Ён вярнуўся ў горад, які вызваляў

Гэты матэрыял паводле ўспамінаў чалавека-легенды – Мікалая Мікалаевіча Юр’ева – быў напісаны значна раней, калі здароўе яшчэ не падводзіла ветэрана, а памяць захоўвала мноства ваенных эпізодаў. Нам здаецца, што гэта гісторыя мужнага франтавіка, палкавога разведчыка з кагорты рэальных вызваліцеляў нашых мясцін, які і сёння жыве ў Шчучыне, выкліча цікавасць у чытачоў “Дзянніцы”.
У семнаццаць юначых гадоў ён штурмаваў маскоўскі ваенкамат з просьбай, ды не – нават з патрабаваннем выпісаць павестку на фронт. Стомлены афіцэр незласліва адмахваўся:
– Без цябе там хапае. Зразумей, хлопча, на авіяцыйным заводзе ад цябе куды большая карысць Радзіме. Працуй пакуль.
Але калі паўстала пытанне аб эвакуацыі завода са сталіцы, Мікалай у жніўні 1941-га ўсё ж папоўніў калону навабранцаў, якую адпраўлялі на Далёкі Усход. Аднак не суджана было “марскім воўкам” стаць. У хуткім часе сёмую марскую брыгаду перакінулі на абарону Белакаменнай. Так Мікалай Юр’еў трапіў у склад легендарнай 50-й арміі, i потым, як бы яго не круціла ў крывавым віры вайны, якімі б раненнямі і доўгімі шпітальнымі буднямі не адштурхоўвала ад сяброў-аднапалчан, усё адно ажно да самага заканчэння Вялікай Айчыннай быў трывалай нітачкай звязаны са “сваёй” 50-й арміяй.
Самымі пякельнымі аказаліся першыя схваткі з лютым ворагам: абарона Тулы, Калугі, Юхнова, фарсіраванне рэк Зушы і Жыздры, вызваленне Кірава, Жукава, Почэпа. Зараз Мікалаю Мікалаевічу Юр’еву i самому не верыцца, як можна было выйсці жывым з тых д’ябальскіх мясарубак, што падстройвала на кожным кроку вайна. Успаміны ягоныя горкія:
– Ёсць пад Бранскам такі гарадок – Карачаў, стаіць на рацэ Дзясне. Яго доўга не маглі адбіць у немцаў. I вось нашу брыгаду з 50-й арміі накіравалі туды. Не перадаць, якім жорсткім быў бой. 3 9 тысяч чалавек засталіся ў жывых усяго 900. Гэта жудасна, але наступалі па трупах у самым прамым сэнсе. Горад, аднак, узялі…
Пяць раненняў і дзве кантузіі за гады Вялікай Айчыннай вайны. Пасля чарговай бамбёжкі зусім адняло мову. Толькі працяглае лячэнне дало вынік: змог зноў загаварыць. I адразу ж … збег са шпіталю на фронт. Маўляў, i так зашмат адпачываў.
Калі адбіралі самых адважных i кемлівых байцоў для агульнавайсковай разведкі, выбар спыніўся і на Мікалаі Юр’еве. Дзякуючы вучобе ў Тушына на кароткатэрміновых афіцэрскіх курсах у 1942-м ён быў ужо старшым лейтэнантам, а вайну заканчваў капітанам.
Кажуць, каб перамагчы ворага, трэба яго перш за ўсё добра ведаць. Вельмі няпроста гэта – быць вачыма i вушамі арміі. Мікалаю Мікалаевічу, аднак, даводзілася не проста хадзіць у разведку, але i браць на сябе адказнасць за лёсы cвaix падначаленых, вырашаць складаныя баявыя задачы. Служыў у палкавой разведцы, дзе займаў пасаду намесніка начальніка штаба па разведцы, быў камандзірам дывізіённай разведроты, дзейнічаў у складзе батальёна па асобых даручэннях.
Якіх толькі выпадкаў – гераічных, трагічных і нават кур’ёзных – не давялося перажыць на вайне.
