Афганістан у маім лёсе

Афганістан у маім лёсе

Толькі на мяжы жыцця і смерці можна цалкам ацаніць, што такое жыццё, навучыцца шанаваць кожнае яго імгненне, якім бы звычайным яно ні здавалася. Кошт жыццю ведае навагрудчанін Вячаслаў Станіслававіч Каралёў – адзін з тых, хто з гонарам і годнасцю выканаў інтэрнацыянальны абавязак. Яму, васямнаццацігадоваму юнаку, давялося трапіць у бязлітаснае полымя Афганістана. Ён, як і большасць воінаў-інтэрнацыяналістаў, з болем успамінае падзеі тых гадоў.

(Матэрыял з архіва рэдакцыі, быў надрукаваны ў газеце №13 за 14 лютага 2018 года)

Забягаючы наперад, не магу не адзначыць адну акалічнасць, якая мяне вельмі ўразіла падчас нашай размовы з Вячаславам Станіслававічам Каралёвым. У Афганістане ён знаходзіўся два гады – з красавіка 1987 па люты 1989. На працягу ўсёй яго службы там мама Соф’я Цімафееўна і тата Станіслаў Фёдаравіч не ведалі, дзе служыць іх сын. Вячаслаў пісаў матулі пісьмы часта, у кожным расказваў пра мірную службу ў пагранічных войсках. І нават калі ён вярнуўся дадому пасля вываду войск з Афганістана і расказаў пра сваю сапраўдную службу, мама не паверыла. Вось гэта прыклад сыноўняй любові! І хутчэй за ўсё менавіта гэта любоў адво­дзіла ад Вячаслава Станіслававіча кулі, небяспеку, якія падсцерагалі неаднаразова яго падчас службы ў Афганістане.

– Нарадзіўся і вырас я ў Навагрудку. Як і ў многіх юнакоў, спачатку была школа, затым вучыўся ў Навагрудскім ПТВ, нават паспеў папрацаваць да арміі месяцаў чатыры ў сельгасхіміі. У лістападзе 1986 года быў прызваны ў пагранічныя войскі ў Сярэднюю Азію, – расказвае Вячаслаў Станіслававіч. – Служыць быў накіраваны ў горад Керкі ў Туркменію. Там прайшлі чатыры месяцы вучэбкі, стаў вадзіцелем БТРа. Тата прыязджаў на прысягу да мяне ў Керкі.

У красавіку 1987 года пасля вучэбкі на верталётах нас даставілі ў горад Мейменэ, што на поўначы Афганістана недалёка ад мяжы з Туркменіяй, цэнтр правінцыі Фар’яб. Размешчаны Мейменэ за 400 км (паўночны захад)  ад сталіцы Афганістана – Кабула. Трапілі мы ў першую манеўраную групу, атрад БТРшчыкаў. Жылі адразу ў зямлянках, спалі на двух’ярусных ложках, а часцей у акопах. За два гады службы можа толькі паўгода і паспаў на ложку, – гаво­рыць В.С. Каралёў. – Па першым часе цяжка было прывыкнуць да клімату: днём вышэй за 50 градусаў, спякота, а ноччу – холадна. Асабліва запомніліся першыя аперацыі, у якіх я ўдзельнічаў. Тады страху не было наогул, можа быць, з-за ўзросту ці таму, што не разумелі, куды трапілі. Мы не ведалі, што нас чакае, не маглі ацаніць усёй небяспекі сітуацыі. Усведамленне прыйшло пазней, – гаворыць Вячаслаў Станіслававіч Каралёў. – Гэта ў фільмах паказваюць, як кулі свішчуць, а на самай справе кулі не свішчуць. Сваю кулю ты не пачуеш …

Хутка, праз два тыдні, з Майменэ нас перакінулі ўжо далей, на поўдзень, у горад Файзабад. У асноўным мая задача заключалася ў ахове мяжы, а таксама ў правядзенні калоны, бо ў мяне быў сапёрны БТР. Мой БТР часцей за ўсё ішоў першы. Тут, у Файзабадзе, захварэў я на брушны тыф 2 ступені. Тэмпература паднялася адразу высокая, урачы не ведалі, што са мною. У нас часта хлопцы хварэлі. Вады не было, дзе рэчку пераходзілі, там і бралі ваду. Быў і свой калодзеж, але ён вельмі хутка высыхаў. З санчасці накіравалі на верталёце аднаго ў аэрапорт, а затым у Душанбэ ў шпіталь. Праляжаў месяц там, за гэты час 168 кропельніц, здаецца, зрабілі. Аднак праз месяц вярнуўся назад на службу.

– Сярод калег былі землякі – Віктар Чарнявін, навагрудчанін, родам з Горнай Руты, Уладзімір Шыпуля – з Віцебска. Можа, таму лягчэй пераносілася туга па Радзіме, па родным доме, па бацьках… Служыць давялося мне і з украінцамі, рускімі, казахамі. Былі і таджыкі, і турк­мены – яны ў асноўным былі перакладчыкамі, – гаворыць В.С. Каралёў.

