Дзень Незалежнасці астраўчане адзначылі разам
Кульмінацыйная частка святкавання Дня Незалежнасці і 75-годдзя з дня вызвалення Рэспублікі Беларусь і Астраўца ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў разгарнулася на галоўнай сцэне, устаноўленай у цэнтры горада.
– Сёння нашы грамадзяне жывуць у мірнай незалежнай краіне. І гэта дарагога каштуе – беларусы дзеля Перамогі аддалі свае жыцці. Падчас вайны загінуў кожны трэці жыхар нашай краіны. Сёння ў адзіным страі ва ўрачыстасцях удзельнічае ўвесь раён. Людзі павінны помніць пра вайну, каб перадаць праўду пра яе будучым пакаленням і больш не дапусціць такой жудаснай трагедыі, – адзначыў старшыня райвыканкама Ігар Шалудзін.
Падчас урачыстасці ён уручыў медалі «75 год вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў» ветэрану Вялікай Айчыннай вайны Ягору Александровічу і вязням канцэнтрацыйных лагераў Ніне Маргуж, Таццяне Волкавай і Ніне Мілідовіч.
Падзяліць радасць разам з астраўчанамі ў юбілейны год вызвалення нашага горада ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў у Астравец прыбыла дэлегацыя з польскага горада-пабраціма Лідзбарк-Вармінскага.
– Я рады, што ўдзельнічаю ў гэтым прыгожым свяце і ўдзячны за запрашэнне, – сказаў стараста Лідзбарскага павета Ян Хархай. – Тым больш што для нашай краіны гэта таксама вялікае свята. Ужо 11 гадоў мы падтрымліваем сувязі з Астраўцом і марым наладзіць сяброўскія адносіны паміж моладдзю нашых краін. Шчыра віншую ўсіх са святам, жадаю сонца і весялосці. Усяго вам найлепшага!
Міру і дабра пажадала ўсім старшыня раённага савета ветэранаў Ірына Шляхтун. Лепшыя творчыя калектывы раёна, маладыя і ўжо добра вядомыя артысты Астравеччыны сталі ўдзельнікамі святочнага канцэрта і падарылі астраўчанам і гасцям горада добры настрой. Песні гараджанам адрасаваў і вядомы беларускі выканаўца Георгій Калдун.