–    Неяк на світанку падкраліся мы да траншэй праціўніка, – узгадвае былы разведчык, – прамацалі міны, прарэзалі дрот і бачым, што пуста – няма нікога. Ціхенька рушылі па траншэях далей і наткнуліся на зямлянку. Перад самым уваходам у яе два бітоны стаяць са спецыфічным такім, свойскім пахам … самагонкі. Узяць пад канвой тузін п’яных у драбадан фрыцаў не выклікала складанасці. Для падстрахоўкі мы немцам абрэзалі ў сподніках тасёмкі i, абалваненыя выпітым, яшчэ хістаючыся i абедзвюмя рукамі ўтрымліваючы падштанікі, яны панікла пляліся пад раскацісты рогат нашых салдат.
– Я ж вас прасіў аднаго “языка” прывесці, а вы мне — што? – ледзь стрымліваючы смех, прамовіў камандзір.
– Вось і выбірайце самага красамоўнага з ycix дванаццаці, — жартавалі ў адказ разведчыкі.
– Вядома, не заўсёды так проста і лёгка ўдавалася выканаць ваенны загад, – заўважае ветэран. – Не толькі мы, але і нас, бывала, перахітроўваў каварны вораг. 3 кожнай вылазкі вярталіся ў лагер без аднаго-двух сваіх баявых таварышаў. Разведка – справа не для слабадушных…
Міжволі мой погляд упаў на пакалечаную руку Мікалая Мікалаевіча, дакладней, на тое, што засталося ад ягонай далоні.
–    А-а, гэта? Сумны напамінак пра падзеі ля ракі Проні. Таксама прабіраўся па, здавалася б, пустой варожай траншэі, і тут, на згібе, нос у нос сутыкнуўся з праціўнікам. Абодва мы з аўтаматамі, у абодвух у вачах застыла аднолькавая думка: ці ты мяне – ці я цябе? Трэцяга ў такой сітуацыі не дадзена. Я паспеў пяцярнёй схапіць і адвесці ад сябе ствол ягонага аўтамата. Сінхронна прагучаў выстрал, але я ўжо ўсадзіў у непрыяцеля фінку. Той паплаціўся жыццём, я – рукой. Жудасная рэч – вайна.
Першымі з беларускіх гарадоў, што давялося вызваляць Мікалаю Мікалаевічу Юр’еву, былі Хоцімск, Крычаў, Быхаў, Чавусы, Магілёў… Пасля вызвалення Мінска частка 50-й арміі з пераможнымі баямі рухалася на Гродна, а астатнім, у ліку якіх і апынуўся капітан Юр’еў, прадстаяла яшчэ ліквідаваць бабруйскую групоўку ворага і толькі потым накіравацца на Навагрудак. Гэта была вельмі складаная задача. Дарэчы, у яе паспяховае вырашэнне значны ўклад унеслі разведчыкі і асабіста камандзір разведроты Юр’еў.
Хто б мог падумаць тады, што карэннаму масквічу Мікалаю Юр’еву праз дзясяткі год наканавана будзе жыць у Шчучыне – горадзе, які ён таксама вызваляў, а перад гэтым – пераехаць са сталіцы СССР у Гродна, які ўпершыню ўбачыў у 1944-м вачыма воіна-вызваліцеля?!
Перамога застала Мікалая Юр’ева ў Кёнігсбергу. Медаль за ўзяцце гэтага горада не меней для яго дарагі, чым “За абарону Масквы”. А самая першая ўзнагарода – ордэн Чырвонай Зоркі – найкаштоўнейшая. Як прызнаецца сам франтавік, тады, у 41-м, яшчэ не надта шчодра давалі такія ўзнагароды. У выніку ваенных аперацый і асабістых заслуг М.М. Юр’еў стаў кавалерам ажно трох ордэнаў Чырвонай Зоркі і ордэнаў Айчыннай вайны І і ІІ ступеняў. Гэта даніна вялікай павагі да Вялікага чалавека, які не шкадаваў свайго жыцця, дастойна і годна крочыў доўгай дарогай вайны, здабываючы Перамогу, несучы вызваленне.
Таццяна СТУПАКЕВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

*
*
Website