрольны. Пасля дарогай смерці ішлі сястра Марыя Хоха і яе цётка Надзя Хоха. Марыя моцна галасіла. Яе плач разлягаўся на ўсю вёску і рэхам адгукваўся ў лесе.
Трэцяй парай быў мой прадзед Павел і Уладзімір Хоха (Валадзісты). Павел кепска сябе адчуваў, таму Валадзісты падтрымліваў яго пад руку. Ідучы, Павел ціхенька сказаў Валадзістаму: «Я ўжо стары, мне так і так паміраць. А ты паспрабуй уцякаць, бо ўсё роўна заб’юць, а так хоць нейкі шанц выжыць». Валадзісты быў вопытны паляўнічы і на хаду сарыентаваўся, у якім месцы лепш даць ходу. Ён убачыў, што збоку недалёка ў лесе стаіць у ачапленні немец. Улавіўшы момант, рэзка рвануў ў бок немца, каб быць на адной лініі паміж ім і канваірамі. Тыя ўзнялі аўтаматы, але страляць не змаглі, баючыся, што заб’юць свайго. І толькі калі Валадзісты праімчаў міма немца, пачуліся аўтаматныя чэргі, але ён быў ужо за дрэвамі. Куля ўсё ж такі зачапіла ўцекача, нязначна пашкодзіўшы бядро. Гэта не замінала бегу. Валадзісты як свае пяць пальцаў ведаў мясцовы лес, накіраваўся ў глухое балоцістае ўрочышча Высокі Груд. Немцы гналіся з паўкіламетра па яго крывавым следзе. Пасля вярнуліся і, хутчэй за ўсё для свайго апраўдання, сказалі: «Здохне». Прабегшы кіламетраў тры, Валадзісты адляжаўся ў стозе сена, а пасля пайшоў да родзічаў у суседнюю вёску.
Учынку, здзейсненага
Валадзістым, карнікі ніяк не чакалі. Яны былі вельмі раз’юшаныя і не ведалі, што рабіць, як пасля далажыць начальству пра такую ганебную прамашку. І тут камусьці з іх прыйшла ў галаву думка (магчыма, жонка забітага немца падказала): за бацьку няхай адкажа яго сын. Але ж непаўналетні хлопец не зусім раўназначная замена. Значыць, трэба за аднаго забіць двух дзяцей. Ухапілі трынаццацігадовага Гену і такога ж узросту суседскага хлопчыка Віцю і метраў за пяцьдзясят ад хаты, каля буславага гнязда, па-зверску расстралялі. Затым яшчэ траіх, пазначаных у спісе. Такім чынам, замест планаваных 10 чалавек расстралялі адзінаццаць.
Сіроткі
З Новай Руды ў Бабіна было прыгнана шмат падводаў і мужчын. Пасля расстрэлу мужчынам загадалі закапаць забітых. З хатаў выносілі ўсе рэчы і грузілі на падводы. Людзі з суседняй вёскі спачувалі гору. Маці расказвала, што каля яе хаты стаяў Кудлач з Новай Руды і плакаў горкімі слязьмі.
Тым, хто не быў асуджаны на расстрэл, загадалі выйсці з Рыгоравай хаты на двор і чакаць далейшых указанняў. Праз колькі часу ўсіх адвезлі ў Новую Руду, зачынілі ў памяшканні школы для далейшага размеркавання. Там цэлы дзень сядзелі: дзеці – у адным кутку, дарослыя – у другім. Пад вечар падзялілі людзей на тры групы: першую павезлі ў Парэчча на станцыю для адпраўкі ў турму; другая падлягала высяленню з Бабіна на жыхарства ў Новай Рудзе. Трэцяя група – дзеці, якія ў выніку карнай аперацыі засталіся адны без бацькоў. Асоб з першай групы адвезлі ў Гродзенскую турму.
Сядзелі ў адзіночных камерах па 10 чалавек. Кожны дзень
допыты, неверагодныя здзекі і катаванні. Усіх мужчын у хуткім часе знішчылі. А жанчын праз паўгода адправілі ў Германію на работы. Дзякаваць Богу, пасля вайны яны вярнуліся на радзіму.
Дзеці расстраляных, а таксама адпраўленых у турму бацькоў расказвалі, што калі сядзелі ў Наварудскай школе і чакалі прысуду, пад вечар зайшлі немцы. Дарослых пасадзілі на сані і павезлі ў Парэчча, а ўсіх дзяцей выкінулі на снег. Іх лёс вырашыў солтыс – рассяліў па хатах. Успамінае Вера Сцёпіна: «Мяне з братам Алёшам пасялілі да памочніка солтыса. Сям’я была бяздзетнай. Жылі бедна, але да нас адносіліся вельмі добра, дзяліліся апошнім. Гэта быў добры, але запалоханы фашыстамі чалавек. Пра гэтую сям’ю ў мяне захаваліся самыя цёплыя ўспаміны і ўдзячнасць. Я пыталася ў яго, дзе мае бацькі, і ён адказаў, што іх пагналі ў Германію. І я стала верыць, што гэта так і што дачакаюся іх.
Мы з Алёшам спалі на печы. Аднойчы я прачнулася рана, гаспадыня запальвала печ і казала мужу: «Бедныя сіроткі, ці змогуць яны звыкнуцца і стаць нам роднымі?» І тут я ўсё зразумела, што сустрэчы з бацькамі ўжо ніколі не будзе. Вось у гэты момант, напэўна, я адчула сваю даросласць. Не падавала выгляду, што ўсё ведаю, а брату казала, што бацькі жывыя, каб ён не плакаў, і што нам ніякія іншыя бацькі не патрэбны».
Аўтарытэт Волеся
Расправіўшыся з жыхарамі Бабіна, немцы пачалі руйнаваць вёску. Падлягалі зносу ўсе будынкі, праўда, іх не палілі, а разбіралі і выкарыстоўвалі на дровы, на будоўлю ў вёсцы Парэчча. Гаспадары, выселеныя ў Новую Руду (Рыгор, Вінцук, Іван, Волесь), надумаліся выратаваць свае забудовы. Параіліся наконт гэтага з солтысам, ксяндзом Грабоўскім. Тыя абнадзеілі, што можна паспрабаваць, толькі трэба падрыхтаваць добры хабар нямецкаму начальству. Важкім аргументам для паспяховага вырашэння справы было і тое, што два гаспадары як бы давераныя асобы ва ўлады. Аўтарытэт Волеся быў у тым, што ён афіцыйна засведчыў сувязь вяскоўцаў з партызанамі, і яму даверылі пасаду асабістага фурмана нямецкага камісара. Лаяльнасць да Івана звязана з тым, што сваяк яго жонкі Фэлямэны з вёскі Хамуты служыў у немцаў. Ну а Рыгор і Вінцук быццам ніякай шкоды немцам не зрабілі. Пасля закалолі парсюка і большую частку завезлі начальству ў Парэчча. Дыпламатам у гэтым быў солтыс. І начальства купілася. Дазволіла пакінуць цэлымі чатыры хаты і будынкі вакол іх, але без пражывання. Можна было толькі апрацоўваць зямлю. Такім чынам, з усіх дамоў у Бабіне ўцалелі толькі чатыры, якія стаяць і сёння. Ад астатніх каменя на камені не засталося. Нават не пакінулі дрэваў і кустоў у садзе, якія можна было выкапаць…
У час акупацыі вёскі Бабіна палова жыхароў – дваццаць чатыры з пяцідзесяці сямі – загінула, а астатнія, хто застаўся ў жывых, з жахам узгадваюць мінулае.