Службовыя абавязкі Вячаслаў Станіслававіч выконваў сумленна, аб гэтым гаворыцца ў артыкуле з ваеннай газеты, які захоўвае воін-афганец у сваім армейскім альбоме. «Служыць у нашым падраз­дзяленні радавы Вячаслаў Каралёў. Гэта адзін з тых салдат, які гатовы ахвяра­ваць асабістым дзеля агульнай справы. У на­дзейнасці і баявым майстэрстве радавога Каралёва мы ўпэўнены. Вячаслаў – удзельнік баявых дзеянняў, правераны ў небяспечных і цяжкіх сітуацыях спецыяліст… Не было такога выпадку, каб яго машына была ў няспраўным стане. Гэта дасягаецца тым, што ён заўсёды своечасова і ўмела праводзіць тэхнічны рамонт тэхнікі».

Аднак падчас нашай размовы Вячаслаў Станіслававіч адзначае і тое, што быў такі выпадак, калі машына выйшла са строю. Напэўна, так патрэбна было, бо якраз у гэты дзень другі БТР, які пайшоў на заданне, быў абстраляны, наводчык загінуў. Вельмі перажываў Вячаслаў, што загінуў яго сябар Уладзімір Шыпуля, з якім разам прызываліся. Аднак пазней даведаўся, што ён застаўся ўжывых.

– Такі жаль мяне ахапіў тады, – не стрымліваючы слёз успамінае гэты жудасны выпадак мужчына. – Гэта ж ён паехаў за мяне, і было гэта ўжо напярэдадні вываду войск. Ужо пазней, калі даведаўся, што сябар жывы, вельмі абрадаваўся.

Гартаем разам з Вячаславам Станіслававічам яго армейскі альбом, і ён падрабязна расказвае пра кожны свой выезд, пра саслужыўцаў. Тых, хто не дажыў да вываду войск з Афганістана, успамінае з болем. Неаднаразова і Вячаслава Станіслававіча выратоўвалі сябры і ён выратоўваў аднапалчан і камандзіраў. Узгадаў ён і той страшны абстрэл, падчас якога, рызыкуючы сваім жыццём, выратаваў раненага камандзіра Казакова. Яго пазней на верталёце даставілі ў Ташкент, але пасля аперацыі камандзір не прыйшоў у сябе. Цяжкае раненне было ў яго, несумяшчальнае з жыццём.

– У маю манеўраную групу перадалі, што загінуў і я падчас гэтага абстрэлу калоны, што падбілі мой БТР. Калі ж мяне ўбачылі жывым, хлопцы плакалі, па-мужчынску стрымана, але слёз не хавалі. Менавіта ў арміі зразумеў кошт сяброўства, – гаворыць Вячаслаў Станіслававіч. – Афганістан для многіх стаў месцам цяжкіх выпрабаванняў, але нас аб’ядноўвала братэрская дружба. Ведалі, што ў любой сітуацыі сябар і калега ніколі цябе не пакіне. Часта з саслужыўцамі сустракаліся адразу пасля вяртання дадому. Сёння часцей размаўляем па скайпе, – дадае Вячаслаў Станіслававіч.

За баявыя заслугі В.С. Каралёў адзначаны не адным медалём і не адной граматай: ёсць у яго медаль «За адвагу», а вось Ордэн Чырвонай Зоркі за выратаванне камандзіра да яго не дайшоў.

– Мірнае жыццё пачалося ў мяне 23 лютага 1989 года, калі вярнуўся дадому, – дадае Вячаслаў Станіслававіч. – Пасля арміі адразу на працу ўладкаваўся ва­дзіцелем у бальніцу. Затым галоўны санітарны ўрач Л.Ф. Мялешка паклікаў працаваць вадзіцелем у санстанцыю. Там і пазнаёміўся з будучай жонкай Вольгай Зігмунтаўнай. Зараз разам радуемся поспехам нашай ужо дарослай дачушкі Ліліі. Працаваў я затым інкасатарам у банку, зараз працягваю свой працоўны шлях вадзіцелем у РУП ЖКГ. Вольны час праводжу часцей за ўсё з сям’ёй.

Напярэдадні Дня памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў хачу ад усёй душы пажадаць моцнага здароўя, аптымізму, дабрабыту, заўсёды толькі мірнага неба над роднай беларускай зямлёй усім сваім саслужыўцам, хто добрасумленна выконваў свой грамадзянскі і воінскі абавязак, – дадаў В.С. Каралёў.

* Размяшчэнне фатаграфій можа адрознівацца ад часовых перыядаў жыцця ўдзельнікаў праекта.

Вольга Пісар, «НЖ»

 

 

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

*
*
Website